Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці патрэбны мне такі сувэрэнітэт?..»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
У гэтыя апошнія сьнежаньскія дні ўсе мы міжволі азіраемся назад, на пражыты год. Якім быў ён для Беларусі і беларусаў? Чаго прынёс больш — радасьці ці расчараваньняў, плёну ці стратаў? Лісты-падсумаваньні, лісты-развагі склалі сёньняшнюю апошнюю ў 2011-м годзе перадачу "Паштовая скрынка-111.

Пачну яе зь ліста Ігната Равенскага з Полацку, які лічыць, што асаблівых падстаў для аптымізму і гонару беларусы напярэдадні Новага года ня маюць. Слухач піша:

«Заканчваецца ў многім нешчасьлівы для Беларусі 2011-ы год, і хочацца падагульніць тое, што запомнілася. А запомніліся чэргі ля банкаўскіх абменьнікаў; «валютчыкі» ля крамаў; акцыі маўклівага пратэсту, якія разганяюць шалёныя агенты ў цывільным; трохразовая дэвальвацыя беларускага рубля; панічныя чуткі; выбух у Менскім мэтро... І гэта — за адзін толькі год....

Сярод значнай часткі беларускага грамадзтва, якое доўгі час падтрымлівала Лукашэнку, як я бачу і адчуваю, менавіта сёлета адбыўся псыхалагічны надлом. Так званая «стабільнасьць» лопнула, як мыльная бурбалка. І ніхто ня ведае (альбо ведае, ды ня хоча казаць), які будзе курс беларускага рубля ў наступным годзе. З цэнамі — такая ж сытуацыя.

Цяперашняя стабілізацыя нацыянальнай валюты на ўзроўні 8500 рублёў за даляр была зроблена за расейскія грошы. Пуцін і Мядзьведзеў проста не маглі не скарыстацца такой сітуацыяй. Атрымалі ў свае рукі Белтрансгаз — крывыяносную сістэму беларускай эканомікі.

Але сапраўдныя пляны Пуціна адносна Беларусі высьветляцца пасьля хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Яўная стратэгічная мэта — цалкам падпарадкаваць сабе Лукашэнку.

Многія пазьнякоўцы лемантуюць, што Пуцін хоча захапіць і акупаваць Беларусь. Але ён не такі дурань, каб дзейнічаць нахрапам, псаваць адносіны з Захадам. Усё будзе зроблена па-іншаму — праз набыцьцё беларускіх прадпрыемстваў, увядзеньне расейскага рубля. А Лукашэнку проста прымусяць на ўсё гэта пагадзіцца.

Нацыянальны і праэўрапэйскі рух у нас разьбіты, расьцярушаны і нашпігаваны агентамі. Інтэрнэт-актывістаў выгналі з плошчаў міліцыянты і агенты ў цывільным. Уся надзея цяпер на дробную намэнклятуру, якая фальсыфікуе выбары, — яе трэба ўзяць, так бы мовіць, «на прыцэл». Толькі тады ў Беларусі адбудуцца жаданыя зьмены«
.

Не зусім зразумела, спадар Ігнат, што Вы маеце на ўвазе, заклікаючы «узяць на прыцэл» (у двукосьсях) дробную намэнклятуру, якая фальсыфікуе выбары. Апэляваць да сумленьня гэтых людзей, дакараць іх за парушэньне закона, спрабаваць перавыхаваць? Марная справа. Не яны прымаюць рашэньні, не яны «малююць» лічбы, ня імі створана ўся гэта сыстэма псэўдавыбараў і псэўдападліку галасоў. І да адказнасьці за крымінальнае злачынства, якім ёсьць махлярства з выбарчымі бюлетэнямі, яны пры гэтай уладзе ня будуць прыцягнуты. Самі яны цьвёрда ў гэтым перакананы, і таму ніхто зь іх не зьбіраецца рызыкаваць цёплым крэслам і стабільным службовым акладам.

А ня зьменіцца ўся гэта сыстэма да таго часу, пакуль крытычнай масе звычайных беларускіх грамадзянаў не надакучыць гэтая гульня ў псэўдавыбары, пры якой адны робяць выгляд, што галасуюць, а другія — што лічаць галасы.

Аўтар наступнага ліста Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёна зьвяртаецца да тэмы нядаўняй вялікай выніковай прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Слухач піша:

"Не аднаго мяне, думаю, цікавіла, што можна спытаць і што адказаць пры цяперашнім катастрафічным становішчы краіны. І чарговы раз людзі пачулі, што жыць будзем яшчэ весялей і цікавей, што на ўсё воля народа і сьвятасьць Канстытуцыі. Калі хто і пачынаў за 4 гадзіны верыць у заробак у 1000 даляраў нашых будаўнікоў ці спачувальна пусьціў сьлязу, шкадуючы зьбяднелых чыноўнікаў, дык дастаткова было адарвацца ад радыё і выйсьці на вуліцу: заплаціць за камунальныя паслугі, заправіць аўто, шарахнуцца ад цэнаў у краме, атрымаць у банкамаце прыстойны заробак за сваю сумленную працу. Ад усяго гэтага пытаньняў да ўлады з кожным днём усё болей. Ды вось адказаў нешта няма.

Упершыню (ды, напэўна, і апошні раз) у прэсавай канфэрэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі СМІ, пункт гледжаньня якіх адрозьніваецца ад афіцыйнага. Менавіта ад Марыны Коктыш я пачуў самае дастойнае, сьмелае пытаньне, ад якога нельга адмахнуцца агульнымі фразамі. Гэта пытаньне паказала, што ёсьць яшчэ ў нашым грамадзтве людзі, якія ня будуць паслужліва ўсьміхацца, хаваць вочы, пацець ад страху. Дзякуй, Марына!

А да Вас, Валянцін, — просьба. Калі можна, падзяліцеся сваімі ўражаньнямі ад прэсавай канфэрэнцыі: якая там панавала атмасфэра; ці была дыскрымінацыя не залежных ад улады СМІ; што вы адчувалі, задаючы пытаньне; ці задаволіў вас адказ; ці каардынавалі вы загадзя пытаньні са сваімі калегамі зь незалежных СМІ; што вас зьдзівіла, уразіла, расчаравала?«
.

Ніякай дыскрымінацыі ў зале, спадар Аляксей, не было: пастой гадзіну-другую ў чарзе — і можаш спытаць, што хочаш. Іншая справа, што прадстаўнікоў недзяржаўных і замежных СМІ, якім дазволілі прысутнічаць, можна было пералічыць на пальцах дзьвюх рук. Гэта пры тым, што усяго журналістаў было запрошана больш як чатыры сотні: рэдактары ўсіх раённых, гарадзкіх, шматтыражных і Бог яго ведае якіх яшчэ газэт. Відавочна, разьлік быў на тое, што голас гэтага дзясятка людзей патоне ў лавіне тых, хто задае толькі зручныя ўладзе пытаньні. Дарэчы, свабодных месцаў у зале было дастаткова, але перад самым пачаткам прэсавай канфэрэнцыі іх запоўнілі адмыслова прывезенымі дзеля гэтага студэнтамі журфака БДУ.

Усё астатняе вы, бадай, бачылі і чулі. Заўважу, што ніякага агрэсіўнага стаўленьня да сябе з боку журналістаў дзяржаўных СМІ я не адчуў. Між сабой яны гаварылі пра тое ж, што і мы, найбольш абмяркоўвалі менавіта тыя вострыя пытаньні і адказы на іх, якія ўсіх цікавілі.

Наступны ліст даслаў наш даўні сябар, аўтар многіх цікавых допісаў Кастусь Сырэль зь мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам. Гэтым разам ён уздымае пытаньні, якія лічыць сёньня надзвычай важнымі. Якую цану можна заплаціць за сувэрэнітэт сваёй краіны, ці ёсьць нейкая мяжа такога кошту? Ці можна пакласьці на алтар незалежнасьці любыя мажлівыя і нават немажлівыя ахвяры — абы толькі быць незалежнымі? Спрабуючы адказаць на гэтыя пытаньні, Кастусь Сырэль піша:

"Вось узяць, напрыклад, Татарстан, які знаходзіцца ў складзе Расійскай фэдэрацыі. Больш ці менш у іх гэтай самай незалежнасьці і сувэрэнітэту ў параўнаньні з намі? Рэспубліка мае сваю канстытуцыю, прэзыдэнта, дзяржаўны сьцяг, гімн, герб, парлямэнт, кабінэт міністраў, акадэмію навук, дзьве раўнапраўныя дзяржаўныя мовы, зьнешнеэканамічныя сувязі. Толькі з Турцыяй зьнешнеэканамічны абарот складае 3 мільярды даляраў. Карацей кажучы, пакуль усё, як у якой-небудзь Швэйцарыі, толькі там ажно тры афіцыйныя мовы, і ніхто з-за гэтага не камплексуе і не пакутуе.

І нешта я ня чуў, каб у Татарстане штрафавалі за карыстаньне татарскай мовай. Там няма двух Саюзаў пісьменьнікаў, як у нас. Там ніхто не адважыцца вырваць у цябе з рук і падраць на кавалкі чырвона-зялёны з вузкай белай паласой нацыянальны сьцяг, а калі адважыцца, то неадкладна апынецца на нарах.

Дык у чым розьніца паміж намі і Татарстанам? У тым, што іхні прэзыдэнт адказвае за сваю дзейнасьць ня толькі перад сваім народам, але і перад прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі, а наш наогул ні перад кім і ні за што не адказны, нават перад Госпадам Богам?

Прэзыдэнтам Татарстана 19 год, з 1991 да 2010, быў Менцімер Шайміеў. Але ў 2010 годзе Менцімер Шарыпавіч папрасіў Мядзьведзева не разглядаць ягоную кандыдатуру на наступны тэрмін. Сышоў чалавек спакойна, годна, не трымаючыся кіпцюрамі і зубамі за прэзыдэнцкае крэсла. Яго паважаюць, яму няма чаго баяцца, бо ён не таптаў Канстытуцыю і не выціраў аб народ ногі.

А ў нас? Ці патрэбны мне такі сувэрэнітэт, пры якім глуханямога штрафуюць за тое, што ён брыдка лаяўся, а аднарукага — за тое, што ён пляскаў у ладкі?

— пры якім мільён маіх суайчыньнікаў зь дзесяці, у тым ліку мае сваякі, дзеці і ўнукі вымушаны жыць на чужыне, каб не апынуцца на сваёй Радзіме ў галечы?

— пры якім мая пэнсія за нейкія паўгады зьмяншаецца ўдвая, а вінаватыя ў гэтым не нясуць ніякай адказнасьці?

— пры якім мяне пасярод белага дня на вачох у міліцыі могуць схапіць на вуліцы нейкія невядомыя людзі, закінуць у машыну без нумароў, а потым, лаючыся, зьдзекваючыся і пагражаючы, вывезьці за горад і вышпурнуць, як жывёлу?

— пры якім я вымушаны асьцерагацца хадзіць у краму, каб не атрымаць інфаркт ад лічбаў на цэньніках?..«
.

Цяжка не зразумець, спадар Кастусь, гэтыя расчараваньне, роспач, крыўду і боль, зь якімі Вы задаяце свае пытаньні. І ўсё ж, нягледзячы ні на што: палітычныя рэжымы мяняюцца, дыктатары сыходзяць у нябыт (ціха ці з трэскам — здараецца па-рознаму, але сыходзяць непазьбежна) — а дзяржаўная незалежнасьць застаецца. На зямлі — тысячы нацый і народнасьцяў, але толькі каля двухсот маюць свае незалежныя дзяржавы. Беларусы — сярод тых, каму пашанцавала. Удасца захаваць незалежнасьць сваёй дзяржавы хоць бы ў такім ня самым зайздросным выглядзе — будучыя пакаленьні беларусаў здолеюць адбудаваць на гэтым падмурку што-небудзь больш прыстойнае і з удзячнасьцю будуць успамінаць продкаў. Ня будзе незалежнай дзяржавы — ня стане ўрэшце і беларусаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск −5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG