Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марэш: Толькі адной сталіцы выгадная ізаляцыя Беларусі


Пэтэр Марэш
Пэтэр Марэш
«Вызваленьне палітычных вязьняў – гэта першы крок для разьвіцьця супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю», – заявіў 21 лютага на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар па асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных спраў Чэхіі Пэтэр Марэш. Ён дадаў, што ў гэтым пытаньні пазыцыя Эўразьвязу застаецца нязьменнай. Чэскі дыплямат за два дні правёў у Беларусі шэраг сустрэчаў у міністэрствах адукацыі, замежных спраў, культуры.

Амбасадар Марэш ацаніў цяперашні стан дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю як тупіковы. На сустрэчы з начальнікам галоўнага ўпраўленьня Эўропы МЗС Беларусі Раманам Раманоўскім ён зноў казаў «пра тое, што мы называем праблемамі ў нашых дачыненьнях – пра рознае стаўленьне да агульнапрынятых каштоўнасьцяў». І хоць гэтым разам, паводле чэскага дыплямата, галоўная тэма не разьвівалася, абмінуць яе было немагчыма:

«Вызваленьне палітычных вязьняў – гэта першы крок для разьвіцьця супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. У гэтым няма нічога новага. І выйсьці з гэтага тупіку можна, калі будзе памкненьне абодвух бакоў. Нам падаецца, што наша рука для супрацоўніцтва ўжо працягнутая. А вось рукі зь Менску пакуль яшчэ ня бачна».

Пэтэр Марэш паведаміў, што 4 сакавіка ў Празе пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў краінаў Вышаградзкай групы (Чэхіі, Славаччыны, Польшчы, Вугоршчыны). На сустрэчу таксама запрошаныя кіраўнікі МЗС краінаў «Усходняга партнэрства», балтыйскіх краінаў і Даніі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе. На пытаньне, ці будзе Беларусь на гэтай сустрэчы прадстаўляць міністар Мартынаў, амбасадар Марэш адказаў, што пакуль гэта невядома:

«Кантакты ёсьць. Камунікацыі не перарваныя. Абодва бакі ведаюць, што для гэтага трэба зрабіць. Аднак нават калі беларускі міністар замежных спраў ня будзе ў Празе, гэта не азначае, што канец дачыненьням».

Удзел Беларусі ў праграме «Ўсходняга партнэрства» – адна з ключавых праблемаў для Чэхіі, падкрэсьліў Петэр Марэш. Ён сказаў, што нельга пакідаць Беларусь у эўрапейскай ізаляцыі:

«Беларусь у ізаляцыі – гэта не дапаможа нікому. Зусім перарываць камунікацыі нельга. Нельга таму, што, давайце быць зусім шчырымі, ёсьць толькі адна сталіца, якая скарыстае з такой сытуацыі. І ў якой для гэтага дастаткова эканамічных сродкаў. А гэта не ў інтарэсах Чэскай рэспублікі. І гэта не ў інтарэсах Эўразьвязу».

І хоць Пэтэр Марэш не назваў канкрэтна гэтую сталіцу, журналісты зразумелі, што размова ідзе пра Маскву.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Заяву чэскага дыплямата беларускі палітоляг Алесь Лагвінец тлумачыць так:

«У Эўрапейскім Зьвязе ёсьць краіны, нават група краін, якія вельмі зацікаўленыя ў незалежнасьці і эўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Менавіта таму Беларусь для іх заўжды застаецца на парадку дня. І яны будуць спрабаваць, па меры магчымасьці, зразумела, узьдзейнічаць на сытуацыю ў Беларусі. Гэта палягае ў іх нацыянальным інтарэсе, каб Беларусь ішла эўрапейскай дарогай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG