Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Зэдлік — беларуская статуя свабоды"


Зэдлік, які давезьлі да берагу Ціхага акіяну і вярнулі ў Беларусь
Зэдлік, які давезьлі да берагу Ціхага акіяну і вярнулі ў Беларусь
У менскай галерэі "Ў" адкрылася фотавыстава "З табурэтам праз кантынэнты". Аўтары здымкаў, Аўгіньня Манцэвіч і Ўладзіслаў Юркоў, паўтара года таму выправіліся ў падарожжа праз 14 краінаў з зэдлікам, узятым зь беларускай кухні.

Праз год зэдлік быў урачыста ўсталяваны на беразе Ціхага акіяну. Экспанатамі выставы сталі падарожныя фатаздымкі, відэахроніка, шматразова праштампаваныя пашпарты Яўгеніі і Ўладзіслава, якія ў падарожжы афіцыйна пабраліся шлюбам, і, натуральна, зэдлік.

І само падарожжа, і фотавыстава, па словах Аўгіньні Манцэвіч, выяўляюць ідэю свабоды і межаў свабоды: "У Беларусі людзі маюць свабоду толькі на кухні, седзячы на зэдліку, дзе яны могуць свабодна размаўляць пра ўсё што заўгодна. А толькі яны ўстаюць з таго зэдліка і ідуць на працу — усё, яны нічога ня робяць з таго, пра што яны марылі. І вось мы вырашылі гэты зэдлік узяць і пайсьці зь ім да акіяну, каб паказаць, што межы свабоды ня толькі ў межах сьценаў кухні. Яны могуць быць і за акіянам, яны могуць пашырыцца за межы акіяну, на адлегласьць двух кантынэнтаў. І мы паказваем, што мы прайшлі такую адлегласьць і былі свабодныя, нягледзячы на тое, што нам шмат даводзілася сутыкацца зь бюракратыяй, перасякаць межы і г.д. Усё гэта магчыма, і свабода ў гэта не ўпіраецца. Яна, наадварот, дапамагае пераадолець гэта ўсё".

Уладзіслаў Юркоў назваў зэдлік беларускай статуяй Свабоды. Ён распавёў, што дзяўчына, з чыёй кухні яго ўзялі, спачатку выправілася ў падарожжа разам зь імі. Аднак засталася ў першым жа пункце — Нью-Ёрку, і цяпер шчасьліва там жыве. Аўгіньня ж і Ўладзіслаў вярнуліся.

Аляксандар Манцэвіч
Аляксандар Манцэвіч
Бацька Аўгіньні Аляксандар Манцэвіч, заснавальнік і рэдактар маладэчанскай "Рэгіянальнай газэты", кажа, што яму невядомая "кухонная" філязофія, калі свабодна выказвацца можна толькі на ўласнай кухні. Па ягоных словах, зэдлік — гэта сымбаль мінулага, і ў будучыні мы здолеем абысьціся безь яго. На пытаньне, ці трэба было так далёка хадзіць, каб стаць свабодным, Аляксандар Манцэвіч адказаў так: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць", — сказаў паэт. Яны паслухаліся парады паэта, пабывалі і зразумелі, што для іх самае дарагое — Беларусь. Для мяне гэта проста радасна, бо я таксама не зьбіраюся нікуды зьяжджаць".

Уладзіслаў Юркоў: "Мы маем вельмі шмат. Каб у гэтым упэўніцца, варта было паехаць у тыя месцы, дзе людзі маюць нашмат меней. Мы зрабілі гэтую выставу, каб людзі менш плакалі і больш пасьміхаліся".

Аўгінья Манцэвіч і Ўладзіслаў Юркоў
Аўгінья Манцэвіч і Ўладзіслаў Юркоў


Аўгіньня і Ўладзіслаў правялі ў падарожжы год. За гэты час яны патрацілі паўтары тысячы даляраў. І ў розных краінах сьвету зладзілі фэстывалі беларускай культуры:

Аўгіньня Манцэвіч: "У нас былі розныя фэстывалі. У Балівіі мы адзін раз рабілі беларускія Каляды. Калядавалі, ставілі сцэнкі, песьні сьпявалі. Была ў нас каза, зорка — усё як трэба. Мяшок насілі з сабою. Для дзяцей ладзілі гульні розныя беларускія. Гатавалі боршч беларускі. А яшчэ былі фэстывалі агульнай нашай культуры, украінскай і расейскай. Песьні сьпявалі і ўкраінскія, і беларускія, і расейскія. Кожны сваю нацыянальную страву гатаваў, спэктаклі розныя ставілі".

Справаздачы з падарожжа ад пачатку зьяўляліся ў блогах удзельнікаў. У такім жа блогерскім стылі аформленыя і подпісы пад фатаздымкамі, якія цяпер склалі выставу. Магчыма, гэта вызначыла той факт, што адкрыцьцё выставы больш нагадвала оф-лайн сустрэчу сяброў з сацыяльных сетак.

Аднак менавіта гэтая акцыя праводзіць рысу паміж фатаздымкамі, выстаўленымі ў сацыяльнай сетцы Facebook, і самастойным праектам, які можна разьмясьціць у мастацкай галерэі. Увагу да яго прыцягвае найперш шчырасьць аўтараў. Да таго ж яны інтуітыўна трапляюць як у вострыя і вельмі канкрэтныя грамадзка-сацыяльныя праблемы кшталту візавых бар’ераў і эміграцыі моладзі, так і ў задачы больш мэтафізычныя, кшталту пошукаў ідэнтычнасьці і пераадоленьня кансьюмэрызму (уся маёмасьць удзельніка падарожжа зьмяшчалася ў адным заплечніку).

Выстава працягнецца да 18 лістапада.

Музычны выступ на адкрыцьці выставы
Музычны выступ на адкрыцьці выставы

Фатаздымкі з падарожжаў
Фатаздымкі з падарожжаў

Мэксыканская віза
Мэксыканская віза

Экспазыцыя выставы
Экспазыцыя выставы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG