Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет салідарнасьці з палітвязьнямі прайшоў у Дрыбіне


Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі адбылася ў райцэнтры Дрыбін, што на Магілёўшчыне. У ёй узялі ўдзел двое мясцовых жыхароў — Тамара Юневіч і Мікалай Юркоў.

Паводле спадарыні Юневіч, яны сваю акцыю праводзілі ля цэнтральнай крамы, непадалёк ад райвыканкаму:

«Я трымала ў руках партрэт Саньнікава, а Мікалай Фёдаравіч — на паперы выдрукаваны сьпіс тых актывістаў, якія сядзяць у турме. Мы прастаялі гадзіну. Пачалі а 17-й. Акурат у гэты час ідуць з працы супрацоўнікі райвыканкаму. Людзі ў краму ідуць. Чыноўнікі рабілі выгляд, што нас не заўважаюць.

Начальнік міліцыі да нас падышоў. Запытаўся, а што вы тут стаіце? Я адказала, што чула інтэрвію Ермаковай, якая казала, што МВФ не дае крэдыту, бо палітвязьні ня хочуць выходзіць. Дык вось мы вырашылі ўзбударажыць народ. Калі АМАП ня хоча ісьці ў турму іх выганяць, дык, можа, народ неяк скажа: „Хлопцы, выходзьце з турмы“».

Тамара Юневіч і Мікалай Юркоў пэнсіянэры. Учора ля кіёска яны абое куплялі газэту «Свободные новости». Гэтак і пазнаёміліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG