Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: кругавая абарона


Навіна «ХІХ-вечнай сьвежасьці» пра генэрал-губэрнатараў і сучаснае «народнае апалчэньне» выклікала бурнае абмеркаваньне ў горадзе над Нёмнам. Найбольш дасьціпныя галасы: пачнуць далей раздаваць палкоўнікаў і маёраў чыноўнікам, дырэктарам заводаў, калгасным старшыням, каб абаранялі ўладу ад яе жахлівых сноў. Іншыя: генэралы росчыркам пяра – рыхтык тыя вясельныя, толькі безь весялосьці зусім. Усё гэта, маўляў, бразготкі ў стылі Леаніда Ільліча, якому хацелася маршальскіх рэгалій. Нехта прапануе адметнае: замест генэрал-маёра – «брыгадэнбацька». Скептычна-цьвярозы голас: а калі панізяць потым, як здараецца, эпалеты забяруць ці не? А гэны гарадзенец як цьвік забіў апошні, цытую: «Ад каго краіну абараняць будзеце: ад свайго народу?»

Сцэна першая


– Ты запісаўся ў тэрытарыяльную абарону?

– А што, трэба запісвацца?

– А як жа? Хто не запісаўся, заробак не падвысяць.

– А хто запісаўся?

– Падвышка чакае…

– І за колькі хочуць купіць нашы каркі, каб у рай уехаць? На кілё каўбасы хопіць, хаця б варанай, ці не?

– Якія каркі, што ты кажаш? Якая к чорту каўбаса?! Канстытуцыйны абавязак кожнага! Абараняць ад ворага!

– Абавязак галоўны – канстытуцыю выконваць, тады ворагаў ня будзе, не ў часы цара-Гароха жывем. Я не зьбіраюся абараняцца, на мяне ніхто з-за бугра не нападае.

– Ды я цябе, я табе морду начышчу! Пацыфіст сраны! Налажыў у штаны са страху?!

– А ты сваё з сабой носіш, на ўсякі выпадак?

Сцэна другая


Граюць фанфары крамлёўскага ўзору: «Гром пабеды раздавайся, весяліся храбры рос!» Змалпаваныя з крамлёўскіх гусары крочаць алавянымі салдацікамі. На маленькіх падушках прыносяць з празьмернай цырымоніяй: з выгляду залатыя эпалеты, аксэльбанты і чырвоную зорку значных памераў на шыю…

Мужчынка самага цывільнага выгляду: нічога баявога, гусарскага блізка, на такіх жанчынкі, дападкія да кукардаў, да вусоў кавалерыйскіх, увагі не зьвяртаюць ніколі. Дыктар на ўсю Іванаўскую абвяшчае: «Ад сёньня Ён будзе нашым генэрал-губэрнатарам! Ура, таварышы!»

Далей у аўтара збой натхеньня і фантазіі, колькі ён не напружвае галавы. Адзінае, што пад заслону агучвае баявыя фанфары: «Так, за цара, ацечаства, за веру мы гаркнем громкае ура! – тры разы». (Можа хор паставіць на сцэну? Напрыклад, царкоўны? У іх глонаўкі – як тыя біблейскія трубы ерыхонскія. Або хай заля стоячы сьпявае, раздаць сьпеўнікі…)

Сцэна трэцяя


Прамова перад манэўрамі новасьпечанага губэрнскага генэрала:

– Дзецюкі, хлопцы! Пакажам ім кузькіну маць! Не дамо ў крыўду нашу матухну-радзіму, якая нас паіла бярозавым сокам!

– І малачком сырадойным, таварыш галоўнакамандуючы губэрнатар!

– І карчоўкай духмянай з пушчы!

– Адставіць разгаворчыкі ў страю! – зычна старшы прапаршчык.

– Так, таварышы калгасьнікі, выбачайце, партызаны, вернемся да пастаноўкі задачы манэўраў. З усіх бакоў востраць іклы на нас, на нашы заваёвы! Шпіёнаў і дывэрсантаў хлебам не кармі, дай нашкодзіць!

– Мы грудзі падставім!

– Малайцы, дзецюкі! Працягнем плянёрку: раней яны, паразыты, кралі нашых коней калгасных, трактары нашы любімыя, ня грэбавалі драбнейшай жывёлай… Калі мы паставілі мяжу на крэпкі замок, яны пачалі лямантаваць пра свае дурацкія правы чалавека! Узьнікае пытаньне: а што, у жывёлы, раз яна калгасная, няма правоў? Можна яе вось так па-цыганску скрасьці і зжаваць на сваёй натаўскай тэрыторыі? З нас зьдзекуючыся, з зубоў выкалупваючы рэшткі мяса, якое належыць нашаму працавітаму народу? Хіба гэта нармальна?!

– Не, гэта абуральна!

– Вось і я кажу, таварышы дзецюкі. Яны ў нас пасьліся як дома, цяпер мы паставілі заслон! Але з цэнтральнага штабу нашага партызанска-тэрытарыяльнага руху прыйшла дэпэша: дывэрсійна-тэрарыстычная група зробіць рэйд па мірных сінявокіх тылах. Пастаўлена задача: завабіць у мышалоўку, схапіць у жалезныя абцугі і выпусьціць шпіёнскія кішкі! Ці гатовы, таварышы, у бой хоць зараз?!

– Мы што, мы нічога, мы паднявольныя, як загадаюць, так і будзе. А так нам нічога ня трэба: чарка і да чаркі, нейк працягнем. А шпіёны, дывэрсанты нам не перашкаджаюць, хіба што начальству відней…

– Штосьці не баявы настрой, бачу! З такім настроем не перамагаюць! Так яны ўсіх авечак нашых перарэжуць, кароў у рабства ўгоняць, трактары прымусяць працаваць на патрэбы НАТА! І што тады, што вы засьпяваеце мне?

– Карчоўку гнаць у лесе! Грыбоў насушым, кірыешак…

– Кі-ры-е-шак… Я вам сальцісону абяцаю, сапраўдную партызанскую крупеню, ядлаўцоўкі па шклянцы наркамаўскіх! Толькі трэба разграміць спачатку бандфарміраваньне, пятую калёну ў нашай пушчы! Слухай маю каманду: калгас імя Ўрыцкага займае абарону на вышыні 135.1, у пералеску з поўдня ад яе акапваецца ХХІІ партзьезд, «Запаветы Ільліча» трымаюць участак паміж дарогай №8 і мэхдваром. Элітны аддзел пераможцаў дажынак будзе ў мяне ў рэзэрве на скрайні выпадак. Палітрукам правесьці ў акопах растлумачальную работу, панікёраў, распаўсюднікаў чутак – к нагцю.
Наша справа слушная, вораг будзе абясшкоджаны. Будзем піць, гуляць, перамогу адзначаць!

– Вымецем паганай мятлой пошасьць з нашай тэрыторыі! – зычна старшы прапаршчык. – Ура!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG