Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валютныя пакуты беларусаў


На працягу некалькіх апошніх дзён даляр у Беларусі падаражэў больш як на паўтары тысячы рублёў. Адпаведна мяняюцца і цэны на спажывецкім рынку — яны імкліва растуць. Як на гэта рэагуюць людзі? Ці імкнуцца перавесьці ў валюту свае рублёвыя ашчаджэньні?

Берасьцейшчына


Берасьцейцы абураныя імклівым абясцэньваньнем беларускага рубля:

Спадар: «Ня ведаю, што вам і сказаць на гэты конт. Я ў шоку. Там чэргі ў банку, дзе большы за ўсё даляр… 9100 у банку „Масква-Менск“, то чарга стаіць каб здаць даляры».

Пры гэтым людзі кажуць, што пераводзіць рублі ў даляры мала хто сьпяшаецца:

Спадарыня: «А як зараз перавесьці? Якія заробкі? Што можна перавесьці? Калі ў людзей, дапусьцім, мільён рублёў заробак, то пайсьці адну курыцу купіць будзе колькі? 60 тысяч! Кавалачак сыру — 10-15 тысяч. Халвы кавалачак — 11 тысяч. Што тут можна ў даляры перавесьці? Я не разумею… Канечне, цяжка, вельмі цяжка стала…»
А як зараз перавесьці? Якія заробкі? Што можна перавесьці?

Як заўважыў адзін з наведнікаў Калгаснага рынку ў Берасьці, рост даляра адбіваецца і на дзяржаўнай прапагандзе:

Спадар: «Затое маўчаць усюды ў нас вакол. Як дзешавеў, то ўсюды ў нас „ля-ля-ля“… А зараз усё — нібы язык у ж… усе засунулі».

Таму, кажа спадар, мала хто верыць тым посьпехам, пра якія так шмат гавораць цяпер на дзяржаўным тэлебачаньні.

ВІЦЕБШЧЫНА


Сёньня Віцебскі гандлёвы цэнтар «Эвіком» літаральна гуў ад размоў пра падвышэньне валютнага курсу. Пакупнікі былі ў разгубленасьці: або купляць нешта сёньня і тэрмінова, пакуль наяўную валюту можна абмяняць па высокім курсе, або пачакаць некалькі дзён, пакуль курс падрасьце яшчэ? Але ж многія гандляры зь сёньняшняга дня ўжо падвышаюць цэны.

Вось што кажа пра новую сытуацыю на валютным рынку Ірына Яскевіч, старшыня арганізацыйнай групы па стварэньні прадпрымальніцкага прафсаюзу «Разам»:

«Суадносна зь сёньняшнім курсам даляра цэны трэба падвышаць на 25–30%! Быў жа курс ужо нейкі стабільны, ня дужа высокі — галоўнае, што стабільны. І людзі паехалі, набылі тавар… А цяпер будуць зачыняць працоўныя месцы, бо проста ня ведаюць, як выходзіць з гэтай сытуацыі. Іх выручка не пакрывае выдаткаў, каб зноў закупіць тавар… Таму на сёньняшні дзень прадпрымальнікі — у шоку!»

Спадар Віталь прыйшоў на «Эвіком», каб набыць падарунак жонцы на дзень народзінаў. Грошы на гэта ён адкладаў у далярах і цяпер прыглядаецца да курсаў у абменьніках. Спадар пэўны, што бескантрольныя скачкі даляра — гэта складнік сучаснай эканамічнай палітыкі:

«Гэта такая сыстэма падаткаабкладаньня ў Беларусі: пасьля 20-га чысла трэба плаціць падаткі, і ўсе прадпрыемствы, якія маюць, імпартэры ў асноўным, валюту прадаюць. А потым, на пачатку месяца, зноў яе купляюць, але курс ужо робіцца высокі. Вось такая сыстэма!»

Свае меркаваньні спадар Віталь грунтуе на тым, што Нацбанк ніякім чынам ня ўмешваецца — не рэгулюе курс, абяцаючы зрабіць гэта толькі на працягу месяца. Патураючы тым, хто зарабляе на розьніцы курсаў несумленным шляхам, перакананы суразмоўца:

«Нацбанк не прадае валюту, мяркуючы па ўсіх паведамленьнях. І ня стрымлівае курс. Так што яго вызначаюць гульцы рынку — хто купляе валюту і хто прадае. Нацбанк мусіць прыняць валявое рашэньне — курс будзе такі і такі… А пакуль валютныя спэкулянты радуюцца — можна багацець! Хто купіў даляр таньней, зараз прадасьць яго даражэй. Грошы — з паветра!»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Многія беларусы, нягледзячы на рэзкае абясцэньваньне нацыянальнай валюты, не сьпяшаюцца пакуль пераводзіць рублёвыя ўклады ў валютныя. Чаму?

Пра тое, ці не зьявілася ў насельніцтва ў сувязі з ростам даляра новая тэндэнцыя — пераводзіць грашовыя ўклады з рублёвых у валютныя — я размаўляў зь некалькімі спэцыялістамі ў розных філіялах «Беларусбанку». Асаблівых зьменаў, як мне сказалі, у гэтым кірунку няма. Праўда, некаторыя спэцыялісты зазначалі, што на самым пачатку росту даляра, яшчэ ўвесну, такая тэндэнцыя назіралася. Але, бадай, самае цікавае, што яна хутка зьмянілася. Вось што распавядала спадарыня Ірына, спэцыяліст «Беларусбанку» ў Мастах.
Людзі здавалі даляры па высокім курсе і клалі грошы на рублёвыя ўклады.

Спадарыня: «Калі павысіўся курс даляра, мы заўважылі, што ў нас значна павялічыўся наплыў укладаў у беларускіх рублях. Людзі здавалі даляры па высокім курсе і клалі грошы на рублёвыя ўклады. Гэта было заўважна».

Працэнт гадавых на рублёвых укладах цяпер сягае 38% — і гэта, на думку банкаўскіх спэцыялістаў, асноўны фактар, які прываблівае да іх кліентаў. Адзін з маіх суразмоўцаў, спадар Андрэй, які трымае грошы на валютным рахунку, пераконвае ў іншым.

Спадар: «Тыя 40% гадавых, улічваючы нашу інфляцыю, нічога ня вартыя, бо хутка можаш апынуцца ў мінус 140. Навошта далёка хадзіць — паўгода таму даляр каштаваў тры тысячы, а цяпер некаторыя банкі ўжо даюць за яго 10 тысяч. Атрымліваецца, даляр павялічыўся ў тры разы — гэта значыць 300%, а не 40%».

І ўсё ж найбольш цікавае пытаньне — чаму беларускія грамадзяне працягваюць захоўваць грошы ў беларускіх рублях? Яшчэ адзін з маіх суразмоўцаў, спадар Сяргей, тлумачыць гэта недасьведчанасьцю людзей у фінансавай сфэры.

Спадар: «Яшчэ напачатку многія мае сябры пераконвалі сваіх бацькоў, што ўклады трэба з рублёвых перавесьці на валютныя, бо хутка пачнуцца праблемы. Некаторыя ставіліся да гэтага адмоўна, аднекваліся — маўляў, што вы там гаворыце… А потым былі ўдзячныя сваім дзецям, што тыя іх пераканалі, бо рублёў мелі шмат».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG