Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура: факт прычыненьня пералому нагі пры затрыманьні не пацьвердзіўся


Кастусь Жукоўскі 22 верасьня ў судзе.
Кастусь Жукоўскі 22 верасьня ў судзе.
Гомельскі грамадзкі актывіст Кастусь Жукоўскі атрымаў адказ на сваю скаргу пра супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі спэцыяльнага прызначэньня.

Старшы сьледчы пракуратуры Гомельскай вобласці па Цэнтральным раёне Сяргей Кузьмянкоў напісаў, што пракуратура правяла праверку й прыйшла да высновы, што ў дачыненьні да Жукоўскага «фізычная сіла прымянялася законна, перавышэньняў улады ці службовых паўнамоцтваў не дапушчана, факт прычыненьня пералому нагі пры затрыманьні не пацьвердзіўся».

У пастанове сьледчы спасылаецца на паказаньні міліцыянэраў і лекараў «хуткай дапамогі» і абласнога шпіталю, якія сьцвярджаюць, што затрыманы гвалтоўна спэцназам 21 верасня Кастусь Жукоўскі ня скардзіўся на пашкоджаную нагу.

Аднак 22 верасьня ў судзе Цэнтральнага раёну, куды спадара Жукоўскага прывезьлі з ізалятару пасьля прэвэнтыўнага арышту, ён заяўляў, што ня можа даваць паказаньні стоячы — баліць нага. Паводле ягоных слоў, лекары напярэдадні нагу знарок не аглядалі, а высьвятлялі толькі, ёсьць у яго траўма галавы ці не.

Пасьля суду, калі Жукоўскага везьлі адбываць 15-суткавае пакараньне нібыта за лаянку й супраціў міліцыі, на шматлікія скаргі яго даставілі ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, дзе наклалі на нагу гіпс. У эпікрызе ўтрымліваецца дыягназ: пералом верхняй траціны правай малабярцовай косьці, які зрастаецца без зрушэньня. Дыягназ напісаны такім чынам, быццам пералом актывіст атрымаў яшчэ да затрыманьня.

Жукоўскі: «Калі б два тыдні таму нага ў мяне была паламана, то як я мог хадзіць на працу і насіць балёны з газам ды рубэроід? Няма ў нас закону, ёсьць загады і кругавая парука. Што міліцыя, што пракуратура — гэта халопы аднаго гаспадара, і як ім загадалі, так і робяць. Надзея толькі на Бога. Ён абяцаў, што калі ўлада пачне парушаць законы, то яна сама будзе пакарана».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG