Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: сэрца ў кулаку


Сэрца беларускае ў роспачы, смыліць ад драпін, як жа ня хочацца выкрэсьліваць зь яго горача любімае імя, якое не апраўдала спадзяваньняў! Прычына банальная, каўбасная, як заўжды. На што купіліся – на кавалак «варанкі», праз гэта і выкрэсьліваць наважыліся. Узьнялася рука з мокрай анучай, каб крэйдавыя літары белыя з дошкі сьцерці, але галава задумалася, ніяк ня можа на апошні крок рашыцца рашучы: прэч з сэрца, прайшла любоў! Праблема ў тым, што ў галаве, як у рамцы тэлевізара, няма іншага партрэта, іншыя не прадугледжаныя былі ў варыянце беларускага шчасьця. Хіба што пайсьці на Бога паглядзець, але ці дасьць каўбасы, вось пытаньне!

Адна пэнсіянэрка ў роспачы: «Тупееш ад цэнаў, як жыць?!» Другая пярэчыць: «Нашы людзі ідэалягічна граматныя, яны ведаюць, што міжнародная абстаноўка вінаватая, так што нічога ня зробіш, мы ёй загадаць ня можам, будзем трымацца да канца з нашым любімым…» Пэнсіянэр: «Выйшаў з крамы: каўбаса дзевяноста тысяч, а пэнсія мая — пяцьсот… Вінаватая Расея, яна нас вечна падманвае». Наступны: «Што значыць цэны ў тры разы падскочылі?! Ну ня ў сорак жа разоў, не ў пяцьдзесят!» Аптымізм шыбенікаў дый годзе.

Не зраслося


БССР ня здолела стаць Рэспублікай Беларусь, не зраслося. Скацілася ўсё назад у саветчыну, толькі больш махровую, не кажу нават пра сьцяг з гербам, гэта ўсяго кветачкі сьціплыя. Рыцарскае не прыжылося, закончылася ў стылі кінахронікі ўсё, як ужо ня раз бывала: урываліся ў панскія сядзібы, у палацы, трушчылі мэблю, люстэркі, карціны псавалі, латы рыцарскія зьнішчалі, каб нарабіць цьвікоў, сярпоў, «мэтызу».

Уставай, народ, адзявайся назад у зрэбныя кашулі, у аднолькавае, прэч эўрапейскае. Мы ня малпы, мужыкі павінны заставацца мужыкамі! І дадзена каманда адшукаць ранейшыя ўзоры для шараговых грамадзянаў: паркаль «Стаханаўскі рух», флянэль «Раніца новага жыцьця», мультан «Пяцігодку — за чатыры гады», сатын «Ударная брыгада», для сьвята «Трактары і шасьцярэнькі» і гэтак далей. Дзе там нашы кравецкія лякалы, зацьверджаныя саўнаркамам?

Не зраслася беларуская мова з хамскай. З душаў, як зубную пасту выціснулі яе грунтоўна. Запоўнілі дбайна моўным эрзацам вяскоўцаў, якія ўцяклі ў горад, каб ненавідзець усё вясковае: развучыліся на роднай, не агоралі няродную. Папрацавалі ідэолягі-хірургі: замянілі беларусу ворганы жыцьцязначныя. Душа чужая, сэрца, мазгі, каб ня думалі па-беларуску, ня мелі пачуцьцяў, апроч каўбасных. Мэта ранейшая: рабіць што заманецца, як са статкам, які сьцяўся ў чаканьні пугі. Каб ня дай Божа народам сябе не адчувалі, не прыдаткам да расейскага. Народам з эўрапейскай душою, з рыцарскімі звычкамі, з прыгожай моваю. Мову вырвалі з душы як ружу, чужыя языкі прышылі, якімі ад беларускай мовы адмаўляюцца, на яе, родную, даносы пішуць.

Сэрца Шапэна


Ведаеце традыцыю: сэрца хаваць асобна ад тулава? Пілсудзкі, напрыклад. Люблю польскі камэдыйны сэрыял, дзе галоўным героем Фэрдынанд Кепскі. Аднойчы ён быў галодны і скраў у суседа па камуналцы слоік з хатняй кансэрвай. І як толькі есьці, пачалі на галовах кучмы расьці, а пальцы самі кінуліся Шапэна выконваць. І нават на конкурс запрошаны былі шапэнаўскі. А як схадзілі на гаршчок, то ўсё зьнікла. Са скрухай: “Прасралі свой талент!” Разгадка банальная: сусед скраў з касьцёлу слоік з сэрцам Шапэна, каб прадаць японскаму калекцыянэру за пару тысяч баксаў.

Мой прыяцель, таксама пасьмяяўшыся з гэтай сэрыі, усё паўтараў мне: толькі здаровы народ можа так парагатаць з самога сябе. Не паспрачаесься, бо Шапэн — гэта сьвятое для палякаў, сцэнар быў напісана літаральна на небясьпечнай мяжы. А ў нас ніякіх межаў няма: зьдзеквацца з нацыянальных пачуцьцяў — гэта сёньняшні мэйнстрым.

Вось і задумаесься: дзе ж сэрца беларуса схавана? Там, дзе крыж Эўфрасіні? У партызанскай зямлянцы? У Вільні? А можа яго зьелі, як у сярэднявечных аповедах? Вось яно, толькі ляжала на талерцы, толькі яшчэ суседзі з відэльцамі і нажамі паглыналі вачыма, як ужо няма: зжэрлі прагна, зжавалі.

Сэрца беларускае — які сюжэт, дальбог! Ды яшчэ які! Калі ў цябе ў галаве проза, то самі ўспамінаюцца прачытаныя гісторыі, як бы выкарыстаць іх? Напрыклад: уладальнік замка сэньёр Р., пасьля таго, як муж яго каханкі даведваецца пра іхныя справы, сядае на каня і — у крыжовы паход. Яго напаткае атручаная страла. Свайму збраяносцу, паміраючы, ён загадвае даставіць каханцы куфэрак са сваім набальзамаваным сэрцам… У іншай гісторыі сэрца забітага палюбоўніка муж каварна дае пакаштаваць сваёй багданай, раскрываючы сакрэт па абедзе.

Альбо: памірае храбры граф, каб не пайшло намарна, яго сэрца прапануецца “аддаць на зьядзеньне ў першую чаргу імпэратару”, каб ён перамог нарэшце сваіх ворагаў. І далей: “І хай кароль францускі пакаштуе яго ды адваюе Кастылію”. Але ня толькі: “Хай кароль ангельскі пад’есьць таго сэрца колькі душы заманецца, каб набрацца храбрасьці адваяваць землі, якія заняў францускі кароль”. Не спыняеш зьдзіўляцца, што накарміць тым жа сэрцам выказваецца пажаданьне таксама караля кастыльскага, “каб еў за двух”, наварскага таксама, ды іншых.

На жаль, беларускае сэрца, трапіўшы ў чужыя талеркі, болей падмацавала сквапнасьць, каб расьцягнулі нашу гісторыю, што праўда, беларусамі яны сябе не адчулі. Замест скрадзенага выдалі іншае, дапусьцім, гумовае. Штучнае сэрца не баліць за сваё роднае, бо не адчувае яго, адно стрымана радуецца, пакуль цэны вырасьлі не ў пяцьдзясят разоў.

Калісьці клясык пісаў пра “сэрца на далоні”, прыгожа прыдумана, цяпер яно (калі яшчэ не гумовае, калі пакуль жывое), хіба, у кулаку заціснута, ня рыпнецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG