Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кебіч, КДБ і мільярды КПСС


Прэм’ер-міністар Расеі В.Чарнамырдзін і прэм’ер-міністар Беларусі В. Кебіч ва ўрадавай машыне ў 1994 годзе. Фота Сяргея Грыца.
Прэм’ер-міністар Расеі В.Чарнамырдзін і прэм’ер-міністар Беларусі В. Кебіч ва ўрадавай машыне ў 1994 годзе. Фота Сяргея Грыца.

У Літве апублікаваны сьпіс былых рэзэрвовых служачых КДБ — 238 прозьвішчаў. Зроблена гэта паводле рашэньня парлямэнту, які абавязаў Цэнтар дасьледаваньня генацыду і супраціву жыхароў Літвы апублікаваць дакумэнты КДБ. Паведамляецца, што ў сьпісе — некаторыя былыя высокія кіраўнікі краіны.

Падобнае было і ў некаторых краінах Усходняй Эўропы, дзе ў працэсе люстрацыі выявілася датычнасьць высокапастаўленых чыноўнікаў і вядомых палітыкаў да камуністычных спэцслужбаў. Выпадкі, калі палітыкі «першага эшалёну» самі прызнаюцца ў датычнасьці да спэцслужбаў, вельмі рэдкія.

У Беларусі не было люстрацыі і невядома, ці калі-небудзь будзе.

Але выпадак прызнаньня ўжо ёсьць. Не ў інтэрвію, не пад ціскам журналісцкіх пытаньняў ці аргумэнтаў дасьледчыкаў — а ў аўтабіяграфіі.

Мэмуары былога прэм’ер-міністра(1990-1994) Вячаслава Кебіча «Искушение властью» выйшлі ў 2008 годзе ў Менску ў выдавецтве «Парадокс».

Гэтая кніжка прымусіла мяне зьдзівіцца двойчы.

Першы раз— шчырасьцю прызнаньняў аўтара.

Інфармацыя, выкладзеная аўтарам, прымушае паглядзець на падзеі вызначальнага для лёсу сучаснай Беларусі пэрыяду пад іншым ракурсам.

Другі — тым, што гэтыя прызнаньні прайшлі практычна незаўважанымі, непракамэнтаванымі палітыкамі ды журналістамі. А таксама гісторыкамі — хаця інфармацыя, выкладзеная аўтарам, прымушае паглядзець на падзеі вызначальнага для лёсу сучаснай Беларусі пэрыяду пад іншым ракурсам.
І хаця былы прэм’ер неаднаразова ўзгадвае аўтара гэтых радкоў у нэгатыўным сьвятле, прыемна, што ўрывак з маёй кнігі «Сем гадоў Адраджэньня...» — ці не адзіны абзац па-беларуску ва ўсёй кнізе (мэмуары выдадзеныя па-расейску). Адказваю Вачаславу Францавічу тым жа: цытаты з кнігі Кебіча я таксама падаю па-беларуску (у перакладзе з расейскагамоўнага арыгіналу).

Папярэджваю чытача, што цытаты будуць вялікія, затое з мінімумам камэнтароў — бо цытаты, як кажуць, гавораць самі за сябе і шмат што тлумачаць у дзеяньнях чалавека, які ў пачатку 1990-х гадоў, у пэрыяд аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці, быў на чале ўраду краіны (зрэшты, Кебіч сьцьвярджае, што Шушкевіч «быў намінальным кіраўніком дзяржавы, а рэальныя рычагі кіраваньня эканомікай знаходзіліся ў старшыні Савету Міністраў» (стар. 228).

Пра тое, што кіраваў гэтымі рычагамі Вячаслаў Францавіч у інтарэсах Масквы, у 1991-1994 гг. парлямэнцкая Апазыцыя БНФ казала ці ня ў кожнай заяве, але шмат каму такія абвінавачваньні падаваліся неаб’ектыўнымі ці значна перабольшанымі.

Выглядае, што дарэмна падаваліся.

Масква слухае Шушкевіча


Кебіч прыгадвае размову з кіраўніком расейскага ўраду Чарнамырдзіным у часе перамоў аб уводзе расейскага рубля ў якасьці адзінага плацёжнага сродку на тэрыторыі Беларусі (студзень 1994 г.): «Віктар Чарнамырдзін распавёў мне, што расейскія спэцслужбы перахапілі сакрэтную размову Станіслава Багданкевіча са Станіславам Шушкевічам... Шушкевіч быў няўхільны: — Падпісваць пагадненьне я табе катэгарычна забараняю!» (стар. 383).

Інфармацыя пра тое, што ўрадавая сувязь праслухоўваецца спэцслужбай іншай дзяржавы – гэта ў якой заўгодна краіне скандал на ўзроўні як мінімум парлямэнцкага абмеркаваньня (з верагоднымі адстаўкамі цэлага ланцугу кіраўнікоў адпаведных ведамстваў, начальнікаў контрвыведкі). Нічога падобнага ў 1994 годзе не здарылася.

Прачытаўшы мэмуары Кебіча, у траўні 2010 году я патэлефанаваў Станіславу Шушкевічу і запытаўся, ці распавёў Кебіч яму пра тую гаворку. «Не» — быў адказ.

Такім чынам, старшыня ўраду даведваецца, што спэцслужба іншай дзяржавы праслухоўвае тэлефонныя размовы (па ўрадавай сувязі!) вышэйшай службовай асобы сваёй дзяржавы (у дадзеным выпадку — з кіраўніком Нацыянальнага банку) і — і маўчыць.

Значыць, Лубянка (ці Ясенева) працягвала слухаць Шушкевіча. І, пэўна ж , ня толькі яго.

І застаецца здагадвацца, якія яшчэ сакрэты беларускай дзяржавы ведалі расейскія спэцслужбы.

«Золата партыі»


Прызнацца, да кнігі Кебіча я насьцярожана ўспрымаў інфармацыю пра «золата КПСС», якое пасьля ліквідацыі кампартыі бясьсьледна зьнікла, адносіў падобнае да ліку кансьпіралягічных тэорыяў ды сюжэтаў таннага чціва. Але Кебіч сьцьвярджае, што КПСС удалося вывесьці з-пад кантролю гіганцкія сродкі.

«Золата партыі» ўсё ж існавала — піша Кебіч. — Тэрмін «золата», канешне ж, ня трэба разумець толькі ў літаральным сэнсе. Відавочна існавалі недзе і партыйныя клады ў натуральных залатых зьлітках. Але найперш гаворка ідзе пра фінансавыя авуары, раськіданыя па ўсім сьвеце.

Мне прапаноўвалі стаць адным з захавальнікаў часткі гэтай глыбокай таямніцы. У адзін з трывожных перабудовачных дзён, калі стала зразумела, што КПСС, як легендарны «Тытанік», натыкнуўшыся на айсбэрг дэмакратыі, пойдзе ка дну, мне патэлефанавала пляменьніца былога першага сакратара Маскоўскага гаркаму КПСС Грышына, папрасіла прыехаць для сур’ёзнай размовы. Я быў знаёмы з гэтай жанчынай, ведаў, што яна карыстаецца вялікім уплывам у вышэйшых партыйных колах, і таму паставіўся да запрашэньня сур’ёзна. На сустрэчы, якая праходзіла на адной з прыватных кватэраў ва ўмовах падвышанай сакрэтнасьці, ішла размова якраз пра тое, што рабіць з фінансамі КПСС, якія рана ці позна маглі дастацца ворагам. Прапаноўваліся самыя розныя варыянты: ад частковага абнаяўленьня і захоўваньня ў нумарных сэйфах швайцарскіх банкаў, набыцьця на падстаўных асобаў акцыяў і аблігацыяў да інвэставаньня ў розныя камэрцыйныя праекты. Памеры гэтага своеасаблівага запасу, калі лічыць з дакладнасьцю да слана, ацэньваліся прыблізна ў
400-500 мільярдаў амэрыканскіх даляраў" (стар.147)...— піша Кебіч і ўдакладняе: «у „золаце партыі“ была пэўная частка сродкаў і КПБ» (там жа).

Далей Кебіч піша, што адмовіўся, і прызнаецца, што «гэтыя грошы былі патаемна ўзятыя ў народа, хаця ў момант эканамічнага крызісу маглі адыграць не апошнюю ролю ў стабілізацыі абстаноўкі і, можа быць, нават дапамагчы захаваць Савецкі Саюз» (стар. 148).

Пакінем роздумы пра лёс Савецкага Саюзу Кебічу, але што бясспрэчна — яны маглі б істотна дапамагчы ўзьняцца з кален эканоміцы сувэрэннай, незалежнай Беларусі.

Я пацікавіўся ў прафэсара Станіслава Багданкевіча, якім чынам можна найбольш аб’ектыўна вымераць (хай і вельмі ўмоўна) долю Беларусі ў нейкім агульнасаюзным здабытку (напрыклад, у тых жа «партыйных грошах»)? Багданкевіч лічыць, што найбольш слушна сыходзіць з прапорцыі насельніцтва БССР у СССР. Калі лічыць, што доля насельніцтва Беларусі складала прыблізна 3 адсоткі ад насельніцтва СССР, і па такой прапорцыі вымяраць «беларускую» частку ад «саюзнай» гіганцкай ценявой партыйнай касы (могуць быць і іншыя, больш выгодныя для Беларусі сыстэмы падлікаў, але возьмем найбольш сьціплую) — дык доля Беларусі ад сумы, якую назваў Кебіч, складае мінімум 12-15 мільярдаў даляраў.

Гэтая сума ў некалькі разоў перавышала гадавыя бюджэты Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў (і нават праз дваццаць гадоў мэтай Нацыянальнага банку было павялічыць залатавалютныя рэзэрвы да 6 мільярдаў даляраў).

Але ў часе свайго прэм’ерства (1990-1994 гг.) пра гэтыя магчымасьці Кебіч не сказаў ні слова.

Баяўся? Магчыма.

Але, падаецца, спэцслужбы Беларусі былі здольныя, у выпадку патрэбы, гарантаваць бясьпеку для Кебіча, калі б ён ўзьняў тэму вяртаньня краіне яе часткі - таго, што, як ён сам прызнаеца, было забрана ў беларускага народа і, значыць, належала яму па праву.

Мяркую, прычынай маўчаньня быў ня клопат пра ўласную бясьпеку.

І Кебіч захаваў ня толькі гэтую таямніцу.

Бо — як вынікае з ягоных мэмуараў — рабіў гэта прафэсійна.

А прафэсія ў Вячаслава Францавіча была не дырэктар заводу, сакратар абкаму ці старшыня Савету Міністраў.

Прафэсія была, -- як піша сам Кебіч – разьведчык.


Размова з капітанам Івановым


«Працуючы на заводзе інжынэрам, аднойчы атрымаў павестку, якая патрабавала зьявіцца ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі... Капітан Іваноў (і цяпер памятаю ягонае прозьвішча) запрасіў да сябе ў кабінэт і бяз усякіх разважаньняў сказаў:

-- Мы за вамі назіраем яшчэ са студэнцкіх часоў. Ведаем, што чалавек вы ідэйна вытрыманы, добра падрыхтаваны. Інстытут закончылі з чырвоным дыплёмам. Такія людзі нам патрэбныя. Запрашаем вас на службу ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.

Убачыўшы маю нерашучасьць, прапанаваў:


-- З адказам не прысьпешваю. Падумайце. Але падумайце добра!

Па апошніх ягоных словах я зразумеў — адхіляць падобныя прапановы не прынята. Але ўсё ж па нейкай паважнай прычыне адмовіўся. Даведаўшыся пра маё рашэньне, Іваноў з усьмешкай сказаў:

-- Ну што ж, працуйце. Сустрэнемся пазьней!

І праз паўгады мяне паклікалі на трохмесячныя курсы па вывучэньню крыптаграфіі, якія праводзіліся па лініі Галоўнага ўпраўленьня выведкі. І пайшло-паехала! Праз паўгода — новыя трохмесячныя зборы і званьне лейтэнанта; праз год — яшчэ адны і званьне капітана...
» (стар. 256-266).

Заданьне, пра якое ня ведалі нават у ЦК


У пачатку 1960-х гадоў Хрушчоў ініцыяваў рашэньне Прэзыдыюму ЦК КПСС, якое выводзіла партыйную намэнклятуру з-пад кантролю КДБ. Ня толькі камуністычныя кіраўнікі, але і члены сем’яў ад першага сакратара райкаму партыі і вышэй не маглі быць узятыя ў апэратыўную распрацоўку альбо завэрбаваныя КДБ; гэты загад ня быў скасаваны і наступнымі кіраўнікамі.

У дачыненьні да тых, хто спачатку быў завэрбаваны, а потым пайшоў па «партыйнай лесьвіцы», напэўна, маглі дзейнічаць іншыя правілы.

«Шмат гадоў пазьней, у 1984 годзе, калі я ўжо быў другім сакратаром Менскага абкаму партыі, мне давялося ў апошні раз прыгадаць пра сваю прафэсію разьведчыка (вылучана мной — С.Н.). Трэба было выявіць аднаго здрадніка, які акапаўся ў Заходняй Нямеччыне. Сытуацыя нечым нагадвала тую, што выяўленая ў фільме «Мёртвый сезон»... І тады мяне па лініі ЦК КПСС накіравалі ў ФРГ на чале дэлегацыі для абмену вопытам з кампартыяй адной з фэдэральных земляў. Пра сапраўдны характар гэтай місіі ня ведаў ніхто нават у ЦК КПБ. Заданьне я выканаў. Больш падрабязна ў дэталі гэтай апэрацыі паглыбляцца ня буду. Хаця даўно ўжо няма той дзяржавы, якой я прысягаў, і падпіска аб неразгалошваньні страціла сваю сілу, але ёсьць унутраны абавязак. Я не разумею тых людзей, якія, зьняўшы мундзір, сьпяшаюцца ў палітычных мэтах выбалтаць усе службовыя таямніцы... Я такім чынам аўтарытэт сабе ніколі не набываў. Дарэчы, і мундзір па гэтай прычыне таксама ніколі не апранаў, хаця маю права яго насіць. Ён вісіць у мяне дома як памяць пра маю незвычайную ваенную службу"(стар. 267-268).

Адзначу, што, знаходзячыся ў адстаўцы ці ў запасе, мундзір маюць права насіць толькі кадравыя афіцэры (застаецца толькі здагадвацца, які мундзір вісіць у экс-прэм'ера ў шафе — КДБ ці ГРУ, бо Вячаслаў Францавіч не ўдакладняе назоў, хаця прыгадвае абедзьве ўстановы — капітан Іваноў запрашаў яго ў КДБ, але крыптаграфію ён вывучаў у ГРУ. Зрэшты, ён патлумачыў, чаму не ўдакладняе — " унутраны абавязак..").

Усе гэтыя прызнаньні — не фантазіі колішніх палітычных апанэнтаў Кебіча, ён зрабіў іх сам, і запісаў (альбо надыктаваў), і выдаў накладам для Беларусі гіганцкім — у 50 тысяч асобнікаў.

У лёсавызначальны пэрыяд фармаваньня беларускай дзяржаўнасьці на чале беларускага ўраду быў кадравы афіцэр спэцслужбы...

І нічога не застаецца, як зрабіць выснову: ў лёсавызначальны пэрыяд фармаваньня беларускай дзяржаўнасьці на чале беларускага ўраду быў кадравы афіцэр спэцслужбы. І гэта шмат што тлумачыць у дзеяньнях прэм’ер-міністра.

У кнізе шмат розных іншых прызнаньняў. Аўтар даволі падрабязна і, што важна, вельмі шчыра апісвае, сярод іншага, сваё змаганьне з Беларускім Народным Фронтам і пэрсанальна Зянонам Пазьняком. Кебіч раскайваецца ў тым, што падпісаў Віскулёўскія пагадненьні («сёньня я зрабіў бы ўсё, каб Белавескага пагадненьня не было» (стар.212), распавядае , як супраціўляўся ўвядзеньню нацыянальнай валюты.

Нарэшце, эпагей: на выбарах 1994 г. ніякімі супернікамі («па сутнасьці справы») Кебіч і Лукашэнка не былі, а найвялікшай сваёй палітычнай заслугай аўтар кнігі называе тое, што не дапусьціў да ўлады нацыянальныя, адраджэнскія сілы:

«Цяпер, праз шмат гадоў, я не лічу, што пацярпеў скрышальную паразу. Па сутнасьці справы, мы выступалі з Аляксандрам Лукашэнкам з аднолькавых палітычных пазіцыяў, змагаліся не паміж сабой, а за прэзыдэнцкае крэсла, розьніца была толькі ў падыходах да дасягненьня пастаўленых мэтаў. І таму галоўным вынікам першага тура трэба, мяркую, лічыць паразу стаўленьнікаў нацыяналістычных сілаў Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча. Чый уклад у агульную перамогу над кандыдатамі ад БНФ (Шушкевіч ня быў кандыдатам БНФ — С.Н), мой альбо Аляксандра Лукашэнкі, аказаўся больш важкім, хай вырашыць час» (стар.433-434).

Кебіч не ўдакладняе, было гэта «заданьнем» ці «унутраным абавязкам»...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG