Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва: «Сын напісаў прашэньне, але не прызнаў віны»


Вярхоўны Суд вызначыўся з тэрмінам, калі асуджаны на сьмерць Уладзіслаў Кавалёў і ягоны адвакат змогуць азнаёміцца з пратаколам судовага працэсу перад тым, як напісаць канчатковую наглядную скаргу на прысуд.

Ад гэтага залежыць тое, калі ў справе аб «тэрарыстах» будзе пастаўленая канчатковая кропка.

З 4 па 16 студзеня 2012 году пачнецца азнаямленьне Ўладзіслава Кавалёва і ягонага адваката Станіслава Абразея з пратаколам судовага паседжаньня па справе аб выбуху ў менскім мэтро ды іншых злачынных дзеяньнях. Адвакат мяркуе, што часу для гэтага выдзелена дастаткова.

«Мяркую, нам хопіць часу. Колькі тамоў пратаколаў? Не ўяўляю, але мяркую, тамы 4-5».

Ад імя Ўладзіслава Кавалёва, якога суд прызнаў памагатым выканаўца тэракту Дзьмітрыя Канавалава і якога таксама прыгаварыў да вышэйшай меры пакараньня, у Вярхоўны суд пададзеная папярэдняя наглядная скарга. Пасьля вывучэньня пратаколу працэсу будзе пададзеная асноўная наглядная скарга. Адвакат мяркуе, што гэта адбудзецца ў студзені наступнага году. Уладзіслаў Кавалёў ужо падаў і прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым, як кажа маці асуджанага Любоў Кавалёва, яе сын і ў прашэньні не прызнаў сябе вінаватым. Любоў Кавалёва працытавала прашэньне сына.

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва
«Выбух, які адбыўся 11 красавіка ў менскім мэтро, закрануў шмат беларусаў. Я шчыра шкадую пацярпелых, кожны зь іх спазнаў глыбокае гора. Але я не маю дачыненьня да гэтых выбухаў і не дапамагаў, а на сьледзтве даваў паказаньні, якія ад мяне патрабавалі, пад ціскам. На судзе я даў праўдзівыя паказаньні, не баючыся агалошваньня праўды. Прашу памілаваць мяне і вызваліць ад крымінальнай адказнасьці. Маё сумленьне чыстае перада мной, перад вамі, перад грамадзтвам і перад іконай».

За час пасьля вынясеньня прысуду Ўладзіславу Кавалёву дазволілі паўгадзіннае спатканьне з маці і на 10 хвілін дазволілі пабачыцца зь сястрой Тацянай. Маці вязьня Любоў Кавалёва адзначае, што сын на спатканьні быў вельмі напружаны і нават слова не паведаміў пра тое, як зь ім абыходзяцца. Сама маці мяркуе, што ён маўчыць, таму што за кожнае «лішняе» слова яго чакае вельмі жорсткае пакараньне.

«Пытаюся, а што ў цябе з нагой? А ён як сядзеў „цьвіком“, гэтак і застаўся сядзець, не паварухнуўся нават. Бо за ім стаяў вартаўнік, які кантраляваў кожнае слова, кантраляваў усё».

Любоў Кавалёва таксама паведаміла, што ёй адмаўляюць ў выдачы даверанасьці ад імя сына, з дапамогай якой яна б магла зьвяртацца ў розныя арганізацыі.

Пра тое, ці падаў Дзьмітры Канавалаў прашэньне аб памілаваньні, зьвестак няма.

Тым часам сьмяротны прысуд Ўладзіславу Кавалёву і Дзьмітрыю Канавалаву падштурхнуў многіх людзей да змаганьня за адмену ці мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў у Беларусі. У Менску працягвае галадоўку супроць сьмяротнай кары Сьвятлана Чорная. 27 сьнежня стала вядома, што жанчына, якая адмовілася ад ежы яшчэ 30 лістапада, днямі перайшла на сухую галадоўку. Гэта значыць, ужо не прымае і ваду. За час галадоўкі Сьвятлана Чорная страціла 12 кіляграмаў вагі. Паводле яе зьвестак, яе заява на імя Лукашэнкі перададзена ў камісію па памілаваньні, дзе ўжо знаходзяцца каля 50 падобных прашэньняў аб адмене сьмяротнай кары.

Таксама гучным водгукам на справу Канавалава-Кавалёва стала заява кіраўніка арт-групы «Ліпавы цьвет» Дзяніса Лімована з Магілёва аб нібыта сваёй датычнасьці да тэракту ў мэтро ды іншых выбухаў. Дзяніс Лімонаў не хавае спадзяваньняў, што пракурорская праверка ягонай заявы хоць на нейкі час «спыніць машыну сьмерці» ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG