Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НТВ спалохалася ўласнай храбрасьці


Сюжэт аб катаваньнях і выкраданьнях людзей у Чачні, паказаны ў эфіры НТВ 30 кастрычніка на Далёкі Ўсход, а пазьней зьняты з эфіру, быў "адпраўлены на дапрацоўку". Менавіта так у тэлекампаніі патлумачылі, чаму рэпартаж не змаглі ўбачыць жыхары эўрапейскай часткі Расеі. Матэрыял, прысьвечаны працы камітэту супраць катаваньняў у Чачні і выкраданьню Іслама Умарпашаева, павінен быў выйсьці ў рамках праграмы "Цэнтральнае тэлебачаньне".



Рэпартаж аб выкраданьнях людзей у Чачні супрацоўнікамі МУС, які выйшаў у эфіры тэлекампаніі НТВ у праграме "Цэнтральнае тэлебачаньне" 30 кастрычніка, убачылі толькі жыхары Ўралу і Далёкага Ўсходу. Пазьней сюжэт зьнялі з эфіру. Тэлегледачы эўрапейскай часткі Расеі яго ўбачыць не змаглі, але матэрыял патрапіў ў Інтэрнэт і зараз даступны на YouTube. Прэс-сакратар тэлекампаніі НТВ Марыя Безбародава паведаміла РС, што рэпартаж "адпраўлены на дапрацоўку":

- Так, сапраўды, сюжэт быў паказаны на далёкаўсходнюю "Арбіту", пасьля чаго кіраўніцтвам тэлекампаніі было прынята рашэньне адправіць яго на дапрацоўку, праверку і ўдакладненьне фактаў. Наогул, гэта звычайная практыка ў працы інфармацыйнай рэдакцыі, якая зьяўляецца зарэгістраваным СМІ.

- Гэта значыць, ніякіх званкоў "зьверху" з просьбай або з патрабаваньнем?

- Я дала вам наш афіцыйны камэнтар. Мне здаецца, гэтага дастаткова.

Рэпартаж, зьняты з эфіру НТВ, прысьвечаны катаваньням і выкраданьням людзей у Чачні. У ім, у прыватнасьці, распавядаецца аб справе Іслама Ўмарпашаева - паводле дадзеных Камітэту супраць катаваньняў у Чачні, яго выкралі супрацоўнікі МУС і некалькі месяцаў ўтрымлівалі на базе Чачэнскага АМАПу, спрабуючы дамагчыся прызнаньняў у тым, што ён зьвязаны з падпольлем. У лютым 2011 году справа Ўмарпашаева стада здабыткам галоснасьці і трапіла ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту Расеі, аднак расьсьледаваньне, паводле праваабаронцаў, "сутыкнулася з беспрэцэдэнтным процідзеяньнем са боку чачэнскіх сілавых структур". Больш падрабязна пра справу Іслама Ўмарпашаева кажа Аляксандр Чаркасаў з праваабарончага цэнтру "Мэмарыял":

- Гаворка ідзе ня проста аб выкраданьні людзей у Чачні, ня проста аб выкраданьнях людзей сілавікамі, ня проста аб незаконных мэтадах сьледзтва, а, па сутнасьці, пра фальсыфікацыю барацьбы з тэрарызмам. Іслам Умарпашаеў сьцьвярджае, што быў выкрадзены, утрымліваўся некалькі месяцаў на базе АМАПу, і там яго кармілі, вадзілі мыцца, але не давалі галіцца і стрыгчыся. Гэта значыць, як мы ведаем па шматлікіх іншых эпізодах, празь некалькі месяцаў любы невядома дзе схаваны чалавек можа апынуцца забітым у лесе баявіком. Сапраўды, зручна.

Унікальнасьць жа гэтага выпадку заключаецца ў тым, што ўдалося ня толькі дамагчыся вызваленьня Ўмарпашаева, але і ў тым, што ён вырашыў дамагчыся праўды прававым шляхам. Ён патрабуе асуджэньня сваіх выкрадальнікаў, і расьсьледаваньнем гэтай справы займаецца вышэйшая з магчымых інстанцый - Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту Расеі. А тая чачэнская міліцэйская пяхота, якая падазраецца ва ўсіх гэтых дзеяньнях, сьледчага Ігара Собаля, які займаецца расьсьледаваньнем гэтай справы, проста пасылае. Вось пра што сюжэт.

- Чаму канал НТВ спачатку паказаў яго, а потым зьняў з эфіру?

- НТВ два тыдні ня ставіў яго ў эфір, абяцаў, але ня ставіў, таму што не хацеў даваць сюжэт без камэнтароў Рамзана Кадырава, а Кадыраў камэнтаваць адмовіўся. Але ўсё-такі канал, пераадолеўшы нейкія свае ўнутраныя супярэчнасьці, пусьціў сюжэт у эфір, і пасьля таго, як праз "Арбіту" ён прайшоў на Далёкім Усходзе, як сьцьвярджаецца, па званку аднекуль "зьверху", ці то са Старой плошчы , ці то з Крамля, сюжэт зьнялі з эфіру. Вось сакрэт таго, чаму Чачня аказваецца ледзьве ня лепшым суб'ектам фэдэрацыі ў люстэрку расейскіх СМІ.

Тэлевізійны аглядальнік РС Ганна Качкаева разважае пра тое, чаму цэнзура на тэлеканале НТВ спрацавала запозьнена, і сюжэт аб выкраданьні Іслама Умарпашаева ўсё-такі выйшаў у эфір і потым трапіў у Інтэрнэт:

- Мяркуючы па той інфармацыі, якую распаўсюджвае кампанія, ніякіх званкоў "зьверху" быццам бы не было - матэрыял быў зьняты з эфіру нібыта рашэньнем генэральнага дырэктара. Вядома, цяпер будуць афіцыйна казаць, што былі для гэтага важкія прычыны, і трэба было дапрацаваць матэрыял, як гэта заўсёды бывае. Але я цалкам дапускаю, што тут спрацавала даволі простая схема: сюжэт сур'ёзны, розным сілам ён мог не спадабацца, і тэлевізійнае начальства гэта добра разумела, таму, хутчэй за ўсё, вырашыла зрабіць стаўку на прынцып "для "коцікаў", як звычайна тэлевізійнікі кажуць. Гэта значыць на "Арбіце" паказваем, тым самым робячы гэты складаны сюжэт даступным, а затым робім справаздачу, што ўсё ж такі выканалі ўказаньне, перастрахаваліся і не паказалі яго на тэрыторыі, якая бліжэй да Крамля, а ў Youtube і на іншых рэсурсах ён застаецца. Тым самым узьнікае скандал. За сюжэтам і згаданымі ў ім людзьмі пачынаюць сачыць, што, уласна, і важна, таму што выкладзеныя там факты, небясьпечныя і нават калі іх трэба правяраць, усё роўна шматлікія людзі, якія там здымаліся, рэальна рызыкуюць. Таму магла быць як такая вэрсія падзей, так і перастрахоўка, чаго я, вядома, зусім не выключаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG