Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ён робіць такія заявы?


Вы не задаваліся пытаньнем, навошта Лукашэнка пэрыядычна ўзбуджае палітызаваную публіку шакуючымі заявамі, якія ня варта было б рабіць з гледзішча ягоных уласных палітычных інтарэсаў? Кшталту таго, што мы сфальсыфікавалі прэзыдэнцкія выбары. Што склад Палаты прадстаўнікоў ён вызначае загадзя. Ці што кіраўніцтва КДБ бачыць сваю галоўную задачу ў барацьбе з апазыцыяй («пятай калёнай»). Рабіў бы так, як Пуцін, які выказвае правільныя, вывераныя рэчы, не падкапаесься. А Лукашэнка ўвесь час падстаўляецца.

Такая палітычная стылістыка беларускага лідэра мае некалькі прычынаў. Па-першае, гэта звычка палітыка-папуліста падабацца аўдыторыі сваёй шчырасьцю. Калі ён хваліцца расейскім журналістам аўтарытарным стылем свайго кіраваньня, то разьлічвае на разуменьне і падтрымку. І не памыляецца. Як Бэрлюсконі, які рэгулярна шакаваў заявамі элітную публіку, але адчуваў разуменьне свайго электарату. Прэзыдэнт Беларусі ўпэўнены, што ў народу сваё ўяўленьне пра справядлівасьць. І калі Лукашэнка кажа, што парушыў закон, каб дапамагчы людзям, то трапляе ў фокус гэтых уяўленьняў. Хоць апошнім часам пацэліць у фокус яму ўдаецца ўсё радзей.

Па-другое, ён імкнецца замацаваць у грамадзкай сьвядомасьці ідэю фатальнай наканаванасьці захаваньня цяперашняга палітычнага статус-кво. А дзеля гэтага трэба дасылаць грамадзтву і намэнклятуры пэўныя сыгналы, якія яны павінны добра разумець. Што, напрыклад, любыя спробы змаганьня за рэальную ўладу (імітаваць — можна) будуць жорстка пакараныя.

Таму Лукашэнка рэгулярна прысутнічае на калегіі КДБ. Вы можаце ўзгадаць, каб прэзыдэнт праводзіў калегію якога-небудзь міністэрства ці ўстановы? Вось. А з КДБ ён праводзіць нарады часта. Можна ж было не афішаваць сваю асаблівую цікавасьць да Камітэту дзяржбясьпекі, правесьці гэтае паседжаньне ціха, у таямніцы. Аднак ён робіць гэта дэманстратыўна. Каб нагнаць страх на грамадзтва. І кіраўніцтва камітэту публічна канстатуе, хто галоўны вораг. Камусьці яшчэ нешта не зразумела?

Альбо возьмем, прабачце за выраз, «выбары». Зьвярніце ўвагу: за час праўленьня Лукашэнкі мяняліся і прэм’ер-міністры, і кіраўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, і нават, страшна сказаць, старшыні КДБ. І толькі кіраўніца Цэнтравыбаркаму Ярмошына кіруе гэтай установай з 1996 году. Хоць можна было б знайсьці для гэтай пасады і іншых паслухмяных чыноўнікаў. Аднак Лідзія Міхайлаўна ня проста старшыня ЦВК. Яна сымбаль. А сымбаль нельга мяняць, бо адразу сярод намэнклятуры могуць узьнікнуць пытаньні: што гэта азначае? Цяпер выбары ў нас будуць праходзіць па-іншаму? І каб пытаньні ня ўзьніклі, ня толькі захоўваюць Ярмошыну як нацыянальны здабытак, але прэзыдэнт прымае сьпікера Палаты прадстаўнікоў і даводзіць, што чвэрць дэпутатаў павінна захаваць свае пасады, а балбатуноў там ня трэба. І намэнклятура разумее, што выбары павінны прайсьці як звычайна.

Па-трэцяе, тут дзейнічае псыхалёгія ўсеўладнага кіраўніка. У тым і асалода неабмежаванай улады, што можна рабіць, гаварыць што хочаш, задавальняць любы свой капрыз. І няважна, што падумаюць — «піпл схавае». Захацелася паехаць на Алімпійскія гульні — сеў на самалёт і паляцеў у далёкі японскі горад Нагана. Любіць сына — і таму некалькі гадоў кіраваў дзяржавай з Колем на руках. Хочацца быць спартовым трыюмфатарам — арганізаваў для сябе хакейны турнір на Раство, які дзяржаўныя мэдыі назвалі «чэмпіянатам сьвету сярод аматарскіх камандаў».

Нарэшце, па-чацьвёртае, кіраўнік Беларусі мае псыхалягічную асаблівасьць прагаворваць свае патаемныя думкі ўголас. Цяжка схаваць сваю натуру. Іншым разам ён выказвае тое, што яго хвалюе, у выглядзе адмаўленьня. Узгадайце, колькі разоў ён адмаўляў, што трымаецца за ўладу. Маўляў, як вы маглі падумаць, я стаміўся, але няма каму яе аддаць, дый народ не зразумее.

Уважліва сачыце за тым, што гаворыць Лукашэнка. Там могуць быць адказы на шмат якія пытаньні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG