Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія кнігі зьнікаюць, кнігарні — зачыняюцца


Нацыянальная кніжная палата Беларусі паведаміла, што сёлета наклад беларускіх выданьняў скараціўся на 17 працэнтаў, а сярэдні іх кошт павялічыўся ўтрая. Сітуацыю зь беларускамоўнымі кнігамі дасьледуюць карэспандэнты «Свабоды». У прыватнасьці, яны высьвятляюць: чаму ў рэгіёнах амаль не засталося кніжных крамаў, чаму даражэюць менавіта беларускія выданьні, а таксама — ці ёсьць кнігі і газэты на беларускай мове ў вулічных шапіках?

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Няма нават беларускага буквара….»

На паліцах магілёўскіх кнігарняў сёе-тое на беларускай мове знайсьці можна. Тым ня менш выбар задавальняе ня ўсіх. Асабліва наракаюць бацькі, чые дзеці вучацца гаварыць па-беларуску.

«Для дзетак шасьці-сямі гадоў, калі параўнаць з рускамоўнымі кніжкамі, зусім благі. Якасьць кніжак не зусім добрая. І няма казак наагул. Толькі вершы. Кошты дарагія. Менш за дваццаць тысяч няма. Даводзіцца купляць кніжкі па-расейску і іх дома перакладаць», — распавядае маці сямігадовай дачкі Надзея Салаўёва.

Магілёўская літаратарка Тацяна Барысік мае выправіць дачку ў школу налета.

«Праблема найперш з навучальнымі дапаможнікамі для дзяцей, якія вучацца чытаць па-беларуску. Іх няма наагул. Нават няма беларускага буквара», — наракае Тацяна Барысік.

Пра асартымэнт кніг па-беларуску ў кнігарнях кажуць, што ён сярэдні. Попыт на такія кнігі невялікі, маўляў, выручкі на іх ня зробіш. На продаж выстаўляем усё, што пастаўляецца выдавецтвамі, заяўляюць у кнігарнях.

А што з чытвом для дзяцей? — пытаюся ў супрацоўніцы аб’яднаньня «Магілёўсаюздрук»:

«Кніжачкі для чытаньня — яны ёсьць. Яны не ў такой вялікай колькасьці, як на расейскай мове, але яны ёсьць. Відаў дваццаць-трыццаць. Тоненькія такія, маленькія. А расфарбовак для разьвіцьця — іх, па-мойму, наагул няма ў прыродзе».

У райцэнтрах сытуацыя зь беларускай кнігай наагул крытычная. Сям-там кнігарні замянілі на невялікія кніжныя аддзелы. Як у Клімавічах, напрыклад:
Не, у нас няма кніжак на беларускай мове. Зусім няма. У нас і аддзелу няма як такога.

«Не, у нас няма кніжак на беларускай мове. Зусім няма. У нас і аддзелу няма як такога. Ён у нас скарачаецца. Пры мэблевай краме ў нас аддзельчык невялікі стаіць, каб прадаць школьнае нешта», — прызнала прадавец райцэнтраўскага ўнівэрмагу.

Клімавіцкі кнігалюб Сяргей Аржанцаў беларускія кнігі набывае ў Магілёве альбо ў Менску:

«У нас беларуская літаратура адсутнічае. У правінцыі набыць кнігу сучасную, добрую проста немагчыма. Тут пустэльня».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Беларускія сэкцыі ў крамах аздобленыя па-расейску

У спэцыялізаваных кнігарнях Гомеля беларускія кнігі ёсьць у адмысловых сэкцыях. Як, напрыклад, у краме «Кнігі» на вуліцы Савецкай. Аднак аздоблены беларускія сэкцыі на расейскай мове.

Загадчыца крамы Ала Фэранц: «Новыя кнігі нам даюць без замоваў — у нас дазволу не пытаюць. Мы навінкі атрымліваем без замоваў, а папаўняем тое, што прадаецца. У нас купляюць энцыкляпэдычнае выданьне „Гарады й вёскі Беларусі“, але нам патрэбна менавіта Гомельская вобласьць. Купляюць „Залатыя правілы народнай культуры“ Янкі Крука. У нас усё ёсьць».

У краме сапраўды нямала беларускіх кніг, і асабліва для дзяцей малодшага школьнага ўзросту:

«Зь беларускімі кнігамі ў нас някепска. Усё, што трэба для пазакляснага чытаньня, у нас знаходзяць. У нас хрэстаматыі ёсьць, беларускія казкі ёсьць. Вось проста ідэальная кніга для пачатковай школы — „Крынічка“. Усё, што патрабуецца, у гэтай кнізе ёсьць для пазакляснага чытаньня». «Крынічка» выпушчана сёлета менскім выдавецтвам «Радыёла-плюс», укладальніца — Раіса Шастак.

Кідаецца ў вочы, аднак, аздабленьне беларускіх сэкцыяў: у краме яны падпісаныя на расейскай мове. Апрача таго, тут не знайшлі мы кніг Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Анатоля Вярцінскага, Сяргея Законьнікава.

Папаўняліся сёлета беларускімі кнігамі й паліцы крамы «Кніжны сьвет» на праспэкце Леніна.

Людміла Пазнякова: «Нашы беларускія выдавецтвы сталі выпускаць клясыку — „Мастацкая літаратура“ выпускае яе ў сэрыі „Школьная бібліятэка“. Яны выпускаюць і замежную, і расейскую, і беларускую клясыку. Беларускія гэтыя кнігі — якасьць у іх добрая й папера добрая».

У асартымэнце ёсьць творы Багдановіча, Купалы, Караткевіча. Але расейскіх клясыкаў нашмат болей.

У кніжнай краме № 1 на вуліцы Кніжнай гандляры кажуць, што «Школьная бібліятэка» значна падаражэла. Да прыкладу, аповесьці Ўладзімера Караткевіча ў мяккай вокладцы каштуюць цяпер 30.640 рублёў — у два зь лішкам разы больш, чымсьці такога аб’ёму кнігі з гэтай жа сэрыі ў мінулым годзе.

«Канечне, усё кусаецца, але ж нашу культуру трэба разьвіваць», — кажа прадавачка.

У кіёсках «Гомельаблсаюздруку» на прыпынках грамадзкага транспарту беларускіх выданьняў і кніг, за выключэньнем газэтаў «Народная воля» й «Звязда», няма.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Беларускія кнігі выдаюцца ў Лідзе

На Гарадзеншчыне існуе досьвед выданьня беларускай літаратуры ў правінцыйным горадзе Ліда. Навінка апошняга часу — літаратурна-мастацкі зборнік «Ад лідзкіх муроў», у якім паэзія, проза, песьні з нотамі і іншыя тэксты трыццаці аўтараў.

У Лідзе стаіць помнік беларускаму першадрукару Францішку Скарыну. Магчыма, гэта дапамагае цяперашняму выдаўцу Станіславу Судніку, сябру Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:
Калі мы хочам зарабляць грошы, мы павінны пісаць дэтэктывы камэрцыйныя і знаходзіць выдавецтва, якое на гэтым зарабляе. Вось і ўсё: час зьмяніўся.

«Па першым пытаньні, адносна таго, як нашым слынным пісьменьнікам цяжка выдаваць кніжкі, я магу сёньня сказаць адно: трэба проста ўзяць і перасяліцца з Савецкага Саюзу ў Рэспубліку Беларусь і зразумець, што ніхто нікога асабліва выдаваць ня будзе, калі гэта не прынясе грошай. Таму, калі мы пішам культурніцкія, адраджэнскія кніжкі, то гэта азначае, што грошы на іх мы павінны знаходзіць унутры грамадзтва самі. Калі мы хочам зарабляць грошы, мы павінны пісаць дэтэктывы камэрцыйныя і знаходзіць выдавецтва, якое на гэтым зарабляе. Вось і ўсё: час зьмяніўся».

Толькі што Станіслаў Суднік выдаў літаратурна-мастацкі зборнік «Ад лідзкіх муроў», у якім паэзія, проза, песьні з нотамі, іншыя тэксты трыццаці аўтараў.

Суднік: «Людзей, якія пішуць сёньня, дастаткова. Лідчына апэруе імёнамі каля чатырохсот літаратараў, якія ў розныя часы тут былі і ёсьць. Каб выдаць альманах, трэба сабраць іх, знайсьці невялікую суму грошай і выдаць. І ён тут жа імгненна разыходзіцца. У якасьці ганарару аўтару дастаецца адзін асобнік, астатнія ён купляе».

Колькі каштавала выдаць «Ад лідзкіх муроў»?

Суднік: «Альманах, пра каторы мы гаворым, які выйшаў аб’ёмам 244 старонкі ў каляровай вокладцы, ягоны кошт прыблізна каля пяцісот эўра. Але калі пакруціцца, нейкая фірма дасьць паперу, нехта яшчэ дапаможа, то будзе нават таньней. Таму гэта не такія ўжо страшныя грошы

Але ён таксама не акупляецца. Але за кошт таго, што нам дапамагае, скажам так, лідзкае грамадзтва — сёньня адны, заўтра другія, пасьлязаўтра трэція, — горад вялікі, статысячны, — заўсёды ўдаецца знайсьці, каб выдаваць «Летапісец».

Нядаўна Станіслаў Суднік сваім коштам выпусьціў новую кнігу сваёй паэзіі «Літва». Дапамагае ён друкаваць зборнікі, пераважна вершаваныя, і іншым лідчукам:

«Гэтыя кніжачкі невялічкія, да ста старонак, каштуюць у нас адзін даляр — асобнік. Хочаш сто кніжак — шукай. І ўсё, і чалавек мае сваю кніжачку. Па-мойму, адзін толькі паэт у нас у Лідзе ўмудраецца нейк атрымліваць грошы ад выканкаму. Астатнія робяць за свой кошт, і ніхто ня скардзіцца і ня плача. Хто зэканоміў, каму багаты сын дапамог, як таму Дзікевічу».

Нядаўна ў Маскве выйшла на беларускай мове кніга краязнаўцы Міколы Дзікевіча «Дзітрыкі. Згукі заснуўшай цывілізацыі». Дзітрыкі — вёска каля Ліды.

Якія кнігі найчасьцей купляюць беларусы?


  • Уладзімер Караткевіч. «Каласы пад сярпом тваім»
  • Якуб Колас. Збор твораў. 15-ы том.
  • Беларускія народныя казкі. Укладаньне Н.В. Філіповіч
  • Натальля Батракова. «Площадь согласия»
  • Анатоль Бутэвіч. «На далонях вечнасьці»
  • Оксана Котович, Янка Крук. «Золотые правила народной культуры»
  • Людмила Улицкая. «Зеленый шатер»

(Па дадзеных менскіх кнігарняў «Акадэмкніга», «Сьветач», «Эўрыка», «Кніжная скарбонка».)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG