Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановічу адказалі з Адміністрацыі прэзыдэнта


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч атрымаў з Адміністрацыі прэзыдэнта адказ на свой зварот з просьбай увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

У адказе гаворыцца, што «Рэспубліка Беларусь пасьлядоўна ідзе па шляху абмежаваньня выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня».

«Разглядаючы сьмяротнае пакараньне як зьяву выключную, беларускі заканадаўца пашырыў абмежаваньне выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня. Да гэтага пакараньня ня могуць быць асуджаныя асобы, якія не дасягнулі 18 гадоў, і жанчыны (раней паводле артыкула 23 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь сьмяротнае пакараньне не прымянялася толькі да жанчын, цяжарных у момант зьдзяйсьненьня злачынства або вынясеньня прысуду), а таксама мужчыны, якія дасягнулі 65-гадовага ўзросту да дня вынясеньня прысуду (зьмяненьні ў Крымінальны кодэкс уведзеныя з 1 сьнежня 2001 г.)», — напісана ў адказе, падпісаным загадчыкам аддзелу па пытаньнях грамадзянства і памілаваньня Кісялёвым.

«Рух па шляху выключэньня сьмяротнага пакараньня зь ліку крымінальных пакараньняў ня можа быць аднолькавы ў розных дзяржавах сьвету. Немагчыма аднамомантна зьмяніць унутрынацыянальныя, гістарычна сфармаваныя погляды ў гэтым пытаньні», — напісана ў лісьце.

Зварот падпісалі 165 тысяч чалавек з 30 краінаў. Яго перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта разам з усімі подпісамі 9 сьнежня 2011 году, напярэдадні Дня правоў чалавека, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Гісторыя праблемы

Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з 1991 году ў Беларусі пакаралі сьмерцю каля 400 чалавек. Статыстычныя зьвесткі пра колькасьць вынесеных і прыведзеных у выкананьне сьмяротных прысудаў афіцыйна ў Беларусі не публікуюцца, хоць Беларусь як сябра АБСЭ абавязаная «прадстаўляць грамадзкасьці інфармацыю адносна ўжываньня сьмяротнага пакараньня».

Паводле зьвестак, апублікаваных Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў МУС Беларусі, з 1998 па 2010 год было вынесена 102 сьмяротныя прысуды, у 2006 годзе было пакарана 9 чалавек, у 2007-м вядома прынамсі пра аднаго пакаранага сьмерцю, у 2008-м — пра трох.

Згодна зь лічбамі, пададзенымі ў артыкуле былога старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгора Васілевіча, у пэрыяд з 1994 па 1998 год колькасьць прысуджаных да сьмяротнага пакараньня павялічвалася (25, 37, 29, 46, 47 чалавек адпаведна). Пры гэтым, паводле дадзеных Мін’юсту, з 1990 па 1993 год было вынесена 85 сьмяротных прысудаў.

У 2009 годзе да сьмяротнага пакараньня прысудзілі Андрэя Жука (за збройны напад і забойства мужчыны і жанчыны) і Васіля Юзапчука (за забойства шасьці жанчын сталага веку). У кастрычніку 2009 году асуджаныя падалі скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, а сам Камітэт заклікаў урад Беларусі не прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды, перш чым скаргі будуць разгледжаныя ў Камітэце. Аднак абодвух пакаралі сьмерцю да разгляду скаргаў — у 2010 годзе. У 2010-м да расстрэлу былі асуджаныя два гарадзенцы — Андрэй Бурдыка і Алег Грышкавец — за патройнае забойства. Прысуд быў выкананы ў 2011 годзе.

Паводле інфармацыі былога начальніка (сьнежань 1996 — травень 2001) Сьледчага ізалятара № 1 Камітэту выкананьня пакараньняў МУС Алега Алкаева, з канца 1996-га і да ліпеня 2001 году было пакарана сьмерцю 140 чалавек, а пасьля гэтага былі прыведзеныя ў выкананьне шэсьць прысудаў. Так, у 2007 годзе расстралялі былога супрацоўніка міліцыі Аляксандра Сяргейчыка.

У адпаведнасьці з арт. 24 Канстытуцыі Беларусі, «сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасьці з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суду». Прызначацца яно можа за 12 катэгорыяў злачынстваў у мірны час і 2 — у ваенны.

Ад ужываньня сьмяротнага пакараньня адмовіліся 139 краін. За апошнія 10 гадоў выключная мера пакараньня была адмененая заканадаўча альбо на практыцы ў 31 краіне сьвету.

У 1993 годзе Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы і атрымала статус адмыслова запрошанай краіны, аднак у 1997 годзе Бюро ПАРЭ пастанавіла прыпыніць гэты статус «з-за адсутнасьці прагрэсу ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права». Прыпынены быў і разгляд заяўкі аб уступленьні ў Раду Эўропы.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, у якой выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Мараторый на сьмяротную кару — адна з асноўных умоваў вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG