Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Верай і праўдай служыў бальшавікам, а яны яго расстралялі…»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

У пошце «Свабоды» на працягу апошніх тыдняў заўважна больш стала допісаў на тэму парлямэнцкіх выбараў, што маюць адбыцца ў Беларусі сёлета ўвосень.

Відавочна, цікавасьць узрасла ў сувязі з тым, што сярод грамадзка актыўных людзей разгарнулася дыскусія наконт мэтазгоднасьці байкоту выбараў, вынік якіх для многіх у сёньняшняй Беларусі відавочны ўжо цяпер.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Мікалай Рыбакоў з пасёлка Копысь Аршанскага раёна піша:

«У Беларусі, як вядома, выбараў даўно ўжо няма. Як у той прыказцы: „Галасуй, не галасуй“ — усё адно атрымаеш… вядома што. Асабіста я вось ужо дзесяць гадоў усе выбары байкатую. Падчас апошняй выбарчай кампаніі ледзь ня даў пендаля некаторым асобам з выбарчага ўчастку (так, як гэта зрабіў Фядута датычна Рымашэўскага).

Года паўтара таму ў „Званках на Свабоду“ я прапаноўваў усталяваць на ўсіх выбарчых участках відэакамэры. Вось цяпер Расея скарысталася маёй прапановай. Але ж кошт які — 15 мільярдаў расейскіх рублёў. Гэта пры тым, што ў Расеі столькі жабрацтва!.. Але ж вельмі хочацца Пуціну, каб выбары ў сьвеце прызналі легітымнымі…
Раніцай а восьмай гадзіне займаюць удзельнікі акцыі адразу ўсе кабіны — і застаюцца там да вечара. Вось гэта было б шоў!

Што да нашых выбараў, то цяпер вядзецца шмат дыскусій — ці ісьці на іх. Асабіста я галасаваць ня буду. Але ж у некаторых у апазыцыі такое жаданьне ёсьць. Я вось думаю — а ці не наладзіць нешта кшталту акцыі пад умоўнай назвай „Акупуй выбарчы ўчастак“? У заканадаўстве ж нідзе ня вызначана, колькі часу выбаршчык можа знаходзіцца ў кабіне для галасаваньня. А зайсьці туды ніхто іншы ня мае права. Дык вось: раніцай а восьмай гадзіне займаюць удзельнікі акцыі адразу ўсе кабіны — і застаюцца там да вечара. Вось гэта было б шоў! І што ў такім разе рабіць выбарчай камісіі і міліцыянтам? Ніхто ж нічога не парушае…».

А хіба парушалі якія-небудзь законы тыя маладыя людзі, якія пляскалі ў далоні на плошчы? Альбо тыя аўтамабілісты, якія, пратэстуючы супраць росту коштаў на паліва, выстройваліся ў чэргі на аўтазапраўках? Апазыцыянэраў, якія наважацца затрымацца ў кабінах для галасаваньня, вельмі хутка гвалтам выцягнуць адтуль, надаюць кухталёў і кінуць «на суткі» ў турму. Пры гэтым ніхто асабліва ня будзе азірацца на адсутнасьць адпаведных нормаў заканадаўства. Заўсёды можа знайсьціся сьведка, які пацьвердзіць, напрыклад, тое, што затрыманы нецэнзурна лаяўся ў кабіне для галасаваньня альбо спрабаваў справіць там малую патрэбу…


Аўтар наступнага ліста Георгі Воліч з Маларыты разважае пра тое, чаму беларусы не дамагліся пабудовы дэмакратычнай і свабоднай дзяржавы. Слухач піша:

«Дзякуй вам за праўду, якой улада Беларусі ў асобе аднаго ўсім вядомага палітыка баіцца. Усе тыя падзеі, якія зараз адбываюцца ў нашай краіне, — гэта сапраўдны зьдзек. Я не адчуваю, што жыву ў незалежнай дэмакратычнай краіне. Уражаньне такое, што ў нас усталявалася дэспатыя, і зьмяніць уладу пры цяперашняй сыстэме немагчыма.

Дзіўна. Усе мы памятаем, як Лукашэнка, паклаўшы правую далонь на Канстытуцыю, абяцаў сьвята выконваць яе, абараняць правы чалавека. А пасьля гэту ж Канстытуцыю ён некалькі разоў перапісаў, а правы чалавека ў нас парушаюць на кожным кроку, і ніводзін чыноўнік не нясе за гэта ніякай адказнасьці.

Народ Беларусі падчас вайны за кожны мэтар сваёй зямлі кроў праліваў. А Лукашэнка прадае гэтую зямлю Расеі толькі дзеля таго, каб утрымацца на троне.

19 сьнежня 2010 году Лукашэнка хаваўся ад народу за сьпінамі „амонаўцаў“, а людзей, якія ішлі на Плошчу, называў адмарозкамі ды казламі. Напэўна, у ягоным разуменьні, сапраўдны народ — гэта тыя, хто абслугоўвае яго ды ягоных сыноў. Але ў сапраўднасьці ўсё зусім наадварот».

Думаю, спадар Георгі, вы агучылі думкі многіх і многіх людзей у сёньняшняй Беларусі. Цяжка, аднак, пагадзіцца са сьцьвярджэньнем, што беларускае грамадзтва выступае толькі ў ролі бязьвіннай і бездапаможнай ахвяры аўтарытарнага рэжыму. Схільнасьці, памкненьні і сапраўдныя палітычныя мэты Лукашэнкі добра былі бачныя яшчэ ў ’94-м годзе, калі права выбару беларусы яшчэ мелі, калі іхныя галасы нешта значылі. За той свой выбар грамадзтва разьлічваецца і па сёньня. І дамагчыся рэальных зьменаў у сваёй дзяржаве можа і павінна, абапіраючыся галоўным чынам на ўласныя сілы. Ніхто звонку прынесьці беларусам свабоду і дэмакратыю ня здольны. Так што рана ці позна беларусам давядзецца ўзяць на сябе ня толькі ролю ахвяры ва ўласнай гісторыі.


Наш слухач Алесь Раткевіч зь Вілейскага раёну апісвае драматычную біяграфію свайго бацькі — звычайнага жыхара заходнебеларускай вёскі, якому наканавана было прайсьці праз сталінскі ГУЛАГ. Спадар Алесь піша:

«Нарадзіўся мой тата Аляксандар Раткевіч пры Польшчы ў 1918 годзе ў вёсцы Чарвякі Вілейскага павету, Хаценчыцкай гміны. Калі яму было тры гады, застаўся бяз бацькі, які памёр ад тыфу. Бабулі Паўлінцы давялося адной гадаваць пяцёх дзяцей. Нягледзячы на сялянскую беднасьць і сіроцтва, бацьку ўдалося скончыць чатыры клясы польскай школы. Жыла сям’я за кошт сваёй працавітасьці на невялікім кавалачку зямлі. Бабуля Паўлінка яшчэ добра валодала кравецкай справай. Кожны зь дзяцей па сваіх здольнасьцях паступова набываў навыкі ў працы. Цётку Мар’ю і дзядзьку Адольку больш цягнула да зямлі і да небагатай асабістай гаспадаркі. Цётка Манька з маленства служыла ў Брыцкім на польскай стражніцы прачкай. Дзядзька Юзя змалку цягнуўся да кавальскай справы, стаў кавалём у кузьні пана Бароўскага. Бацьку вабіла дзедава прафэсія сталяра, якую ён ня кідаў аж да апошніх сваіх дзён.

Сям’я мацнела, будаваліся пляны на будучыню. Ўсе спадзяваньні і мары зруйнаваліся ў верасьні 1939 году, калі бальшавіцкае войска перайшло мяжу, якая знаходзілася за васямсот мэтраў на ўсход ад вёскі, акурат за рэчкай Вепраткай. Панскія маёнткі, сьпіртзавод у Лукаўцы былі абрабаваныя бальшавікамі. А тых гаспадароў, хто не пасьпеў уцячы, арыштавалі. Бальшавіцкія прапагандысты агітавалі мясцовых жыхароў да супрацоўніцтва з новай уладай. Распавядалі пра «цудоўнае» жыцьцё і «вялікія» заробкі ў савецкай краіне, асабліва на Далёкім Усходзе. Нямала маіх землякоў клюнулі на гэтую хлусьлівую бальшавіцкую прынаду. Шмат хто зь іх, добраахвотна завербаваўшыся і зьехаўшы ў «казачную» краіну саветаў на «вялікія» заробкі, пазьнікалі бесьсьлядоўна.

Мне па сёньняшні дзень невядома, як мой бацька яшчэ да вайны апынуўся на Далёкім Усходзе. Пра гэта ён ніколі не расказваў. Шчыра кажучы, я тады і ня вельмі цікавіўся яго мінулым. Дый пры саветах на такую цікаўнасьць была накладзена забарона. А калі пра што такое размаўлялі, то толькі шэптам. У бацькі амаль на ўсе пытаньні заўжды быў адзін адказ: «Менш ведаеш — спакайней жывеш. Не хачу, каб мой лёс паўтаралі мае дзеці».
Памятаю, як паштальён прынёс бацьку паведамленьне аб рэабілітацыі, у якім ані слова не было ня тое што пра якую-небудзь кампэнсацыю, а нават ніхто ня выказаў прабачэньня. Прачытаўшы яго, бацька прама на вачах паштальёна парваў той аркуш на дробныя кавалачкі, і ашмёткі шпурлянуў у печ.
Нават пасьля рэабілітацыі, у 1966 годзе, бацька не рашаўся цалкам усё расказваць. Памятаю, як паштальён прынёс бацьку паведамленьне аб рэабілітацыі, у якім ані слова не было ня тое што пра якую-небудзь кампэнсацыю, а нават ніхто ня выказаў прабачэньня. Прачытаўшы яго, бацька прама на вачах паштальёна парваў той аркуш на дробныя кавалачкі, і ашмёткі шпурлянуў у печ. Вось так згарэлі ў печы восем год бацькавага жыцьця ў ГУЛАГу. Затое не згарэла ў памяці людзкой і засталася на ўсё жыцьцё пляма «ворага народа». Пасьля рэабілітацыі, праўда, гэтым папракаць перасталі (былі выпадкі, але ўжо вельмі рэдка. Перападала зрэдзьчасу і мне).

Пасьля вяртаньня на радзіму бацька за год пабудаваў невялікую хатку і спрабаваў наладзіць аднаасобную гаспадарку: не атрымалася. Улада ўсяляк замінала гэтаму і ўрэшце прымусіла запісацца ў калгас. Таго, што выплачвалі за працу ад цямна да цямна і без выходных, было зусім мала, каб пракарміць сям’ю. Людзі вымушаны былі па начах на калгасных палях рэзаць каласы, каб сьпячы хлеб, а з лугоў цягаць траву на сена для каровы. Бацьку добра ведалі ва ўсей акрузе як здольнага сталяра. Дзякуючы гэтаму нашай сям’і галадаць не даводзілася. Былі адзетыя і абутыя. На жаль, не пасьпеў усіх вывесьці ў людзі. Дагадоўвала нас маці адна. Памёр бацька ў 59-гадовым узросьце, так і не расказаўшы падрабязнасьцей пра свой жыцьцёвы шлях, асабліва з 1939 па 1952 гг. Па сёньняшні дзень яшчэ далёка не раскрыты сапраўдны хлусьлівы твар камуністычна-сталінскай рэпрэсіўнай ідэалёгіі. Яшчэ шмат хто і шмат што застаецца засакрэчаным.

Мой аднавясковец, 85-гадовы Барысевіч Уладзімір Канстанцінавіч, усё жыцьцё сваё верыў у праўдзівасьць савецкай улады. Верыў у існаваньне мільённых армій «ворагаў народа». Зь недаверам ставіўся да такіх, як мой бацька. І цягнулася гэта да той пары, пакуль не даведаўся пра сапраўдны лёс уласнага бацькі. Калісьці, яшчэ пры саветах, на запыт у дзяржаўны архіў пра свайго бацьку, сьляды якога губляліся ў далёкай Комі, куды ён завербаваўся яшчэ ў 1924 годзе, атрымаў адказ, што той нібыта памёр там ад сардэчнага захворваньня. А сёлета, даведаўшыся ўсю праўду, як ён загінуў, быў вельмі ўражаны і ўзрушаны. А здарылася тое, што тады магло здарыцца зь любым чалавекам, асабліва з жыхарамі заходніх ускраін. Раптоўны арышт. Спачатку адзін прысуд — зьняволеньне за «шпіянаж на карысьць Польшчы», а неўзабаве другі — расстрэл. І цяпер ягоны сын ніяк ня можа даўмецца: як жа магло такое здарыцца з бацькам, які верай і праўдай служыў і працаваў на бальшавікоў?»
Пасьля тысяч і тысяч падобных сьведчаньняў, пасьля кніг Аляксандра Салжаніцына і Варлама Шаламава — сёньня па-ранейшаму застаюцца людзі, якія выходзяць на дэманстрацыі з партрэтамі Сталіна, якія гатовыя адбельваць і гераізаваць крывавага дыктатара, на дзяржаўным узроўні ўшаноўваць памяць пра яго… І адначасова курапацкія магілы ахвяраў сталінскага генацыду застаюцца занядбанымі, а пра годны помнік у гэтай мясьціне нацыянальнай трагедыі беларускія чыноўнікі нават слухаць ня хочуць…

Менавіта ў гэтым стаўленьні да не такой ужо далёкай гісторыі, у нежаданьні разабрацца ў ёй, асудзіць катаў і апраўдаць ахвяраў — многія карані сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG