Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт плянуе прыняць рэзалюцыю па сьмяротным пакараньні


16 лютага ў Страсбуры Эўрапарлямэнт плянуе прыняць рэзалюцыю адносна сьмяротнага пакараньня ў Беларусі на прыкладзе Дзьмітрыя Канавала і Ўладзіслава Кавалёва, асуджаных за тэракт у менскім мэтро.

Дэбаты пройдуць у другой палове дня.

Эўрапалямэнтар ад Літвы Юстас Палецкіс, які браў удзел у распрацоўцы праекту рэзалюцыі, адзначыў у інтэрвію Свабодзе, што афіцыйны Менск «у рэзкім тоне заклікаецца, па-першае, не прымяняць сьмяротную кару ў гэтым выпадку. Па-другое, рабіць бачныя, канкрэтныя крокі ў бок скасаваньня сьмяротнага пакараньня». Ён лічыць, што ў справе Канавала і Кавалёва «ёсьць вялікія няяснасьці».

30 лістапада Вярхоўны суд Беларусі прызнаў вінаватымі ў тэракце ў мэтро Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва і прысудзіў іх да вышэйшай меры пакараньня. У выніку тэракту ў мэтро 11 красавіка 2011 году загінулі 15 чалавек, дзясяткі былі параненыя.

Падрабязнасьці — пазьней на сайце «Свабоды».

Гісторыя пытаньня


Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з 1991 году ў Беларусі пакаралі сьмерцю каля 400 чалавек. Статыстычныя зьвесткі пра колькасьць вынесеных і прыведзеных у выкананьне сьмяротных прысудаў афіцыйна ў Беларусі не публікуюцца, хоць Беларусь як сябра АБСЭ абавязаная «прадстаўляць грамадзкасьці інфармацыю адносна ўжываньня сьмяротнага пакараньня».

Паводле зьвестак, апублікаваных Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў МУС Беларусі, з 1998 па 2010 год было вынесена 102 сьмяротныя прысуды, у 2006 годзе было пакарана 9 чалавек, у 2007-м вядома прынамсі пра аднаго пакаранага сьмерцю, у 2008-м — пра трох.

Згодна зь лічбамі, пададзенымі ў артыкуле былога старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгора Васілевіча, у пэрыяд з 1994 па 1998 год колькасьць прысуджаных да сьмяротнага пакараньня павялічвалася (25, 37, 29, 46, 47 чалавек адпаведна). Пры гэтым, паводле дадзеных Мін’юсту, з 1990 па 1993 год было вынесена 85 сьмяротных прысудаў.

У 2009 годзе да сьмяротнага пакараньня прысудзілі Андрэя Жука (за збройны напад і забойства мужчыны і жанчыны) і Васіля Юзапчука (за забойства шасьці жанчын сталага веку). У кастрычніку 2009 году асуджаныя падалі скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, а сам Камітэт заклікаў урад Беларусі не прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды, перш чым скаргі будуць разгледжаныя ў Камітэце. Аднак абодвух пакаралі сьмерцю да разгляду скаргаў — у 2010 годзе. У 2010-м да расстрэлу былі асуджаныя два гарадзенцы — Андрэй Бурдыка і Алег Грышкавец — за патройнае забойства. Прысуд быў выкананы ў 2011 годзе.

Паводле інфармацыі былога начальніка (сьнежань 1996 — травень 2001) Сьледчага ізалятара № 1 Камітэту выкананьня пакараньняў МУС Алега Алкаева, з канца 1996-га і да ліпеня 2001 году было пакарана сьмерцю 140 чалавек, а пасьля гэтага былі прыведзеныя ў выкананьне шэсьць прысудаў. Так, у 2007 годзе расстралялі былога супрацоўніка міліцыі Аляксандра Сяргейчыка.

У адпаведнасьці з арт. 24 Канстытуцыі Беларусі, «сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасьці з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суду». Прызначацца яно можа за 12 катэгорыяў злачынстваў у мірны час і 2 — у ваенны.

Ад ужываньня сьмяротнага пакараньня адмовіліся 139 краін. За апошнія 10 гадоў выключная мера пакараньня была адмененая заканадаўча альбо на практыцы ў 31 краіне сьвету.

У 1993 годзе Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы і атрымала статус адмыслова запрошанай краіны, аднак у 1997 годзе Бюро ПАРЭ пастанавіла прыпыніць гэты статус «з-за адсутнасьці прагрэсу ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права». Прыпынены быў і разгляд заяўкі аб уступленьні ў Раду Эўропы.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, у якой выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Мараторый на сьмяротную кару — адна з асноўных умоваў вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG