Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская пракуратура: «Саньнікаў ні на што ня скардзіцца». Ці гэта так?


Калёнія «Віцьба-3», дзе адбывае пакараньне Андрэй Саньнікаў
Калёнія «Віцьба-3», дзе адбывае пакараньне Андрэй Саньнікаў

Ірына Халіп ня верыць заявам віцебскай пракуратуры пра тое, што Андрэй Саньнікаў нібыта ня скардзіўся на парушэньне сваіх правоў у калёніі «Віцьба-3». Ці атрымаў вязень Шклоўскай калёніі Мікалай Статкевіч віншаваньне з Калядамі ад Джорджа Буша? Алесь Бяляцкі напісаў, што выздаравеў ад прастуды. Чаму КДБ не аддае пашпарт Зьмітра Дашкевіча? Якія тэмы забаранілі закранаць у лістах вязьню Магілёўскай калёніі Зьмітру Бандарэнку?

Жонка Андрэя Саньнікава журналістка Ірына Халіп атрымала тэкст адказу віцебскай пракуратуры на скаргу адваката аб парушэньні права яго падабароннага, вязьня калёніі «Віцьба-3» Саньнікава на юрыдычную дапамогу. Першы намесьнік пракурора вобласьці Чадзюк паведаміў, што Андрэй Саньнікаў са скаргамі на парушэньні сваіх правоў не зьвяртаўся. «Правы Саньнікава, у тым ліку на сустрэчу з адвакатам, не парушаліся, а дзеяньні адміністрацыі калёніі № 3 адпавядаюць закону», мяркуе намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці.

Ірына Халіп лічыць гэта няпраўдай. Журналістка паведаміла, што адвакаты яе мужа зьвярнуліся з пазовам у суд на начальніка калёніі «Віцьба-3» Агнісьцікава. Яны скардзяцца, што за больш як месяц, што Саньнікаў у калёніі, да яго ніводнага разу не дапусьцілі адваката. У тое, што яе муж не пісаў заявы на сустрэчу з адвакатам, Ірына ня верыць:

«Самы першы раз, калі Андрэя яшчэ з Наваполацкай калёніі вывезьлі і мы яго знайшлі ў Магілёўскай турме, адвакаты зь ім дамовіліся пра тое, што куды б яго ні прывезьлі, першае, што ён робіць, — гэта піша заяву на сустрэчу з адвакатам. Таму такая заява пракуратуры — сьмеху вартая хлусьня. Маглі б што прыдумаць цікавейшае».

На будучым тыдні да Андрэя Саньнікава зноў паедзе адвакат.

Мікалая Статкевіча адміністрацыя Шклоўскай калёніі лічыць «злосным парушальнікам турэмнага рэжыму» і дамагаецца ягонага зьмяшчэньня ў турму з больш жорсткім рэжымам. На гэтым тыдні са Статкевічам у калёніі бачыўся адвакат.
Ён адзін, у адзіночнай камэры ў ПКТ. Пры амаль поўнай адсутнасьці сьвятла, толькі слабая лямпачка.

Жонка палітвязьня Марына Адамовіч: «Ён адзін, у адзіночнай камэры ў ПКТ. Пры амаль поўнай адсутнасьці сьвятла, толькі слабая лямпачка. Сказаў, што не хапае прагулак, не хапае паветра. Толькі паўгадзіны на прагулку. Пастрыглі яго нагала, усё як мае быць».

Мікалай Статкевіч паведаміў адвакату, што атрымаў каля 300 паштовак зь віншаваньнямі да Калядаў і Новага году. Пра тое, што сярод іх былі віншаваньні ад былога прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша і былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, напісанае незадоўга да скону, Мікалай Статкевіч адвакату не паведаміў. Гэтыя віншаваньні вязьню былі пасланыя, але ці дайшлі яны, невядома.

Наста Палажанка, нявеста палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, працягвае перапіску з рознымі ведамствамі, каб дамагчыся вяртаньня пашпарта Зьмітра Дашкевіча ў калёнію.

«Усе інстанцыі, зь якімі вялася перапіска, паведамлялі, што пашпарт знаходзіцца ў КДБ. Але праблема ў тым, што КДБ не адказвае нічога. Ані на мае звароты, ані на Дзімавы ці адвакатаў. Нічога».

Зьмітра Дашкевіча па-ранейшаму ўтрымліваюць у адзіночнай камэры ў Глыбоцкай турме.

Працягваюць трымаць у Жодзінскім сьледчым ізалятары праваабаронцу Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года зьняволеньня. У канцы студзеня чакаецца разгляд касацыйнай скаргі Бяляцкага, але пэўны дзень яшчэ ня вызначаны.

Жонка праваабаронцы Натальля Пінчук: «Піша, што пасьля хваробы — ён раней быў моцна прастуджаны — ачуньвае і цяпер пачуваецца нармальна».

Непакоіцца пра здароўе Зьмітра Бандарэнкі ягоная жонка Вольга. У канцы мінулага году яна прывезла ў Магілёўскую калёнію лекі для мужа. У калёніі Вользе абяцалі, што мужа хутка пакладуць у мэдычную частку і пачнуць курс лячэньня, але зьвестак пра тое, што гэтак і зрабілі, у яе пакуль няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG