Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крутыя яйцы



Жахлівая гісторыя з актывісткамі ўкраінскага руху Femen, якія зладзілі ў Менску акцыю каля будынку КДБ, а потым патрапілі ў рукі катаў, прымушае прыгадаць выслоўе Талейрана: «Гэта горш чым злачынства – гэта памылка». Можна па-рознаму ставіцца да пэрформансаў фэмэнак – на гэты конт існуе ўжо хіба не цэлая бібліятэка аналізаў і інтэрпрэтацыяў. Гэта насамрэч даволі тыповая з'ява нашага постмадэрніскага часу, ператварэньня ўсяго, і палітыкі ў тым ліку, ў карнавал і гульню сэнсамі і сымбалямі. Гэта так ўспрымалася і ў Кіеве, і ў Рыме, і ў Маскве – паўсюль, дзе дзяўчаты з аголенымі цыцкамі дэманстравалі свой пратэст супраць чаго-небудзь.

Падобны ж карнавал мы назіралі летась у кампаніі «Гавары праўду», з балёнікамі і дамовамі з коцікам.

Але Беларусь – краіна сур'ёзная, гэтымі глябалісцкімі трэндамі не закранутая. І ўсе падобныя гульні сэнсамі і сымбалямі тут – да экзістэнцыйнай мяжы, да вяртаньня ў грубую і жорсткую рэчаіснасьць, дзе кроў – гэта кроў, пакуты – пакуты, а зло – гэта зло, а не камічная лялька.

Тут варта прыгадаць фразу Аляксандра Лукашэнкі, сказаную ў нядаўнім інтэрвію Сяргею Дарэнку, што маўляў, у эўрапейскіх палітыкаў няма яец. У падтэксьце – у адрозьненьні ад таго, ў каго Дарэнка браў інтэрвію. Ну вось яскравую дэманстрацыю гэтага мужчынскага багацьця фэмэнкі, а разам зь імі і мы ўсе, зараз і пабачылі. Аблілі алеем, пагражалі падпаліць, абстрыглі, зьбілі, распранулі.

Гэта ўжо клініка. Прывітаньне маркізу дэ Саду. Дзякуй што не забілі. У вычварэнцаў часта і да гэта даходзіць.

Ну можа і не па прамым загадзе Лукашэнкі тое было зроблена, можна нават дапусьціць, што ён нічога пра гэта і ня ведаў. Аднак гэта насамрэч ня мае значэньня. Хіба гэта неяк супярэчыць усёй папярэдняй практыцы беларускіх праваахоўных органаў, хіба фэмэнкі былі першыя, па-бандыцку захопленыя, вывезеныя за горад, хіба першымі, каго білі, катавалі і палохалі забойствам? Не яны першая і магчыма на жаль – не апошнія. Гэта сыстэма, створаная прэзыдэнтам, заточаная пад такія дзеяньні, свае, так бы мовіць, яйцы яна мае звычку дэманстраваць менавіта такі чынам.

Дарэчы, каму-нейкаму ў Беларусі гэта можа нават і спадабацца: а чаго – езьдзілі па ўсім сьвеце, распраналіся і думалі, што ўсё так і пройдзе? А тут ім ня там – распраналіся, дык тут вас дагала распрануць. Спадабалася? А нечага на бацьку прыгаць, ён у нас зь яйцамі і ў выпадку чаго....

Ну ня масавыя можа будуць такія ацэнкі. Але і не адзінкавыя.

Аднак усё ж да Талейрана. Беларуская ўлада сапраўды заўсёды найперш арыентуецца на ўласны народ, хаця і тут, ня выключана, яна пралічылася. Але я пра сьвет, пра рэгіён, пра Эўропу ды Расею.

Бо ёсьць дыктатуры і дыктатуры. Часам яны выклікаюць жах, нянавісьць сваёй халоднай бязьлітаснасьцю. Але тут іншае, гісторыя з фэмэнкамі выклікае да іх гвалтаўнікоў адно агіду. Гэта не мачо, гэты слабы мужчына зьдзекуецца з жаночага цела, збываючы ў гэтым глуме свае цяжкія комплексы.

Падобныя паводзіны выклікаюць ужо зусім іншае, па-за палітычнае стаўленьне.

Гэта як з Кадафі. Істотна стаўленьне да яго зьмянілі не расстрэлы пратэстоўцаў, а інфармацыя пра загад аб масавых гвалтаваньнях жанчын і нават раздачу віягры для выкананьня гэтага загаду.

Ці праўда тое было наконт Кадафі – Бог ведае, але пасьля такіх зьвестак да яго сталі ставіцца не як да жорсткага дыктатара, а як да шалёнай жывёлы.

А тут самі, ўласнаручна нізводзяць сябе да такога ўзроўню. І шырокая агульнаэўрапейская вядомасьць руху Femen гарантуе, што стаўленьне да беларускіх касталомаў будзе менавіта такім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG