Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны да сьмерці Кавалёў падаў наглядную скаргу


Уладзіслаў Кавалёў
Уладзіслаў Кавалёў

Фігурант справы аб выбухах у менскім мэтро Ўладзіслаў Кавалёў падаў скаргу на вырак старшыні Вярхоўнага суду Беларусі.

Пра гэта паведаміла БЕЛТА з спасылкай на намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, старшыні Камісіі па пытаньнях памілаваньня Валерыя Міцкевіча.

Разгледзеўшы наглядную скаргу, старшыня мае права вынесьці пратэст, і тады справа будзе перададзена ў вышэйшую інстанцыю — Прэзыдыюм Вярхоўнага суду Беларусі. Рашэньне па нагляднай скарзе можа прымацца на працягу паўгода і больш.

«Працэдура дазваляе ў любы момант праверыць законнасьць прысуду. Але менавіта з пункту гледжаньня старшыні Вярхоўнага суду», — растлумачыў Валерый Міцкевіч.

Калі ж такі пратэст унесены ня будзе, то справа Ўладзіслава Кавалёва пяройдзе ў камісію па памілаваньні. «Камісія яе разглядае і ўносіць прапанову прэзыдэнту. Канчатковае рашэньне — за кіраўніком дзяржавы», — адзначыў Валерый Міцкевіч.

Прысуд, вынесены 30 лістапада Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, абскарджваньню і апратэставаньню ў касацыйным парадку не падлягае. Абодва яны былі прызнаныя вінаватымі па самым крывавым эпізодзе справы аб выбухах у Мінску і Віцебску — тэракту ў менскім метро і прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня.

Для Канавалава гэтае злачынства было кваліфікавана па ч. 3 арт. 289 (тэрарызм) КК Беларусі, а для Кавалёва — па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 289 (пасобніцтва ў тэрарызьме). Пры гэтым суд прызнаў абцяжарвальнай акалічнасьцю той факт, што 11 красавіка абодва фігуранты справы былі ў стане алькагольнага ап’яненьня. Таксама ў прысудзе адзначаецца, што Канавалаў і Кавалёў уяўляюць для грамадзтва выключную небясьпеку.

Тэрарыстычны акт на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» забраў жыцьці 15 чалавек. Шматлікія іншыя пасажыры атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Агульныя страты ацэнены больш як у Br2 млрд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG