Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастацтва адказу на пытаньні


Натхнёныя нядаўняй бліскучай прэсавай канфэрэнцыяй, мы вырашылі сканструяваць архэтыповую мадэль размовы беларускага журналіста з беларускім чыноўнікам на прэсавай канфэрэнцыі.

– Іван Іванавіч, вітаю вас.
– Вітаю. Вы б усталі. А то неяк няёмка на вас глядзець.
– Іван Іванавіч, я стаю.
– Прабачце, не заўважыў. Тады б вы селі. А то чаго стаяць, у нагах праўды няма.
– Іван Іванавіч, мы жадалі ў вас запытацца...
– Сяргей, так?
– Не, Віталь.
– Віталь, прыгожае імя. Ты з Полаччыны?
– Не, з Горадні.
– Горадня – прыгожы горад.
– Іван Іванавіч, мы...
– Хочаш гарбаты?
– Не, не хачу.
– А чаго гэта ты прыйшоў на прэсавую канфэрэнцыю і не хочаш гарбаты? Зрабіце яму гарбаты. А пакуль хай Юра з тэлебачаньня задасьць пытаньне.

(Юра з тэлебачаньня задае пытаньне, ці не складана герою прэсавай канфэрэнцыі быць такім знакамітым ды папулярным. Герой адказвае: шчыра кажучы, складана. Аднак ён не мае жалю ды стомы. Прэсавы сакратар зноў дае слова Віталю).

– Іван Іванавіч, мы хацелі...
– О, зноў ты. А яшчэ кажуць, нібыта ў нас не даюць слова незалежнай прэсе.
– Даюць.
– Толькі вам і даюць.
– Іван Іванавіч, дык пытаньне...
– Ну як гарбата, спадабалася?
– Добрая гарбата.
– Ты адкуль, чаму не назваўся?
– Я з Інтэрнэт-сайта «Народная доля».
– Я люблю Інтэрнэт. Інтэрнэт гэта будучае. Ну дык запытайся ўжо, уся краіна нас зараз глядзіць, а ты затрымліваеш.
– Іван Іванавіч, хацелі спытацца: як пражыць на заробак у адзін мільён рублёў, калі за хату па жыроўцы 200 тысяч трэба аддаць?
– Рэдактар «Народнай долі» - Іосіф Сярэдзіч?
– Не, Сярэдзіч рэдагуе «Народную волю».
– Я ж ведаю, да каго Сярэдзіч па грошы ходзіць. Мне дакладаюць: Сярэдзіч зноў па грошы да такога бізнэсоўца прыйшоў. А я кажу: не чапайце вы Сярэдзіча, нам і такія выданьні таксама патрэбны.
– Іван Іванавіч, Сярэдзіч гэта «Народная воля».
– Я аднаго не ўцямлю: вось вы калі ў «Народнай волі» пішаце, усё абражаеце ўладу. А тут вы ціхія, гарбату п'яце. Дык калі вы сапраўдныя – тады ці зараз?
– Іван Іванавіч, мы ніколі ўладу не абражаем. Дык да пытаньня...
– А вось хай вам калега адкажа з дзяржаўнага часопіса.

Падымаецца калега з дзяржаўнага часопіса і эмацыйна касьцярыць Віталя за бязглуздасьць агучанага пытаньня. Калега тлумачыць, што нават даяркі атрымліваюць у краіне заробак 500 даляраў, усе цяжкасьці маюць часовы характар, праз паўгоду мы будзем сьмяяцца, згадваючы дэвальвацыю ды інфляцыю. Прэсавы сакратар дзякуе калегу ды запрашае Віталя садзіцца. Віталь не пагаджаецца.

– Даруйце, Іван Іванавіч, аднак адчуваньне такое, нібыта вы на пытаньне не адказалі.

Іван Іванавіч:

– Усе з гэтым згодныя?

Прадстаўнікі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ня згодныя з Віталём. Яны рагочуць, тупаюць ды ўлюлюкаюць.

– Бачыш, Віталь, нейкую дурасьць ты сказаў. Усе акрамя цябе гэта разумеюць.
– Ведаеце, Іван Іванавіч, я магу сесьці, аднак тыя, хто зараз нас слухаюць ці чуюць, усё роўна будуць аб гэтым думаць: як пражыць на адзін мільён, калі мяса ў крамах вунь колькі каштуе? Дык я лепей яшчэ раз у вас запытаюся: як пражыць? Бо вашае атачэньне можа ад вас хаваць, што ў людзей такі інтарэс ёсьць.
– А давайце мы лепей анэкдот паслухаем.

З'яўляецца спэцыяльны чалавек, які расказвае анэкдот. Анэкдот нясьмешны, аднак усе сьмяюцца. Віталь працягвае стаяць. Ён зноў нагадвае пра пытаньне. Іван Іванавіч зьмяняе інтанацыю.

– «Народная доля» гэта інтэрнэт сайт, зарэгістраваны на дамэне «бай»?
– Так.
– Рэгістрацыйнае пасьведчаньне нумар такі і такі?
– Так.
– Колькі парушэньняў патрэбна, каб рэгістрацыя была анулявана?

Паднімаецца спэцыяльны чалавек, які тлумачыць, колькі парушэньняў патрэбна і што парушэньні ўжо зарэгістраваныя. Віталь чырванее, аднак стаіць. Іван Іванавіч зьвяртаецца да яго.

– Ты, Віталь, у мінулым годзе ў Страсбур па запрашэньню Эўразьвязу езьдзіў?
– Ну так. Аднак якое гэта дачыненьне мае да...?
– І атрымаў там 150 эўра камандзіровачных на 4 сутак?
– Атрымаў, адкуль вы ведаеце?
– І расьпісаўся ў ведамасьці?
– Крыжык паставіў, ну і што з таго?

Паднімаецца спэцыяльны чалавек, які тлумачыць, што за наступствы прадугледжаны беларускім заканадаўствам за атрыманьне недэкляраваных у падатковай прыбыткаў за мяжой.

Віталь бляднее. Іван Іванавіч падсумоўвае.

– Галоўнае, Віталь, скажу. У нас - ні да цябе, ні да твайго сайту прэтэнзіяў няма. Жадаеце працаваць? Працуйце! Нікога не абражайце, ведайце сваё месца, калі, канешне, жадаеце жыць у гэтай краіне, паважайце закон, не парушайце яго. А пытаньне такое, з падколам, любы можа задаць. Вось Юру ўзяць з тэлебачаньня

(устае Юра з тэлебачаньня)

– Ён што, думаеш, дурнейшы за цябе? Не дурнейшы! Таксама некалі, ведаеш, брыкаўся. Пакуль мы яму аднаго дня не растлумачылі нашы пэрспэктывы. Аднак зараз ты бачыш – усім задаволены Юра, бо разумее: крызыс пройдзе, мы пра складаныя часы будзем узгадваць з усьмешкай.

(Юра з тэлебачаньне сядае, задаволены, што яго ўзгадалі ў пазытыўным ключы).

Віталь раптам пагаджаецца. З нэрвовым энтузіязмам ківае галавой.

– Ну вось, бачыш, і ты нешта ўцяміў. А зараз давай сам адказвай на свае пытаньне.

Віталь зноў чырванее: бачна, што новая роля даецца яму ня проста. Іван Іванавіч дапамагае:

– Ты пачні, там прасьцей пойдзе!
– Ну, можна, па першае, адмовіцца ад мяса.
– Так, малайчына!
– Па-другое, меней паліць сьвятла, абмежаваць выкарыстаньне гарачай вады... Ну, што яшчэ... Бульбы больш есьці... Яна танная. Прывезьці з вёскі мех бульбы, ды есьці...

Задаволены Іван Іванавіч зьвяртаецца да тэлегледачоў:

– Бачыце, нават найбольш радыкальныя журналісцкія элемэнты пагаджаюцца з тым, што жыць у Беларусі добра, годна ды сытна! Усяго добрага! За моцную ды квітнеючую Беларусь!

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG