Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры 13-га ўказу


Дзяржава рэзка скараціла ільготнае будаўніцтва жыльля. У сувязі зь леташнім эканамічным і фінансавым крызісам колькасьць катэгорыяў грамадзян, якія могуць разьлічваць на ільготы, зьменшылася да мінімуму — цяпер гэта толькі шматдзетныя сем’і і «сілавікі». Людзі, якія не пасьпелі скончыць будоўлю ўласнага жыльля на старых умовах, цяпер абіваюць парогі ўсіх інстанцыяў.

30-гадовы спэцыяліст па продажах зь менскай прыватнай фірмы Алег К. зь вясны мінулага году будуе двухпакаёвую кватэру ў доме па вуліцы Матусевіча. Як галава маладой сям’і ён заключыў ільготную дамову на крэдыт «Беларусбанку». Да дэвальвацыі беларускага рубля Алег пасьпеў пракрэдытаваць палову кошту будоўлі. На люты 2012 году будоўля падаражэла ў два разы, але атрымаць дадатковы банкаўскі крэдыт пасьля 13-га ўказу Аляксандра Лукашэнкі, які скараціў колькасьць ільготнікаў, Алег ня можа.

«Па маёй кватэры сума для даплаты складае больш за 200 мільёнаў рублёў. І гэта яшчэ не канчатковая сума. Узяць крэдыт у банку пад 31 працэнт практычна нерэальна. Паводле новага 13-га ўказу мы ўжо ня маем магчымасьці дакрэдытавацца на ільготных умовах».

Цяпер Алегу, каб атрымаць крэдыт у банку на заканчэньне будаўніцтва пад 31 працэнт, трэба мець заробак 12 мільёнаў рублёў і выплачваць па 6 мільёнаў у месяц. Столькі ў Беларусі мала хто зарабляе. У такой жа сытуацыі апынуліся многія іншыя забудоўшчыкі. Цяпер Алег і ягоныя калегі па няшчасьці пішуць хадайніцтвы ва ўсе інстанцыі. Але станоўчых адказаў няма.

Віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Анатоль Калінін таксама ня змог нічым парадаваць Алега і іншых беларускіх грамадзян, якія апынуліся ў такой жа сытуацыі:

«Сказаць, што дзяржава дасьць такому грамадзяніну грошы на заканчэньне будоўлі, падставаў няма. Сума дзяржаўнай падтрымкі абмежаваная з-за таго, што мы перасталі праводзіць эмісію, мы ў тры разы зьменшылі эмісію. А ўсё, што ішло праз эмісію, накіроўвалася на жыльлёвае будаўніцтва і ахову здароўя».

У сувязі з новай палітыкай колькасьць узьведзенага жыльля сёлета зьменшыцца на 1,2 мільёна квадратных мэтраў (5,4 мільёна было збудавана летась, сёлета заплянавана 4,2). Беларускія будаўнікі цяпер у значнай ступені арыентаваныя на экспарт паслуг.

Паводле спадара Калініна, будоўлю жыльля ў Беларусі на 47 працэнтаў маюць аплачваць самі грамадзяне — летась гэтая лічба складала 34 працэнты.

Такім чынам, дзяржава адмаўляецца ад ранейшай сацыяльнай палітыкі, якая ў значнай ступені прывяла да эканамічных дысбалянсаў 2011 году, мяркуе незалежны эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Гэта сьвядомы захад, тут іншага выйсьця не было, бо гэта была адна з галоўных крыніц крызісу, гэтае неўтаймоўнае будаўніцтва».

Сапраўдных ільготнікаў пасьля 13 указу Аляксандра Лукашэнкі засталося вельмі мала:

«Гэтая сацыяльная наша дзяржава звужалася і звужалася, і цяпер спынілася на дзьвюх катэгорыях: альбо шматдзетныя сем’і, альбо „сілавікі“, якія забясьпечваюць стабільнасьць рэжыму».

Да апошняй катэгорыі паводле ўказу нумар 13 ад 6 студзеня адносяцца таксама пракуроры і судзьдзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG