Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: міндальны востраў


Падарожжы ў думках, яны штодзённы зьмест сьвету празаіка: кнігі, інтэрнэт, само сабой, тэлевізар таксама, успаміны і абавязкова часам — зазірнуць у свае зацемкі, зробленыя дзесь у кавярні каля мора. Але хочацца, хочацца калі-нікалі ўсё ж зьмяніць месца знаходжаньня фізычна. Убачыць на ўласныя вочы, дакрануцца да іншай рэчаіснасьці, асабісты досьвед важны. Бяз гэтага нельга. І вось яно нарэшце! Пачынаецца, пераводзь у галаве стрэлкі…

Яхты ў чаканьні сэзону
Яхты ў чаканьні сэзону
Навокал лацінскі шрыфт, які супакойвае. У інтэрнэт-кавярні паштавік пачынае цябе правяраць: ці гэта ты, зь якога звычайна падлучаесься гораду? Спрабуеш злучыць думкі зь языком — гаварыць той моваю, якой іншыя карыстаюцца. Спачатку вузел атрымваецца зусім не марскі. Разьмінай язык мулкі, разьмінай… Купляеш кнігу, бярэш кубак кавы. А, ледзь не забыўся, зьядаеш кавалак ласося ў North fish (з думкай, ясна: колькі ж ён цяпер у нас каштуе?). І ўвесь час кантралюеш сябе, даеш каманды як машыне — язык агучвае словы, напісаныя на нябачнай дошцы спачатку ў галаве.

Гарэхавы гай


Вось яна ў смузе — зямля, якая купаецца ў моры і сонечных ваннах, з паветра яна выглядае зусім не зялёным, ня райскім востравам, хай. Пяцьсот тысяч міндальных дрэў, гарэхі на рынку: у шкарлупе, без, аблупленыя ад шалупіньня, толькі купляй. Што яны на цябе часам пазіраюць? Так-так, ты чакаў, што “кожны другі вусаты” будзе, як у вершы. Але наяўныя вусачы ў самалёце разьехаліся па востраву.
Востраў пад крылом
Востраў пад крылом
У гэтай краіне таксама была вайна, таксама бралі ў палон, дапытвалі, трыбунал, расстрэл. Думка: расстраляць маглі пад старым мурам, аплеценым вінаградам, у апэльсынавым гаі. Ці магло быць лягчэй, чым калі пад звычайнымі соснамі-бярозамі? Тут усё мае іншы смак, досьвед гістарычны перш за ўсё. Пра тутэйшыя расстрэлы напісаў калісьці жорсткую навэлу Сартр.

Джордж Оруэл падсумоўваў: “Цяжкае пытаньне, ці правільна было падахвочваць гішпанцаў, хаця перамагчы яны не маглі, біцца да апошняга, да чаго іх дружна заклікалі левыя ў іншых краінах. Асабіста я думаю, што правільна, таму што, на мой погляд, нават каб выжыць, лепей змагацца і пацярпець паразу, чым капітуляваць без барацьбы”.

Замежныя крылы


Зразумела: палёт гэта як з кнігай — адштурхнуцца, узьняцца, пачаць —першая важнасьць, пасадзіць удала — другая. Вялікае ўстойлівае тулава летака робіцца ненадзейным, нязграбным, торгаецца, калі з адчувальным трымценьнем прытармажвае па-над вадою, абапал ветразі, не абрынуцца б на яхты. Самалёт завальваецца то ўлева, то наадварот, рыхтык гайданка. Часовая хісткасьць, пра дрыжыкі мовы яшчэ няма. Цягнецца пэўна хвіліны, але зірнуць на гадзіньнік? У большасьці толькі тэлефончыкі, яны пагашаныя. Ззаду якраз пытаюцца наконт стрэлак гадзіньніка… З кнігай можа быць нават горш: нібыта ўсё сказаў, але зыбучыя пяскі пад нагамі. Хаця, калі шчыра, авіярэйс — хутчэй як выпуск газэтнагу нумару, здаць у друкарню, не спазьняцца, нават калі ня ўсе квіткі выкупленыя.
Бела-чырвоная копія самалёта, у кожным аэрапорце яна іншая
Бела-чырвоная копія самалёта, у кожным аэрапорце яна іншая
А раней: спадар у аэрадромным аўтобусе выказвае незадавальненьне ўбачаным самалётам — паляцім малабарскімі авіялініямі? Што ў нас, сваіх няма?! Так, менавіта, цябе раптам пацягнула на а-ля грынуэеўскі лад. Табе самалёт падабаецца, вялікі і замежны, прычым ты не заўважаеш малабарскіх апазнаўчых знакаў. Унутры надпісы, у якіх таксама нічога малабарскага блізка. Пазьней ты разумееш, што спадар, пэўна, заўсёднік цяперашняга рэйсу: сьцюарды і пілёты робяць абвесткі па-сармацку, але з малабарскім акцэнтам. Адчуваецца, што чытаць з паперкі — гвалт над сабой, над сваім моўным апаратам. У канцы, махнуўшы рукой, сьцюард пераходзіць на малабарскую, словы якой, мабыць, мала каму штось гавораць, але ты анігадкі, як ні дзіўна, ты малабарскай не шугаесься.

Aeropuerto


Доўгія самарушныя сьцяжыны ў “аэрапуэрта”, некаторыя па іх крочаць, узьнікае думка пра школьную задачку. Чаканьне зьмесьціва самалётных вантробаў. Яго жывот расьпірала валізамі Magellano, твая сьціплая месца шмат не вымагала… Шум, гвалт! Усе вочы на выгінасты пас для чамаданаў, які пустапарожне рухаўся, нібы доўгі марскі гад, палясківаючы на паваротках чорнай луской. Чамаданны канвэер асядлалі швабы. Рыхтык каўбоі: пад капелюшамі, трымаюцца ланцугом і равуць песьні. Самарушная футбольная трыбуна, але мне чуюцца якіясьці сьпевы парашутыстаў (памяць продкаў, пра якую нагадвае ў нядаўнім інтэрвію філёзаф Ален Бадзье). Фінал: пас для чамаданаў спыняюць.
У “аэрапуэрта” сустракае бронзавая ці то Выспа-маці, ці, скажам, царыца плоднасьці
У “аэрапуэрта” сустракае бронзавая ці то Выспа-маці, ці, скажам, царыца плоднасьці

Абарона


Бюст, на чалавечы рост: бронзавая пазелянелая галава, плечы “надзетыя” на слупок пастамэнту. Ты стаіш насупраць і глядзіш яму ў вочы, у яго кепка, якой нагадвае Тэльмана. Сквэр няправільнай формы, пальмы трох гатункаў, ад невысокіх, як вялікія ананасы, да выносістых. Помнік яму паставілі нядаўна, пры каўдыльё ён быў у чорным сьпісе, нават мёртвы. Ён ладзіў абарону вострава, апошняй зямлі Рэспублікі. Шанцаў не было, але яны, як маглі, рыхтаваліся да абароны. Легіён “Кандор” адклікалі, люфтвафэ атрымала пляншэткі зь іншымі картамі. Але шанцаў усё роўна не было, адно магчымасьць апошніх дзён свабоды.

Ацалелыя абарончыя бункеры ля самай вады прыцягваюць сёньня ўвагу: іх склалі з пясочніку, з высечаных чатырохкутнікаў. На выпадак дэсанту — так, на выпадак гарматнага абстрэлу з мора, авіябомбаў — не, адназначна не. Вузкі ўваход з боку сушы, ён прыцягвае. У сьцяне адразу на цябе зеўрае байніца: агонь сустрэне, калі хто наважыцца захапіць. Але такі крок выглядае самагубча непатрэбным. Асьцярожна ўнутр: улева-управа зусім вузкія праходы, адчуваеш сябе сьціснута, робіш крокі бокам. Чатыры цесныя каморы з агнявымі шчылінамі. На дзесяць-дванаццаць жаўнераў. Роля іхняя выглядае незайздросна, дальбог.

А правая камора пачынае разбурацца, палову долу падмыла морам, у праломе пенны прыбой, у куце на кукішках немец, які робіць здымкі, пстрыкну і я разок.

“Гаварыў Язэп Барэйка”


Думкі пра тую вайну, думкі пра інтэрбрыгады. Так, уявіць сябе ў шэрагах шасьцітысячнай калёны, якая цераз Барсэлёну пакідае фронт, змаганьне, Рэспубліку, не з уласнага жаданьня, бадай магчыма. А ці можна ўявіць сябе адтым з тых пілётаў, якія прайшлі над Мадрыдам, трымаючы ў паветры літары імя каўдыльё, складзенага з самалётаў? Каму зоркі на пагоны, каму мэдаль, каму ўзнагародны гадзіньнік.

Нярэдка рэчаіснасьць выглядае чорна-белай, асабліва ў вострыя моманты, але жыцьцё ў любым разе зусім няпростае, ня гэтулькі кантраснае, адназначнае, як можа здавацца часам…

Вольнае беларускае слова на гішпанскім радыё, перадачы з Мадрыду, накіраваныя на Менск, за жалезную заслону. Спыненыя на запатрабаваньне СССР у 1965-м. Івонка Сурвіла ў сваіх мэмуарах “Дарога” (бібліятэка “Свабоды”) піша, што выйшлі 2383 штодзённыя выпускі. Стварылі пры канцы 1958-га радыёперадачу разам яе муж Янка Сурвіла і Віктар Сянькевіч. Апошняга мы ведалі потым па сюжэтах на “Свабодзе”, якія нязьменна заканчваў словамі “гаварыў Язэп Барэйка”. Ён чытаў свае тэксты нейк дыдактычна-зьедліва. Памятаецца ў Мюнхэне потым паказвалі асобны тэлефон для сувязі з Барэйкам, адметнага колеру, здаецца чырвонага.

А ці выйшла абвешчаная амаль дваццаць год таму кніжка з такой вось назвай — “Гаварыў Язэп Барэйка”? Штосьці я ня чуў.

Спадарыня Сурвіла пісала, што хіба так і не даведалася, ці слухалі мадрыдзкія радыёперадачы ў Беларусі? Што чутны былі ў Польшчы і Прыбалтыцы, ёй было вядома… Я гляджу на старыя стомленыя твары дзесь на рынку ці на аўтавакзале: ці слухалі яны, ці памятаюць, ці скажуць?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG