Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год пасьля Плошчы: лёсы ўдзельнікаў пратэстаў, ч.2


Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч

19 сьнежня 2010 году ў акцыі пратэсту ў Менску бралі ўдзел многія дэмакратычныя актывісты з рэгіёнаў. Сотні іх прайшлі праз арышты і ператрусы, зьведалі адміністрацыйны перасьлед. Некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь, а большасьць з тых, хто застаўся, улады да сёньняшняга дня пазбаўляюць права на працу і вучобу. Пра тое, як на працягу мінулага году склаўся лёс удзельнікаў Плошчы, расказваюць карэспандэнты «Свабоды».

Гарадзенцы Алесь Кіркевіч і Юры Істомін прызнаюцца, што дагэтуль часта ўспамінаюць падзеі на Плошчы 19 сьнежня, а таксама наступныя выпрабаваньні, зь якімі давялося сутыкнуцца.

Алесь Кіркевіч


Маладафронтаўца Алеся Кіркевіча асудзілі на чатыры гады зьняволеньня за падзеі на Плошчы 19 сьнежня 2010 году, а вызвалілі з наваполацкай калёніі 1 верасьня сёлета пасьля таго, як ён напісаў прашэньне аб памілаваньні.

Алесь распавядае, што ўсе падзеі з Плошчы вельмі добра памятае, лічыць знакавымі ў гісторыі краіны, а сёньня, чамусьці, асабліва ўзгадаўся той момант, калі здавалася вось-вось адбудзецца перамога.

Кіркевіч: «Быў такі момант эфэмэрнага трыюмфу, калі спэцназ адступіў ад прыступак Дому ўраду, калі зьнялі першы ланцуг атачэньня і тады была такая эўфарыя: яны сыходзяць, мы перамаглі. Быў такі момант, ён запомніўся на ўсё жыцьцё».
Яны сыходзяць, мы перамаглі. Быў такі момант, ён запомніўся на ўсё жыцьцё.

Сёньня Алесь не імкнецца казаць пра цяжкасьці, якія давялося перажыць у наваполацкай вязьніцы, у знакамітай «амэрыканцы». Кажа, як гісторык, увесь час праводзіў там паралелі з 30-мі гадамі мінулага стагодзьдзя, паколькі разумеў, што сядзіць у тых самых камэрах, дзе некалі трымалі і катавалі самых знакамітых людзей Беларусі.

Кіркевіч: «Гэта, як у „амэрыканцы“, дзе трымалі і забівалі нашых нацыянальных дзеячоў: Ларысу Геніюш, Грахоўскага, іншых, гэта і Валадарка са знакамітымі расстрэльнымі падземнымі дворыкамі, адкуль штодня ў 30-я гады вымывалі кроў людзей, якіх там забівалі».

Пасьля вязьніцы Алесь спрабаваў аднавіць адукацыю ў ЭГУ, але там адмовіліся браць у сярэдзіне навучальнага году. Зараз займаецца журналістыкай, імкнецца напісаць кнігу і надалей застаецца актыўным сябрам «Маладога фронту».

Юры Істомін


Юры Істомін
Юры Істомін
Юры Істомін, старшыня абласной арганізацыі АГП, быў асуджаны за ўдзел у Плошчы на 13 сутак арышту і адбываў іх на Валадарцы. Згадваючы пра 19 сьнежня, найперш кажа пра саму выбарчую кампанію, узгадвае адносна свабодныя сустрэчы з выбарцамі, падчас якіх людзі сьмела крытыкавалі ўладу, і тады ўжо здавалася, што перамены не за гарамі. Але 20-га надышло працьверазеньне.

Істомін: «Пасьля 19-га гэтыя ілюзіі зьмяніліся на тое, што мы знаходзімся ў скрайне дыктатарскай краіне і што акрамя як праз масавыя акцыі супраціву гэтую ўладу не зьмяніць».
Акрамя як праз масавыя акцыі супраціву гэтую ўладу не зьмяніць.

Спадар Істомін кажа, што пасьля 19-га зьмяніліся ня толькі погляды на палітычную стратэгію і тактыку, зьявілася большая адказнасьць за тых, хто змагаецца з табой побач, а таксама па-іншаму пачаў думаць пра сваю сям’ю.

Істомін: «І ў асабістым жыцьці многае зьмянілася — мы сталі бліжэшымі адзін да аднаго. Я першы раз тады сустракаў Новы год па-за межамі сям’і… Мы сталі больш паважаць адзін аднаго…».

Станіслаў Халадовіч


Станіслаў Халадовіч
Станіслаў Халадовіч
Актывіст з Івацэвічаў Станіслаў Халадовіч адседзеў за Плошчу 15 сутак. Ён не шкадуе аб тым, што пайшоў на акцыю пратэсту, хоць і пацярпеў за ўдзел у ёй.

Былы міліцыянт, а цяпер працаўнік івацэвіцкага водазабору Станіслаў Халадовіч кажа, што пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году некаторыя знаёмыя ды калегі па працы зь яго кпілі, запытвалі, колькі яму заплацілі за Плошчу. Спадар Халадовіч ня крыўдзіўся, толькі жартаваў, што, маўляў, «паедзеце наступны раз, то таксама сваіх 10 сутак атрымаеце».

«Але зараз іх адносіны зусім іншыя — пасьля эканамічнага падзеньня гэтага. І я гляджу, ім цяпер сорамна перад мною», — кажа актывіст.

Пасьля адбыцьця арышту за Плошчу актывіст зьведаў допыты і ў мясцовым КДБ:

«Спрабавалі мне падсунуць паперы, каб я падпісаў. У тых паперах яны бачылі ў маіх учынках крымінальныя дзеяньні. Я ім заявіў, што ў сваіх учынках ня бачу нават адміністрацыйнага правапарушэньня».

Актывіст кажа, што ягонага сябра Ўладзіслава, зь якім ён быў на Плошчы, чэкісты ўсё ж запалохалі, і ён ад актыўнай дзейнасьці адышоў.

Станіслаў Халадовіч кажа, што на працягу мінулага года ён цярпеў і пэўны ціск з боку начальства:

«Я быў нават у мінулым годзе адзначаны граматай за добрасумленную працу, а пасьля гэтых падзеяў я цяпер аказаўся ў падменных. Я зразумеў, што так ціснуць на маё кіраўніцтва, а кіраўніцтва змушана на мяне таксама ціснуць. Ствараюцца такія ўмовы, каб я сам сышоў».

Марат Несьцярэнка

Марат Несьцярэнка
Марат Несьцярэнка
Берасьцейскі актывіст кампаніі «Гавары праўду» Марат Несьцярэнка за Плошчу адбыў 12 сутак.

2010 год яму давялося сустракаць у цягніку па дарозе з турмы. Але спадар Несьцярэнка кажа, што арышт за Плошчу не адбіў ў яго ахвоту змагацца за перамены:

«Многія людзі да гэтага былі абсалютна апалітычныя. А калі іх ужо з мэтро на роўным месцы ні за што пачалі выцягваць і запакавалі… Яны ня ўдзельнічалі і адмаўляліся, і атрымалі ў выніку яшчэ больш, чым тыя, хто ўдзельнічаў. Яны, канечне, зрабілі свае высновы. Сказалі, што «мы палітыкай не займаліся, але палітыка занялася намі», — распавёў берасьцейскі актывіст Марат Несьцярэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG