Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» падвяла вынікі 2011 году


Кампанія «Гавары праўду» падвяла вынікі году
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:56 0:00
Наўпроставы лінк

22 сьнежня грамадзкая кампанія «Гавары праўду» зрабіла публічную справаздачу перад грамадзкасьцю і журналістамі пра вынікі мінулага году.

Пасьля 19 сьнежня 2010-га «Гавары праўду», як і ўвесь дэмакратычны рух, панесла адчувальныя страты. Але ўжо ўвесну актывісты кампаніі зноў пайшлі «ў народ».

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў на паўгода — зь 19 сьнежня 2010-га да сярэдзіны траўня 2011-га — фактычна быў нэўтралізаваны, знаходзіўся за кратамі альбо пад хатнім арыштам. Але актывісты кампаніі працягвалі працаваць.

Уладзімер Някляеў: «Мы 10 праектаў адолелі — і гэта самая цяжкая праца. Вось гэтая праца — сацыяльна накіраваная, праца зь людзьмі, якія сёньня знаходзяцца пад ціскам, гэта самая цяжкая праца. Значна прасьцей — і мы сёньня маглі б пайсьці больш простым шляхам (якім ідуць большасьць нашых апазыцыйных партыяў) — сядзець у офісах, выдумляць усялякія міжнародныя праграмы па дэмакратызацыі, па ўздыме). Іншая рэч — ня ўсё нам далі зрабіць, як мне не далі дайсьці да плошчы. Але пераважную большасьць праектаў там, дзе нам не заміналі, мы ажыцьцявілі».

Выступае Ўладзімер Някляеў
Выступае Ўладзімер Някляеў


Актывіст Кампаніі «Гавары праўду!» Павал Вінаградаў больш за іншых правёў за кратамі — дзевяць месяцаў:

«Было за кратамі наагул незразумела, ці жывы рух «Гавары праўду». Хто ў турме, хто на волі… Было страшна апынуцца без падтрымкі роднай арганізацыі. Дзякуй Богу, гэтага ня здарылася… Я са свайго боку не на сэкунду не спыняў агітацыю за «Гавары праўду» і за Някляева сярод насельніцтва Валадаркі і івацэвіцкіх «Ваўчыных нораў».

Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў


Кампанія салідарнасьці з так званымі «дзекабрыстамі», «100 пытаньняў уладзе», лякальныя акцыі ў маленькіх гарадах і мястэчках, «Прыватызацыя ці распродаж» — рэальных справаў было шмат.

Уладзімер Някляеў: «Што такое грамадзкая прыёмная? Гэта, да прыкладу, выгналі цябе з працы — ну, нікому ты не патрэбны. Ідуць да нас, нават я вам скажу такую рэч — Тацяна Процька, якая была арганізатарам гэтых «грамадзкіх прыёмных» і якая жыве зараз часова пад Вашынгтонам (ну, не зусім там жыве, у яе там дачка, і яна паехала на нейкі час), — яна і там стварыла грамадзкую прыёмную, і амэрыканскія грамадзяне ідуць скардзіцца на Абаму да Тацяны Процькі і «Гавары праўду».



Колькі намаганьняў прыклала кампанія, каб у Менску і Горадні зьявілася вуліца Васіля Быкава, колькі пікетаў было праведзена, але пакуль безвынікова, кажа Ўладзімер Някляеў:

«130 тысяч подпісаў сабралі. Лякальныя акцыі правялі —50 як мінімум іх было, з подпісамі і бяз подпісаў. Куды толькі не выходзілі, куды толькі гэтыя лісты не насілі — уперліся рогам: чаму Быкаў? Ад пачатку гэта ўлада — антынацыянальная. Гэта ўлада — антынародная. Але гэта помста, ня здолелі яны яго тады нэйтралізаваць. Не хапіла зубоў. Але вы разумееце — праўда пераможа».

Уладзімер Някляеў падпісвае сваю новую кнігу «Лісты да Волі».
Уладзімер Някляеў падпісвае сваю новую кнігу «Лісты да Волі».


Шмат чаго кампанія ня здолела зрабіць: не ўдалося дамагчыся ўнесьці зьмены ў заканадаўства аб дзяржаўных служачых, каб чынавенства дэкляравала ўсе прыбыткі, і ў празрыстасьць закону аб прыватызацыі, кажа адзін зь лідэраў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

«Калі мы паставілі на мэце сабраць 100 тысяч подпісаў за зьмены ў заканадаўстве, мы яшчэ не разумелі тую апатыю і той узровень страху, якія пануюць у грамадзтве. Мы сабралі толькі 53 тысячы. Але іх было дастаткова, каб зьвярнуцца ў выканкам зь ініцыятывай. У нас не атрымалася шмат лякальных кампаній, дзе мясцовыя ўлады ня проста заміналі людзям, але гэта былі арышты, ціск на актывістаў. Не атрымалася, я думаю, і галоўная рэч — зрабіць салідарнасьць справай усяго народу. Каб людзі зразумелі: калі мы будзем салідарнымі з тымі, хто змагаецца, заўтра жыцьцё кожнага будзе зьмяняцца».

Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч зь першага дня падтрымаў кампанію. І пасьля гэтага ў яго пачаліся праблемы з канцэртнай дзейнасьцю:

«Сказалі ўлады культурныя, што я — вораг нумар два пасьля Міхалка. Паколькі я жыву тут, мне гэта нават імпануе».

Карэспандэнтка: «Не шкадуеце, што ў нечым вы страцілі, зьвязаўшыся з кампаніяй „Гавары праўду“?»

«Не шкадую, бо нічога кепскага я не зрабіў. Канечне, складана на роднай зямлі ладзіць канцэрты. Але і тыя музыкі, якія падкрэсьлівалі свой нэўтралітэт, тым ня менш, яны таксама ў тых сьпісах забароненых. Таму нашай цяперашняй уладзе зараз патрэбна, каб ты адно месца разарваў на чырвона-зялёны сьцяг, каб яны паверылі ў адданасьць. Так што не шкадую».

15 студзеня кампанія «Гавары праўду» паабяцала распавесьці пра стратэгію на новы, 2012 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG