Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Няўжо ўлада зьбіраецца душыць 120-тысячным войскам нашу кволую апазыцыю?.."


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 9 лістапада 2011 году

Значная частка лістоў, якія мы атрымліваем на працягу апошніх тыдняў і месяцаў — на тэму ўзаемадачыненьняў улады і апазыцыі. Канфлікт, які не спыняўся на працягу ўсіх 17-ці год прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, асабліва абвастрыўся пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Не сьціхае ён і цяпер. Прычым праяваў у гэтага канфлікту — мноства.

Наш даўні слухач і аўтар Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Акцябарскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, зьвярнуў увагу на даўнюю праблему, зь якой цяпер сутыкаюцца амаль усе грамадзкія арганізацыі зь ліку тых, што не абслугоўваюць уладу. Стваральнікі гэтых суполак рэгулярна падаюць заявы ў Міністэрства юстыцыі з просьбай аб рэгістрацыі — і гэтак жа рэгулярна атрымліваюць адтуль адмовы са спасылкай на фармальныя прычыны: то дата нараджэньня напісаная з памылкай, то адрас пазначаны ня той. Мікалай Бусел з гэтай нагоды піша:

"Чаму гэта асобы, што складаюць такія паперы, увесь час памыляюцца і ня бачаць памылак, а вось "сьпяцы" зь Мін'юсту іх бачаць і выяўляюць? Няўжо нельга, склаўшы паперу, праверыць яе, а потым яшчэ і пераправерыць? Прызначыць "адваката д'ябла" і крытычна перагледзець яе? Ці то складальнікі малапісьменныя, ці то яны адукаваныя, але неахайныя? А мо між іх ёсьць, так бы мовіць, "вірус", што ўвесь час адмыслова псуе гэтыя паперчыны?

Словам, раз-пораз наступаючы на тыя ж граблі і ведаючы д'ябальскія прыдзіркі рэжыму, пара ўжо навучыцца бездакорна складаць дакумэнты. Ня трэба даваць рэжыму ніякіх падстаў для прыдзірак у гэтай справе.

Асабліва гэта актуальна для кампаніі "Гавары праўду", якая ўжо каторы раз спрабуе зарэгістравацца. Варта ім быць больш ахайнымі, каб ня даць Мін'юсту магчымасьці зноў схавацца за фармальнай і крывадушнай зачэпкай.

Не, усё ж, відаць, слабая кваліфікацыя ў апазыцыйных юрыстаў. Дунін-Марцінкевіч быў бы незадаволены"
.

Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч якраз, думаю, быў бы задаволены, спадар Мікалай: гэтулькі сюжэтаў для трагікамэдый і фарсаў дае сёньняшняя беларуская рэчаіснасьць. Што да сутнасьці вашых заўваг. Так, відавочна, у грамадзкіх арганізацый не заўсёды ёсьць магчымасьць, рыхтуючы дакумэнты, скарыстацца паслугамі кваліфікаваных правазнаўцаў, абазнаных ва ўсіх нюансах заблытанай бюракратычнай працэдуры. У дэмакратычных краінах, дзе дзяржаўная палітыка накіраваная на спрыяньне грамадзянскай супольнасьці, самі дзяржаўныя інстытуты (такія, як Мін'юст у Беларусі) дапамагаюць грамадзкім арганізацыям у папяровых справах — падказваюць, на якія дэталі зьвярнуць увагу, даюць узоры дакумэнтаў. У Беларусі ж бюракратычная машына настроеная якраз на тое, каб пад любой зачэпкай не дапусьціць рэгістрацыі. Напэўна, нават калі тая ж кампанія "Гавары праўду" ўхіліць усе заўвагі і да драбніц выканае ўсе патрабаваньні — ейныя дакумэнты ўсё роўна забракуюць. Можа, спашлюцца на тое, што не такім, як трэба, чарнілам падпісана альбо не на той паперы надрукавана...

Шмат прэтэнзіяў і папрокаў на адрас апазыцыі і ў другога нашага актыўнага слухача і аўтара — дзіцячага доктара Ігара Паснова зь Віцебску. У сваім новым лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Адчуваю поўнае расчараваньне ў так званай "апазыцыі" (бяру гэтае слова ў двукосьсе). Гэтым людзям трэба грунтоўна ачышчаць свае шэрагі ад так званых "кратоў", якія адмыслова запушчаныя, каб развальваць рух знутры, дыскрэдытаваць яго ў вачах грамадзтва. Што гэта за акцыі пратэсту: 5—6 чалавек на цэнтральнай плошчы Менску! Нічога, апроч шкадаваньня і насьмешкі, яны не выклікаюць. Гэта моцна шкодзіць іміджу апазыцыі. Вельмі шкада.

Не задавальняюць мяне і некаторыя апазыцыйныя газэты. У адным усім вядомым выданьні, якое нібыта вядзе барацьбу за народную волю, мне ўвогуле абвясьцілі байкот: замоўчваюць маю барацьбу з рэжымам, мой няхай невялікі, але рэальны ўнёсак. Не даюць слова. Дык чым яны лепшыя за дыктатара?

Між іншым, вакол газэты маглі б аб'яднацца ўсе здаровыя сілы грамадзтва. Так, як гэта ў свой час зрабіў Ленін. Дарэчы, зусім ня дурань, а — пасьпяховы прафэсійны рэвалюцыянэр. А вось сёньняшнія так званыя "рэвалюцыянэры" робяць усё, каб разваліць дэмакратычны рух. І ніякага прасьвету ня бачна"
.

Цяперашнюю апазыцыю крытыкуюць многа, ахвотна і з усіх бакоў. Сытуацыя банальная: гэта ў перамогі заўсёды шмат бацькоў, а параза, як звычайна, — сірата. Але іншай апазыцыі, спадар Ігар, у Беларусі няма — як няма іншага грамадзтва, іншай нацыянальнай сьвядомасьці, іншай гістарычнай памяці... Пошук ворагаў (ці варожых агентаў, ці падрыўных элемэнтаў — называйце як хочаце) у асяродзьдзі апазыцыі — шлях зусім тупіковы і бясплённы. Накіраваць энэргію грамадзка актыўных людзей у гэтае рэчышча хочуць якраз тыя людзі, якія імкнуцца, каб апазыцыя заўсёды заставалася разьяднанай, перасваранай, няздольнай на эфэктыўныя дзеяньні.

Нечаканыя вайсковыя ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ў справе стварэньня новай 120-тысячнай арміі зь ліку рэзэрвістаў выклікалі заўважны розгалас у беларускім грамадзтве. Пішуць наконт гэтага і слухачы "Свабоды". Вось які ліст даслаў нам нядаўна Кастусь Сырэль зь мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам.

"Не задавальняе, бачыце, Рыгоравіча войска беларускае, — піша слухач. — Трэба яму, войску гэтаму, у дапамогу стварыць 120-тысячнае "народнае апалчэньне" пад незразумелай і мудрагелістай назвай "тэрытарыяльная абарона". Я вось толькі не магу зразумець: з кім гэта ваяваць ладзімся? Хто нам пагражае? Рыгоравіч пра гэта ані слоўца не сказаў, толькі нейкае няўцямнае "яны" прагучала. І памагатыя ягоныя таксама маўчаць — пэўна, самі ня ведаюць, а агучыць сваю вэрсію баяцца.

Вось Нідэрлянды, напрыклад, сваё войска скарачаюць. Ня так даўно чытаў, што ў траўні 2011 году яны першыя ў Эўропе цалкам адмовіліся ад цяжкай бранятэхнікі (нямецкіх танкаў "Леапард-2А5"), вывелі іх са складу сваіх узброеных сіл і сьпісалі. Акрамя таго, скарацілі колькасьць баявых верталётаў і зьнішчальнікаў, крыху нешта там і ў ВМФ паменшылі.

Сказаць, што Рыгоравіч хоча зьмяніць наагул канцэпцыю ўзброеных сіл, зрабіць нешта падобнае, як у Швэйцарыі, — дык ён пра гэта таксама нічога толкам ня кажа.

(Хаця асабіста я над швэйцарскім варыянтам падумаў бы. Ня самы горшы варыянт, як мне падаецца. Толькі вось навошта ім столькі тых самых "Леапардаў-2" — па адных дадзеных, 353, па іншых — ажно 420 адзінак! А кожны такі танк, між іншым, ажно 8 мільёнаў эўраў каштуе. На мой дурны розум, дык Нідэрлянды маюць рацыю — такі танк, як "Леапард", усё ж больш наступальная зброя, а на каго і навошта ім наступаць?

Вы спытаеце, чаму мяне менавіта танкі цікавяць? Ды проста я сам былы танкіст, капітан запасу. Калі казаць дакладней, быў капітанам запасу. Узрост, разумееце…),— піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Кастусь Сырэль з Ушачаў. — І вось праз гэтае недагаворваньне даводзіцца самому ствараць розныя вэрсіі наконт збройнага канфлікту з кім-небудзь. Але, разгледзеўшы розныя варыянты з Расеяй, Украінай, краінамі НАТО, я ні да якай высновы так і не прыйшоў. Нешта не атрымалася — або было надта неверагодна, або бессэнсоўна і беспадстаўна, або наагул дурное нешта ў галаву лезла.

Засталася адна вэрсія: новае войска ствараецца дзеля ўнутранага спажываньня. Але супраць каго яно мае быць зарыентавана, акрамя ўласнага народу? Ужо ж наўрад ці нашу кволую апазыцыю душыць 120-тысячным войскам.

Значыцца, наш усенароднаабраны чакае ў краіне вялікіх узрушэньняў, якія, як я мяркую, могуць быць зьвязаныя з магчымым вельмі моцным пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі і ўзроўню жыцьця народу. Вось ён і мяркуе падзяліць народ на дзьве часткі — няхай адна з адной ваюе, а ён, як заўсёды, убаку застанецца — ні ў чым не вінаваты. Няхай генэрал-губэрнатары завараную ім кашу расхлёбваюць.

Пакуль што я вось такое надумаў. Можа, я і памыляюся, будучыня пакажа. А можа, тым часам Рыгоравіч нешта ўцямнае скажа?"
.

Думаю, спадар Кастусь, беларускі лідэр проста вельмі ўзрушаны дакумэнтальнай хронікай з краінаў арабскага сьвету, якую на працягу апошняга году штодня паказваюць па ўсіх тэлеканалах... Туніс, Эгіпет, Емэн, Сырыя, Лібія — палітычныя рэжымы ва ўсіх гэтых краінах будаваліся на тых жа прынцыпах, на якіх трымаецца рэжым Лукашэнкі. Усе гэтыя правадыры дзесяцігодзьдзямі заставаліся пры ўладзе і ні з кім гэтай уладай дзяліцца не зьбіраліся. Час ад часу праводзілі бутафорскія выбары і рэфэрэндумы, на якіх нязьменна атрымлівалі "ашаламляльную" перамогу. Усе рыхтавалі сыноў-"кронпрынцаў" на сваё месца... І раптам гэтыя піраміды дыктатарскай улады, якія здаваліся вечнымі, адна за адной пачалі абрынацца. Ды так, што адзін дыктатар ледзь пасьпеў уцячы са сваёй краіны, другі чакае суду ў турэмным шпіталі, трэці, самы ваяўнічы, разьвязаў грамадзянскую вайну, але вельмі хутка прайграў яе і без усялякага суду быў лінчаваны тымі, каго спрабаваў зьнішчыць... Выглядае, што лёс Муамара Кадафі асабліва ўразіў Аляксандра Лукашэнку. Ён яўна прымерыў лібійскі сцэнар на сябе. І зрабіў выснову: трэба, каб НАТО баялася, каб у Захаду нават у думках не было зладзіць супраць ягонага рэжыму падобную апэрацыю. Вось толькі палохаць асабліва няма чым. Верагодна, так і ўзьнікла ідэя прыстрашыць Захад новай 120-тысячнай арміяй і чыноўнікамі, ператворанымі ў генэралаў. Праўда, на Захадзе гэтую "страшылку" наўрад ці заўважылі. А само беларускае грамадзтва, агаломшанае дэвальвацыяй, інфляцыяй і раптоўным жабрацтвам, назірае за недарэчнымі ваеннымі гульнямі ўлады з кепска прыхаваным раздражненьнем і абурэньнем.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG