Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Юры Чыж і яшчэ 20-30 чалавек могуць патрапіць у чорны сьпіс Эўразьвязу»


Карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк камэнтуе спрэчкі па беларускім пытаньні, якія адбываюцца ў структурах Эўразьвязу.

Юзьвяк: «Паводле маіх крыніцаў, у панядзелак урэшце будуць ухвалены санкцыі на 20-30 чалавек, уключна з начальнікам менскай міліцыі ды іншымі. Але сытуацыя вакол уключэньня ў сьпіс бізнэсоўца Юрыя Чыжа застаецца няпэўнаю.

Напачатку былі пытаньні, што Славенія з гэтым не пагодзіцца і можа заблякаваць такое рашэньне, бо, скажам так, мае бізнэсовы інтарэс у Менску. Але іншыя краіны — Польшча, Нямеччына, Швэцыя, якія займаюць вельмі цьвёрдую пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі, сапраўды хочуць дамагчыся, каб Славенія перагледзела сваю пазыцыю.

Гэта абмяркоўвалася апошнія чатыры тыдні, і раптам учора Славенія выступіла з пагрозай вэта. Я насамрэч лічу, што новыя імёны будуць дададзеныя ў гэты сьпіс, але невядома, ці будзе там прозьвішча Чыжа. Агулам гэта амаль дзьвесьце пяцьдзесят прозьвішчаў. У панядзелак ранкам гэтае пытаньне яшчэ маюць абмеркаваць дыпляматы, і яны дадуць рэкамэндацыі міністрам замежных спраў.

Другая рэч, якая здарыцца — новы шлях, праграма дыялёгу зь беларускім грамадзтвам. У панядзелак ранкам гэтае пытаньне яшчэ маюць абмеркаваць дыпляматы, і яны дадуць рэкамэндацыі міністрам замежных спраў.

Яны запросяць прадстаўнікоў апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, але таксама і прадстаўнікоў рэжыму да ўдзелу ў розных сэмінарах пра тое, што Эўразьвяз можа прапанаваць Беларусі, калі тая пойдзе іншым шляхам. Размовы пра прыватызацыю, рэформу судовай сыстэмы, пра правы чалавека і гэтак далей. Гэта мае пачацца ў Варшаве ў сярэдзіне сакавіка, потым працягнецца на іншай канфэрэнцыі ў Брусэлі ў канцы сакавіка. То бок будуць пастаянныя сэмінары, на якіх беларусам пакажуць, як працуе Эўразьвяз.

Карэспандэнт: То бок з аднаго боку, яны дадуць беларускай улады поўху, а з другога зноў працягнуць руку для дыялёгу?

Юзьвяк: Так, гэта знакамітыя пуга і пернік. Эўразьвяз называе гэта двухбаковым альбо "дзьвюхкаляінавым падыходам" (double-track approach). Яны хочуць з аднаго боку пакараць так бы мовіць "кепскіх хлопцаў", якія адказныя за рэпрэсіі супраць беларусаў, але зь іншага боку ня хочуць ізаляваць Беларусь і звычайных грамадзян. Яны хочуць паказаць, што Эўразьвяз па-ранейшаму працягвае руку тым, хто гатовы да супрацоўніцтва.

Карэспандэнт: А адкуль гэтая інфармацыя пра новую праграму дыялёгу?

Юзьвяк: З крыніцы ў Эўразьвязе, якая на высокім узроўні займаецца замежнай палітыкай.

Карэспандэнт: Раней гаварылася, што сьпіс неўязных пашыраць больш чым на 130 прозьвішчаў. Вы называеце значна меншую лічбу.

Юзьвяк: Калі гэта будзе прынятае ў панядзелак, што хутчэй за ўсё адбудзецца, дык гэта будзе сьпіс на 20-30 прозьвішчаў. Тут дзьве прычыны. Па-першае, часам адну і тую з асобу называюць некалькі разоў з-за розьніцы ў напісаньні прозьвішча ў перадачы з кірыліцы на лацініцу. Па другое, як я зразумеў, яны ня хочуць у адзін момант рабіць такое значнае пашырэньне "вялікім выбухам", а хочуць пашыраць яго паступова. Бо беларускае пытаньне будзе паўставаць кожны месяц на сустрэчы міністраў замежных справаў. То бок яны паступова будуць ужываць больш пернікаў і больш бізуна. Застаецца пытаньнем, ці спрацуе гэта.

Карэспандэнт: Некалькі тыдняў таму Вольга Стужынская з "Офісу за дэмакратычную Беларусь" выступіла з прапановай перагледзець сьпіс неўязных, унесьці ў яго зьмены. Гэтая прапанова выклікала вялікія спрэчкі. Шмат якія дэмакратычныя актывісты ў Беларусі крытыкавалі гэтую прапанову. Яны казалі, што сьпіс нельга скарачаць, а можна толькі пашыраць.

Юзьвяк: Яна ў нечым мае рацыю. Гэтыя сьпісы складаюцца амбасадамі краінаў Эўразьвязу ў Менску. Часам яны ня маюць дакладнай інфармацыі пра тое, хто насамрэч гэтыя людзі. Быў напрыклад выпадак, калі ў сьпіс патрапіў ужо памерлы судзьдзя. Таму меў бы сэнс перагляд таго, хто гэтыя людзі, што яны робяць і ці павінныя яны быць у сьпісе. Але зь іншага боку беларускія дэмакратычныя актывісты без сумневу правыя ў тым, што ёсьць людзі, якія ня ў сьпісе, але павінныя там быць. Аднак яна мае рацыю ў тым, што асобы не заўсёды патрапляюць у сьпіс у выніку сур'ёзнага дасьледаваньня. Гэта выклікана недахопам кадраў Эўразьвязу, якія б працавалі на месцы, у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG