Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір сядзіць у Шклове


Прадстаўнікі пракуратуры на прэсавай канфэрэнцыі: Генадзь Барысаў, Дзьмітры Касьцюкевіч, Ігар Грэйба, Пятро Кісялёў.
Прадстаўнікі пракуратуры на прэсавай канфэрэнцыі: Генадзь Барысаў, Дзьмітры Касьцюкевіч, Ігар Грэйба, Пятро Кісялёў.
У генпракуратуры кажуць пра зьніжэньне колькасьці выкрытых карупцыйных злачынстваў і лічаць гэта вынікам узмацненьня барацьбы з карупцыяй. Пры гэтым факты хабарніцтва ў сілавых ведамствах па-ранейшаму маюць месца.

2151 карупцыйнае злачынства было выкрыта за 9 месяцаў 2011 году, што на 130 выпадкаў меней у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2010 году. Кіраўнік управы барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю Генпракуратуры Ігар Грэйба лічыць, што чым меней — тым лепш. Маўляў, меней сталі выкрываць, бо карупцыя зьнізілася ў выніку барацьбы. Між тым у эканоміцы, гандлі, будаўніцтве, ахове здароўя, адукацыі па-ранейшаму ўзровень карупцыі вышэйшы чым у іншых галінах. А менавіта тут простыя людзі найчасьцей сутыкаюцца з чыноўнікамі. Сярэдні памер хабару — 200–300 даляраў.

Прадстаўнікі сілавых і праваахоўных ведамстваў таксама нярэдка бяруць хабар.

Ігар Грэйба: «Калі гэта прадстаўнікі міліцыі, то найчасьцей за тое, што не заводзяць крымінальныя справы ці не прыцягваюць да адказнасьці паводле вынікаў праверак. Супрацоўнікі ДАІ найчасьцей — за тое, што датэрмінова вяртаюць правы кіроўцам, якіх пазбавілі правоў за парушэньне правілаў дарожнага руху. Супрацоўнікі кантрольных органаў атрымліваюць хабар за неспаганяньне падаткаў у поўным аб’ёме, за неправядзеньне праверак, у выніку якіх могуць закрыць арганізацыю ці сур’ёзна пакараць кіраўніка».

Паводле генпракуратуры, летась за 9 месяцаў былі прыцягнутыя да адказнасьці за карупцыю 41 супрацоўнік МУС, 4 супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацый, у КДБ знайшлі аднаго карупцыянэра, на мытні — 18, сярод памежнікаў — 6, у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў КДК таксама выкрыта 6 карупцыянэраў. У сыстэме пракуратуры сёлета карупцыянэраў не знайшлі, а справы 4 супрацоўнікаў, якія расьсьледуюць, завялі яшчэ летась, патлумачыў прадстаўнік пракуратуры. Начальнік аддзелу нагляду за апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю Дзьмітрый Касьцюкевіч паведаміў пра былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра, асуджанага летась за карупцыю на 7 гадоў зьняволеньня: Міхаіл Сьнягір адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі, спробаў аспрэчыць прысуд ён не рабіў.

Найбольш гучныя карупцыйныя справы, якія цяпер расьсьледуюць сьледчыя пракуратуры, — гэта справы адказных супрацоўнікаў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Міністэрства энэргетыкі.

Журналісты запыталі пра ранейшыя гучныя справы. Заканчваецца расьсьледаваньне справы супроць кіраўнікоў аб’яднаньня «Пінскдрэў», дзе год таму здарыўся выбух з чалавечымі ахвярамі. Паводле Генадзя Барысава са сьледчай управы Генпракуратуры, з матэрыяламі справы ўжо знаёмяцца тры абвінавачаныя, але сярод іх няма былога гендырэктара Ларана Арыніча, якому таксама выставілі абвінавачаньне, але знайсьці яго ня могуць.

«23 жніўня адносна яго абвешчаны вышук, а 22 верасьня прынятая пастанова аб прызначэньні яму меры стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай. У крымінальнай справе 22 чалавекі прызнаныя пацярпелымі, 14 загінулі, 8 атрымалі траўмы».

Справу супроць былога гендырэктара «Пінскдрэва» завялі яшчэ ў лютым па выніках праверкі Савету бясьпекі, якая знайшла, што вінаватыя ў выбуху кіраўнікі аб’яднаньня. Паводле зьвестак генпракуратуры, Ларан Арыніч улетку знаходзіўся ў Польшчы. Адразу яго не арыштоўвалі нібыта з прычыны ўзросту — Ларану Арынічу 75 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG