Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэн ЗША даслаў ліст беларускім палітзьняволеным


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Джон Шымкус накіраваў лісты падтрымкі Міколу Статкевічу, Андрэю Саньнікаву, Алесю Бяляцкаму, Зьміцеру Бандарэнку, Зьміцеру Дашкевічу, Эдуарду Лобаву, Паўлу Севярынцу, Алесю Бяляцкаму і Мікалаю Аўтуховічу.


На «Свабоду» патэлефанаваў зьняволены Івацэвіцкай калёніі № 5, які з дазволу іншага асуджанага, палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, надыктаваў нам ліст, які прыйшоў у гэтую ўстанову з Кангрэсу ЗША ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Джона Шымкуса.

Само пасланьне на імя Аўтуховіча, датаванае 21 верасьня, было ўручанае палітвязьню на мінулым тыдні ў кабінэце начальніка калёніі.
Кангрэсмэн Джон Шымкус
Кангрэсмэн Джон Шымкус


Прапануем тэкст пасланьня:

Дарагі сп. Мікалай Аўтуховіч!

Ад імя Кангрэсу ЗША і пэрсанальна як прадстаўнік Палаты я хачу выказаць сваю ўсебаковую падтрымку і салідарнасьць з Вамі і Вашай сям’ёй у сувязі з Вашым незаконным заключэньнем рэжымам Лукашэнкі. Я хачу перадаць Вам, што Злучаныя Штаты будуць працягваць падтрымліваць людзей у Беларусі. Урад ЗША пасьля жорсткага перасьледу ўдзельнікаў падзеяў 19 сьнежня ўстанавіў дадатковыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да беларускага ўраду і будзе пры неабходнасьці ўводзіць гэтыя санкцыі і надалей. Урад ЗША патрабуе, каб усе палітвязьні былі вызваленыя перад пачаткам любых перамоваў з рэжымам Лукашэнкі.

Сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека патрабуе рашучых зьменаў. Правы чалавека і свабода — гэта спэцыфіка не ЗША, а любога рэгіёну сьвету, неад’емная частка кожнага дэмакратычнага грамадзтва. Цяпер вы гэтага права пазбаўленыя. Але, калі ласка, будзьце ўпэўненыя ў тым, што людзі ЗША падтрымліваюць Вашы намаганьні ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, пакуль гэтая мара ня стане рэальнасьцю.

Сьвет стаў больш інфармаваным што да жудасных умоваў беларускіх зьняволеных. Вызваленыя вязьні дэталёва апісалі катаваньні, якія ўжываліся ў дачыненьні да іх. Гэтыя дзеяньні не засталіся без увагі, і ўрэшце Лукашэнка ды ягоны рэжым будуць несьці адказнасьць.

Мае асабісты малітвы ідуць да Вас і Вашай сям’і для ўмацаваньні духу. Мужнасьці і надзеі на вызваленьне.

Ваш Джон Шымкус.

Да ліста кангрэсмэн Шымкус прыклаў сваю прамову на першай сэсіі Палаты прадстаўнікоў 21 верасьня. Яе таксама зачыталі ў тым жа перакладзе ў кабінэце начальніка калёніі, а потым уручылі палітвязьню.

У прамове адзначалася, што нават і цяпер, праз шмат месяцаў пасьля падзеяў 19 сьнежня, у беларускіх вязьніцах па-ранейшаму ўтрымліваюцца палітзьняволеныя, якіх прэзыдэнт Лукашэнка выкарыстоўвае дзеля торгу зь міжнароднай супольнасьцю ў эканамічных мэтах. Паводле Джона Шымкуса, «упершыню за 17 гадоў людзі ў Беларусі шукаюць рэальную альтэрнатыву і патрабуюць дэмакратычных зьменаў. Цяпер самы час інвэставаць у дэмакратыю ў Беларусі. Акно, якое існуе цяпер для апазыцыі, можа быць нядоўгім. Людзям у Беларусі патрэбная наша падтрымка, і мы будзем яе аказваць, пакуль не падзе дзейны жорсткі рэжым».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG