Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Расінскі – пра 5 кніг на адзін пракляты сюжэт


Андрэй Расінскі
Андрэй Расінскі
У сусьветнай культуры ёсьць адзін папулярны сюжэт. Месьцічы караюць сьмерцю ведзьмака, чарнакніжніка ці няўдалага сваяка — той праклінае іх і абяцае вярнуцца. І вяртаецца — прывідам, насланьнём, пошасьцю.
Тут адразу ўзгадваюцца гісторыі ад Уладзімера Караткевіча («Дзікае паляваньне караля Стаха») і Яна Баршчэўскага. Але давайце возьмем замежных аўтараў — якія пісалі пра Ўсходнюю Эўропу (і Беларусь, як ейную частку). А падказкамі ў шматлікіх гісторыях будуць экранізацыі.
У 18 стагодзьдзі амэрыканскі вядзьмак Джозэф Карвэн займаўся гнюснымі экспэрымэнтамі па ажыўленьні памерлых. Грамадзяне забілі яго, але, паміраючы, Карвэн пракляў іх — і вярнуўся праз 200 гадоў, дзякуючы свайму нашчадку Чарльзу Ўарду.

«Гісторыя Чарльза Дэкстэра Ўарда» Говарда Лаўкрафта адбываецца ў Амэрыцы, але Чарльз Уард часта бываў ва Ўсходняй Эўропе — у Трансыльваніі, дык дакладна. Але мне здаецца, што парэшткі для экспэрымэнтаў ён атрымліваў ня толькі з гэтае вобласьці.
Сама папулярны граф ХХ стагодзьдзя — Дракула — таксама родам з праклятых трансыльванскіх мясьцінаў. Брэм Стокер выпусьціў «Дракулу» у сьвет — і даў істоце новае жыцьцё. Але адзін з прататыпаў пачвары гойсаў па Беларусі, пакідаючы за сабой попел і кроў.

Гэта слушна давёў Фрэнсіс Форд Копала сваёю экранізацыяй: ягоны Дракула (з тварам Гары Олдмэна) перагукаецца зь «Іванам Жахлівым», выкрытым менскім разанкрэйцэрам Сяргеем Эйзэнштэйнам.

У іншай гісторыі княгіню Азу абвінавацілі ў чарах і пералюбах.Па загадзе інквізыцыі да ейнага твару прыбілі маску з шыпамі. Але перад сьмерцю ведзьма зрабіла ўжо традыцыйны жэст — праклён з абяцаньнем. Праз дзьвесьце гадоў панначка паўстала з магілы і разам з палюбоўнікам-напаўтрупам пачала наводзіць парадак у родных мясьцінах.

Як вы здагадаліся, гэта «Вій» Гогаля (ня трэба крычаць). Прынамсі, італьянскі рэжысэр Марыё Бава паставіў сваю «Маску дэмана» «паводле твораў Мікалая Гогаля» — пра што сумленна напісаў у тытрах. Акрамя таго, героі-навукоўцы едуць у Міргарад — і менавіта па дарозе ў гэтае слыннае мястэчка й ажыўляюць ведзьмачку, сунуўшы нос не ў свае справы.

Міргарад — гэта ўжо блізка да Беларусі. Але італьянскае прачытаньне ўсходнеэўрапейскае містыкі яшчэ бліжэй. Самнамбулічныя прыгоды герояў паміж сьветам жывых і сьветам памерлых — гэта вельмі па-беларуску. Пэрсанажы чорна-белага Міргараду — шляхцічы, а не запарожцы. А інквізыцыя, хаця й не прыжылася на Беларусі, колькі гадкоў у краіне была.

Пракляты герой наступнае кнігі — увогуле, патомны літвін. Гутарка, як вы ўжо здагадаліся, ідзе пра Ганібала Лектара.

Таямніцы паходжаньня самага крывавага кіналюдажэру раскрываюцца ў экранізаваным рамане Томаса Гарыса «Ганібал: паўстаньне». Маленькі хлопчык Ганібал жыў зь сям’ёю ў палацы. Але пад канец вайны ён уцёк у лес, дзе танкі расстралялі ягоных бацькоў, а партызаны-марадзёры зьелі сястрычку.

Зь лесу ўжо выйшла зьляканая пачвара, чые змрочныя схільнасьці былі ўзмоцненыя сталінскім выхаваньнем (у савецкім інтэрнаце). Калі Ганібал пасталеў, то вярнуўся — помсьціць.

У гэтай гісторыі процьма тыповых беларускіх фішак: вайна, немцы, партызаны, дзеці.

Але самая беларуская гісторыя — ня гэтая.

Мне, канешне, карціць распавесьці пра вусьцішны праклён, калі беларускія інтэлігенты зьбілі на машыне ў 1953 годзе калгасную сьвіньню. (Паміраючы, сьвіньня пракляла іх і абяцала вярнуцца… праз 40 гадоў.) Але, хаця гэтая байка вядомая, яна яшчэ не завершылася.

Куды ўвасобленей — праклён і вяртаньне на ўзроўні асобнага цела, душаразьдзіральная гісторыя білінгвізму й дзяржаўнай ідэалёгіі. Уся палітыка, эстэтыка й этыка Беларусі за апошнія 17 гадоў выкладзеныя Ўільямам Бэроўзам на адной старонцы з «Аголенага сьняданку».
Адзін разумнік навучыўся размаўляць дупай — і выступаў з нумарамі. Надалей дупа пачала гаварыць сама па сабе; герой выходзіў на сцэну, анічога не падрыхтаваўшы, а дупа вярзла абы што, нязьменна парыруючы ягоныя кпіны.

«Потым у ёй зьявілася нешта накшталт зубападобных, загнутых унутр рэжучых гаплікаў, і яна пачала есьці. Спачатку ён вырашыў, што гэта не пазбаўлена гумару, і зрабіў на гэтым нумар, але срака прынялася праядаць парткі і гарлапаніць на вуліцы, ва ўвесь голас патрабуючы раўнапраўя. У дадатак яна напівалася і ўсчынала п’яныя гістэрыкі: ніхто, маўляў, яе ня любіць, а яна жадае, каб яе цалавалі, як усякі іншы рот. Урэшце яна стала балбатаць бесьперастанку, дзень і ноч, за некалькі кварталаў было чуваць, як гэты малы лямантуе, каб яна заткнулася, ён лупіў яе кулаком, затыкаў сьвечкамі, але нічога не дапамагала».

Пакрыўджаная срака пракляла яго і сказала: «Скончыцца тым, што заткнесься ты. Ня я. Таму што нам ты больш не патрэбны. Я сама магу і гаварыць, і есьці, і сраць». Рот небаракі закаркаваўся, вочы згасьлі «і пачуцьцяў у іх засталося ня больш, чым у вочках краба на кончыках стрыжанькоў».

Хаця дзеяньне наркушнага «Аголенага сьняданку» адбываецца ў Марока — гэта «Інтэрзона» — беларускі прахадны двор. А ў экранізацыі Дэйвіда Кронэнбэрга герой едзе ў краіну Анэксія: мардатыя твары й савецкія звычкі не пакідаюць сумневу — дзе адбываецца гэтая праклятая (і актуальная!) гісторыя, што каціцца да свайго фіналу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG