Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І грошай не дадуць, і пазыкі ня сьпішуць


Палова доўгу Грэцыі будзе сьпісаная, а эўрапейскі фонд выратаваньня павялічылі да аднаго трыльёну эўра. На гэтае рашэньне «начнога» саміту Эўразьвязу ўжо станоўча адрэагавалі рынкі. Улады РБ апошнім часам таксама пазычаюць грошы па ўсім сьвеце, ня надта задумваючыся пра тое, як будуць вяртаць пазыкі. Магчыма, яны таксама разьлічваюць на тое, што калі-небудзь гэтыя даўгі ім даруюць?

Частковае і нават поўнае сьпісаньне даўгоў той ці іншай краіны час ад часу здараецца. Прыклад Грэцыі — ня першы. Суседцы Беларусі Польшчы пасьля перамогі там «Салідарнасьці» даравалі даўгі, якія ў 70-80-ыя гады нарабілі Эдвард Герэк ды іншыя тагачасныя сацыялістычныя правадыры.

Станіслаў Багданкевіч
Беларусі таксама сьпісвалі яе запазычанасьці. І Расея, прычым у значных памерах, пачынаючы з аднаго мільярду даляраў яшчэ пры Ельцыну, і пазьней. «Дый Захад дараваў нам, няхай і невялікія сумы», — кажа былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:

«Я не лічу, што браць крэдыты — гэта вельмі дрэнна. Але ж іх трэба браць не на праяданьне, а на разьвіцьцё вытворчасьці, павышэньне канкурэнтаздольнасьці нашых тавараў. І ня ісьці шляхам Грэцыі. Бо гэта ня прыклад для перайманьня.

Беларусь магла б разьвівацца хаця б на роўні Польшчы. У рэшце рэшт сорамна за тое адставаньне, якое мы дапусьцілі ад яе ў апошнія гады».

Звычайна фінансавыя запазычанасьці з краіны сьпісваюць толькі тады, калі яна пагаджаецца на пэўныя ўмовы крэдытораў, адзначае эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін
«Галоўныя ўмовы такой акцыі — наяўнасьць дзейснай праграмы выхаду з крызісу. І, па-другое, наяўнасьць дэмакратычнай рынкавай эканомікі. А паколькі ў Беларусі няма ні першага, ні другога, то яна ня можа разьлічваць на сьпісаньне крэдытаў з боку Захаду. Больш за тое, мы ня вельмі сумленна выконваем свае абяцаньні, напрыклад, МВФ, калі атрымлівалі ад яго першы крэдыт.

Таму я думаю, што калі б у Беларусі прайшлі дэмакратычныя выбары, зьмянілася ўлада, то, магчыма,паўстала б пытаньне і пра сьпісаньне запазычанасьці. Але пакуль што гэтае пытаньне нават і ставіцца ня будзе».

«Цяпер атрымліваць крэдыты ўраду любой краіны стане нашмат цяжэй», лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка. І гэта ён называе галоўным урокам крызісу ў Грэцыі:

Леанід Заіка
«Эўрапейскія банкі цяпер у рамках агульнай дырэктывы будуць надзвычай асьцярожна даваць крэдыты ўрадам. Асабліва на пагашэньне дэфіцыту бюджэту. Таму што ранейшае крэдытаваньне апіралася на тэарэтычны пасыл, што ўрад ніколі ня будзе банкрутам. Лічылася, асьцярожна трэба пазычаць сродкі людзям, фірмам, прадпрыемствам, якія могуць і не вярнуць іх. А ўрад, маўляў, нікуды ня дзенецца — верне».

«Беларусі, у прынцыпе, і не патрэбныя вялікія крэдыты. Грошы трэба траціць з розумам», — адзначае спадар Заіка:

«Ня браць грошы на падтрымку курсу беларускага рубля, як мы пазычылі ў МВФ 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў. Курс павінен быць мяккі, адпавядаць плыням экспарту і імпарту, адпавядаць унутранаму і зьнешняму попыту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG