Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню Эўрапарлямэнту жахнула сытуацыя ў Беларусі


Марцін Шульц

Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Марцін Шульц заклікаў вызваліць актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленку, які трымае галадоўку.

Шульц абмяркоўваў сытуацыю ў Беларусі падчас сустрэчы ў эўракамісарам у пытаньні пашырэньня і палітыкі эўрапейскага суседзтва Штэфанам Фюле. Пасьля сустрэчы Марцін Шульц зрабіў наступную заяву:

«Мяне жахае ўсё горшая сытуацыя з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі ў Беларусі.

Рукі беларускіх уладаў будуць у крыві, калі ён памрэ.

Працяглая галадоўка зьняволенага апазыцыйнага актывіста Сяргея Каваленкі падкрэсьлівае парушэньні дэмакратычных прынцыпаў і непавагу да вяршэнства закону.

Жыцьцё Каваленкі цяпер пад пагрозай у сувязі з галадоўкай супраць яго несправядлівага зьняволеньня. Я заклікаю беларускія ўлады вызваліць яго неадкладна і безумоўна, і забясьпечыць яму неабходную мэдычную дапамогу.

Рукі беларускіх уладаў будуць у крыві, калі ён памрэ.

Я паўтараю свой заклік вызваліць і рэабілітаваць ўсіх астатніх палітычных зьняволеных, у тым ліку двух былых кандыдатаў у прэзыдэнты Мікалая Статкевіча і Андрэя Саньнікава, выбітнага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, апазыцыйных актывістаў Дзьмітрыя Бандарэнку, Мікалая Аўтуховіча, Дзьмітрыя Дашкевіча, ды іншых.

Я таксама хацеў бы паўтарыць свой асабісты зварот да прэзыдэнта Лукашэнкі, памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, якія чакаюць сьмяротнага пакараньня, пасьля таго як Вярхоўны Суд Беларусі зацьвердзіў іх прысуд. Мы выступаем супраць сьмяротнага пакараньня ў любых абставінах, і мы заклікаем Беларусь, апошнюю краіну ў Эўропе, якая выкарыстоўвае яго, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Эўрапарлямэнт выкажа сваю глыбокую заклапочанасьць па гэтых справах у рэзалюцыі ў гэты чацьвер. Мы глыбока шкадуем, што такая пазыцыя ўладаў захоўвае адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам замарожанымі.

Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць лепшага. Эўрапарлямэнт вельмі падтрымлівае грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычныя імкненьні беларускага народу, і заахвочвае ўлады ў Менску пазытыўна адрэагаваць на прапанову Эўразьвязу спрасьціць візавы рэжым для беларускіх грамадзян».

Сяргей Каваленка галадае з 19 сьнежня. Гэта ягоны пратэст супраць крымінальнага абвінавачаньня. Актывіста вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадзкой навагодняй ёлцы ў цэнтры Віцебску. Падчас галадоўкі Каваленку кармілі прымусова, але ён адмовіўся спыніць галадоўку.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG