Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь просіць у Літвы зьвесткі пра рахункі пісьменьнікаў


Менск працягвае дасылаць запыты аб рахунках дысыдэнтаў за мяжой. Аднак Літва пасьля скандалу з выдачай дадзеных аб банкаўскіх рахунках Алеся Бяляцкага не сьпяшаецца перадаваць інфармацыю аб рахунках беларускіх грамадзянаў.

На другі дзень суду над Алесем Бяляцкім у Менску літоўскі парлямэнтар расказаў, што беларускія улады працягваюць дасылаць у суседнюю краіну запыты аб рахунках беларускіх грамадзянаў у літоўскіх банках. Запыты робяцца пра рахункі беларускіх дысыдэнтаў, а не людзей, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах.

Старшыня Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Сойму Літвы Арвідас Анушаўскас нагадаў, што гэты парлямэнцкі камітэт ініцыяваў і правёў асобнае расьсьледаваньне пасьля выдачы Беларусі інфармацыі пра рахункі праваабаронцаў А.Бяляцкага і В.Стэфановіча ў літоўскіх банках.

былі запыты з боку Беларусі аб прадастаўленьні інфармацыі аб некаторых іншых арганізацыях

"Мы самі ў Камітэце нацыянальнай бясьпекі і абароны расьсьледвалі сытуацыю, якая увогуле зьвязаная з абменам дадзеных паміж Беларускай і Літоўскай рэспублікамі. То бок, асобныя інстытуцыі праваахоўныя мелі свае дамовы (вядома, у рамках агульнай дамовы аб супрацы з Беларусьсю адносна прававой дапамогі), так вось яны таксама абменьваліся інфармацыяй, але ў іншым ракурсе. Напрыклад, інфармацыяй аб стане аховы на мяжы, і так далей".

Але Беларусь працягвае прасіць дадзеныя і пра сваіх грамадзянаў, і грамадзкія арганізацыі беларусаў, зарэгістраваных за мяжой, нягледзячы на заявы літоўскіх уладаў пасьля скандалу з Бяляцкім аб прыпыненьні такога кшталту супрацоўніцтва. Беларускі бок, відавочна, перакананы, што усе дамовы аб абмене інфармацыі працягваюць дзейнічаць.

"Канешне, былі запыты з боку Беларусі аб прадастаўленьні інфармацыі аб некаторых іншых арганізацыях. Я павінен сказаць, што ў выніку праведзеных расьсьледаваньняў (у сувязі са скандалам з А. Бяляцкім) іншыя дадзеныя не перадаваліся.

Па-першае, таму, што ў дасланых запытах, паводле нашых меркаваньняў, не было зьвестак пра нейкія злачынствы. Не было складу злачынства. Таму, напрыклад, мы не адказалі на запыты аб банкаўскіх рахунках беларускай незалежнай арганізацыі пісьменьнікаў, - а быў такі запыт, - так вось, нашыя арганізацыі ніякай інфармацыі на падобныя запыты Беларусі не перадавалі.

Расьсьледаваньне мела сваім вынікам тое, што цяпер літоўскія інстытуцыі каардынуюць зь Міністэрствам замежных спраў свае дзеяньні па перадачы інфармацыі Беларусі", — заявіў кіраўнік парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Літвы ў інтэрвію для тэлеканала "Беласат".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG