Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ: Нас тычыцца ўсё, а ня толькі адмена сьмяротнай кары


25 студзеня Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы на сваёй сэсіі ў Страсбуры прыняла рэзалюцыю аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Прапанавана не аднаўляць кантакты зь беларускімі ўладамі на высокім узроўні да таго часу, пакуль у краіне ня будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне. Да гэтага ж моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка Беларусі на вяртаньне Нацыянальнаму сходу статусу спэцыяльнага запрошанага ў ПАРЭ.

За прыняцьце сёньняшняй рэзалюцыі прагаласавала 111 парлямэнтароў, супраць — 10, устрымаліся 6. Таксама былі прынятыя і рэкамэндацыі Радзе Эўропы ўвесьці ў дачыненьні да афіцыйнага Менску тыя ж санкцыі, якія ўжо ўвёў Эўразьвяз. Тут вынікі галасаваньня адпаведна выглядаюць так: 119 — 10 — 3.

Адмысловы дакладчык ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі, эстонскі парлямэнтар Андрэс Хэркель у тэлефоннай размове са «Свабодай» асабліва падкрэсьліў, што сёньня прынятыя аж два дакумэнты:

«Ацэнка дзейнасьці рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі стала ключавым элемэнтам сёньняшняй дыскусіі. І я задаволены, што і рэзалюцыя, і рэкамэндацыі былі прынятыя велізарнай большасьцю галасоў. А гэта азначае, што Рада Эўропы хоча больш пасьлядоўна займацца тым, што адбываецца ў Беларусі. Гэта азначае, што нас тычыцца ўсё — а ня толькі адмена сьмяротнага пакараньня. Гэты тычыцца і таго, што за кратамі знаходзяцца і былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, і праваабаронца Алесь Бяляцкі, і іншыя людзі».

Я спытаў спадара Хэркеля, ці не зьбіраецца ён бліжэйшым часам наведаць Беларусь. Дакладчык па Беларусі адказаў:

«Я паспрабаваў гэта зрабіць. Тут, у Страсбуры, я зьвярнуўся да супрацоўніка амбасады Беларусі ў Францыі, які стала працуе ў Страсбуры, з такой просьбай. У мяне была прапанова да беларускіх уладаў, каб я наведаў Менск і сустрэўся з палітычнымі вязьнямі, у тым ліку з Саньнікавым, Статкевічам, Дашкевічам, Бяляцкім. Аднак цягам некалькіх месяцаў я ніякага адказу на гэты зварот не атрымаў».

Галоўная выснова справаздачы Андрэса Хэркеля — сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, асабліва пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сьнежня 2010 году. Ён заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць і рэабілітаваць палітзьняволеных.

Справаздачу падтрымалі прадстаўнікі ўсіх фракцыяў асамблеі. Супраць выступілі толькі прадстаўнікі Расеі. А польскі парлямэнтар Анджэй Галіцкі выступіў з ініцыятывай падтрымаць прапанову аб вылучэньні Алеся Бяляцкага на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру.

На сёньняшнім пленарным паседжаньні прысутнічалі і некалькі прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч адразу пасьля прыняцьця дакумэнтаў сказаў «Свабодзе»:

«Для мяне самае галоўнае, што фактычна выпрацаваная вельмі падрабязная дарожная мапа для Беларусі, для беларускіх уладаў, як яны могуць далучыцца да цывілізаванай эўрапейскай супольнасьці.

Па-другое, уражвае вельмі шырокая кансалідаванасьць — ад левых да правых. Эўрапейскія дэпутаты падтрымліваюць гэтую рашучую рэзалюцыю. За выключэньнем усіх расейскіх дэпутатаў-выступоўцаў. Безумоўна, зараз думка ў эўрапейскіх краінах, нават постсавецкіх, за выключэньнем Расеі, скансалідаваная. І гэта вельмі важна таму, што беларускі рэжым ня мае апірышча, нават маральнага, у шырокай колькасьці суседзяў».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька таксама падкрэсьлівае важнасьць рашэньняў ПАРЭ як аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі:

«Трэнды, якія ад яе ідуць, фармуюць пазыцыю міжнароднай супольнасьці па Беларусі — што трэба там рабіць. Пасьля разгляду беларускага пытаньня на Палітычным камітэце, пасьля сёньняшняга паседжаньня можна сказаць адназначна — ПАРЭ моцна стаіць на прынцыпах і каштоўнасьцях дэмакратыі. І тут гандлю ня будзе. Яны ўжо прайшлі пэрыяд такой спакусы.

Трэнд вельмі зразумелы — яны далучаюць свой голас да кропкавых санкцыяў Эўразьвязу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG