Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: адзіночная акцыя «Стоп бэнзін»


Аляксей
Аляксей
Супрацоўнік Дзяржаўтаінспэкцыі склаў тры пратаколы на жыхара Магілёва, які наважыўся выказаць нязгоду з чарговым падвышэньнем цэнаў на паліва. Аляксей, якія прасіў не называць ягонае прозьвішча, на ўласным легкавіку нясьпешна праехаўся па цэнтральных вуліцах гораду, спыняючыся з аварыйным сыгналам фар.

Спыніў супрацоўнік ДАІ машыну Аляксея акурат на месцы, дзе праводзіліся апошнія маўклівыя акцыі пратэсту — ля сквэру насупраць плошчы Леніна. Легкавік блякавала службовая машына Дзяржаўтаінспэкцыі. Міліцыянт папрасіў у Аляксея дакумэнты, а потым запрасіў для складаньня пратаколаў ў сваю машыну. Афармленьне дакумэнтаў доўжылася каля паўгадзіны.

Налепка на машыне Аляксея
Налепка на машыне Аляксея

«У прынцыпе прыдрацца можна да ўсяго, нават да бруднага нумара, а даказаць, што я не „баран“ — нерэальна. Наагул, парушэньне ёсьць у міліцыянта: ён ня меў права адразу складаць тры пратаколы — толькі адзін на канкрэтнае парушэньне. Спынілі ж мяне, зразумела, за „Стоп бэнзін“. Гэта было відаць нават па паводзінах супрацоўнікаў ДАІ. Калі я збочваў у адзін бок, яны беглі ў той жа, потым я ў другі — зноў туды пабеглі. Мяне прыкмецілі і хутка паведамі ўсім астатнім пастам. А машынаў з „аварыйкай“ спынялася дужа шмат. Пакуль я сядзеў у машыне супрацоўніка ДАІ, па рацыі часьцяком паведамлялася: „Спынілася машына! Устанавіць прычыну!“ Людзі, зразумела, цяпер баяцца выказваць нязгоду. Бальшыня кажа: „Вось калі б нехта, то і я“. У кожнага свая пазыцыя й сваё тлумачэньне», — паведаміў спадар Аляксей.

Пратаколы на Аляксея складзеныя за тое, што ён не прайшоў тэхагляд, за нанясеньне староньніх прадметаў на машыну, за бачныя зьмены на нумары. За адсутнасьць тэхагляду аўтамабіліст аштрафаваны на 17 тысяч 500 рублёў. Па двух астатніх парушэньнях разьбіральніцтва яшчэ наперадзе.

Супрацоўнік ДАІ перапісаў пашпартныя зьвесткі і ў журналіста Алеся Асіпцова, які знаходзіўся ў машыне Аляксея. Высьветліў, ці ня ў вышуку ён. Пасьведчаньне журналіста «БелаПАН» супакоіла міліцыянта — спытаў толькі, дзе знаходзіцца гэта кампанія.

5 сьнежня ўвечары спыняцца легкавым машынам у Магілёве было забаронена насупраць гарвыканкаму, на праспэкце Міру (насупраць плошчы Леніна), а таксама на цэнтральнай частцы вуліцы Першамайскай. Паўсюль былі выстаўленыя пасты Дзяржаўтаінспэкцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG