Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргею Каваленку не даюць спатканьня з жонкай


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

3 студзеня жонка актывіста Сяргея Каваленкі падала заяву, каб ёй дазволілі сустрэцца з мужам, які знаходзіцца ў СІЗА.

Тады, кажа Алена Каваленка, заяву абяцалі разгледзець цягам трох дзён, але абяцаньне засталося нявыкананым:

«Я патэлефанавала сьледчаму Волкаву Юрыю Станіслававічу, каб даведацца пра спатканьне. Ён сказаў, што нічога ня ведае, і ўвогуле пачаў нейкія сьмешкі — маўляў, ваша скарга можа і 10 дзён разьбірацца. Я яму заўважыла, што гэта ня скарга, а заява, і што ягонае начальства сказала, што яе трэба разгледзець за тры дні. Сказала, што заўтра яшчэ патэлефаную — каб яны тэрмінова вырашалі гэтае пытаньне».

Падчас спатканьня Алена Каваленка зьбіралася прасіць, каб Сяргей спыніў галадоўку, якую распачаў на знак пратэсту супраць крымінальнага абвінавачаньня. Яго вінавацяць паводле артыкула 415 у парушэньні рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага сябру КХП БНФ за тое, што 7 студзеня 2010 году ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

Сяргей Каваленка расцэньвае крымінальнае абвінавачаньне як ціск з боку супрацоўнікаў інспэкцыі выкананьня пакараньняў. На некарэктнае стаўленьне з боку гэтых службоўцаў ён незадоўга да арышту напісаў некалькі скаргаў у абласную пракуратуру. На знак пратэсту ён і абвясьціў галадоўку, якая доўжыцца ўжо 18-ты дзень.

Алена Каваленка
Алена Каваленка
Жонка некалькі разоў спрабавала перадаць зьняволенаму пітную мінэральную ваду.Увесь час ёй у гэтым адмаўлялі, і адвакат параіў зьвярнуцца па дазвол праз мэдычную службу.

Але і гэта не дапамагло, кажа Алена Каваленка:

«Наконт вады мне паклікалі доктара, начальнік мэдычнай часткі СІЗА да мяне выйшаў, мы праз шкло размаўлялі. І ён сказаў, што ваду ўзяць ня можа, бо мала мы што туды наліць можам, а зрабіць аналіз ды праверыць ніяк немагчыма. Але я даведалася, што можна пералічыць грошы праз пошту, пераводам на імя Сяргея, і тады ў крамцы ўнутры СІЗА ён зможа сам набыць ваду. Я толькі не разумею, чаму дагэтуль мне гэта ўсё не патлумачылі».

Жонка Сяргея Каваленкі спрабуе перадаць у СІЗА ваду яшчэ з 28 сьнежня. Яна лічыць, што пазбавіць нармальнай пітной вады чалавека ў стане галадоўкі — гэта ўжо катаваньне.

Грошы на ваду яна ўжо пералічыла, электронны перавод ідзе хутка, але калі Сяргей зможа іх атрымаць ды скарыстаць — гэта пытаньне. Мажліва, што толькі ў панядзелак.

У начальніка мэдчасткі жонка запытала пра цяперашні стан здароўя Сяргея Каваленкі. Лекар адказаў, што стан здавальняючы і што мэдыкі яго кантралююць. Тое самае ўчора казаў і адвакат. Цяпер ён зможа сустрэцца з падабаронным ды даведацца нешта новае толькі на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG