Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель зноў умацоўваецца. Коштам чаго?


Сёньня на таргах дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рубель пасьля ўчорашняга падзеньня умацаваўся на 40 пунктаў і цяпер складае 7610 за даляр. Тым часам афіцыйны курс, вызначаны Нацыянальным банкам, працягвае падаць – на 6 кастрычніка ён усталяваны у 5750 рублёў. Ці азначаюць тэндэнцыі, што галоўная фінансавая ўстанова працягвае збліжаць курсы з дапамогай інтэрвэнцый?

Кіраўніцтва Нацбанку сьцьвярджае, што ад 14 верасьня, з пачаткам працы дадатковай сэсіі біржавых таргоў, камэрцыйны курс вызначаецца на падставе попыту і прапановы на валюту. Паводле кіраўніцы банку Надзеі Ермаковай, неабходнасьці ў інтэрвэнцыях дзеля стрымліваньня курсу рубля пакуль няма. Праўда, тэарэтычна яна ня выключыла такую магчымасьць у будучыні.

Колішні дырэктар Беларускай фондавай біржы Валеры Кругавы перакананы: фінансавыя ўлады па-ранейшаму настроеныя выканаць палітычную волю кіраўніцтва краіны і любым коштам выйсьці на адзіны курс да канца кастрычніка. І галоўныя выдаткі, на яго думку, якраз закладзеныя ў працэс абясцэньваньня даляра на тле яго ўмацаваньня ўва ўсім сьвеце :

"Ну, бачыце, я ж не сяджу там унутры. Мы можам толькі рабіць нейкі экспэртны аналіз, а гэтыя экспэртныя ацэнкі ў беларускіх умовах досыць умоўныя. Калі глядзець аб'ектыўна, аб'ёмы на гэтай дадатковай сэсіі вельмі маленькія адносна агульнай валютнай патрэбы, валютнага рынку Беларусі. І з улікам, што гэтыя аб'ёмы невялікія, то ўскосна можна гаварыць: зразумела, што там можа прысутнічаць адміністрацыйнае рэгуляваньне".
Урэшце зноў вернуцца да таго, што было. А пры гэтым многія набліжаныя да кармушкі напхаюць свае кішэні

Карэспандэнт: "І чым усё скончыцца, калі ўлады зьбіраюцца рэгуляваць курс не рынкам, а адміністрацыйна?".

"Ды ўсё гэта мы ўжо праходзілі, разумееце? Але ў нашым выпадку гісторыя вучыць аднаму – не вучыць нічому, так жа атрымліваецца? Яшчэ раз кажу: усё гэта ў 1990-х гадах мы мелі, таму ўсё выльецца, прабачце, у сапсаваную эканоміку, у сапсаваныя адносіны. Урэшце рэшт пераканаюцца, што няма нейкага свайго асаблівага шляху ў гэтым сьвеце, і зноў вернуцца да таго, што было. А пры гэтым, натуральна, многія набліжаныя да кармушкі чарговым разам напхаюць свае кішэні. Вось і ўсё. Гэта было, нічога тут новага".

Бізнэсоўцы, якія набываюць валюту на біржы, кажуць, што дзяржава моцна рызыкуе, спрабуючы пэўным чынам фармаваць патрэбныя паказьнікі -- замест таго, каб аддаць працэсы на волю рынку. Адзін зь іх напаўжартам адзначае, у чые рукі Нацбанк уклаў рычагі ўплыву на ўсю эканоміку:

"Усё хачу даведацца, як прынамсі завуць тых мілых дзяўчынак, якія ў нас на біржы з разумным выглядам сядзяць за кампутарам, бо дырэктар у тэлевізар там не пазіруе. Я менавіта пра тых двух бляндынак, якіх народу пэрыядычна паказваюць на экране. Трэба абавязкова даведацца, хто яны такія, бо яны ў сваіх ручках трымаюць увесь лёс беларускай эканомікі, хоць ускосна, але, па сутнасьці, фармуюць фінансавую палітыку краіны".
Нічога ня будзе ўлада рабіць у напрамку эканамічнай лібэралізацыі, таму што гэта непазьбежна справакуе і палітычную лібэралізацыю

Зрэшты, кіраўніцтва Нацбанку перакананае, што з увядзеньнем раўнаважнага курсу патрэба ў дадатковай сэсіі на Беларускай валютна-фондавай біржы адпадзе сама сабой, таму пра яе існаваньне недасьведчаныя грамадзяне папросту забудуцца.

Тым часам перад Беларусьсю зноў замаячыла напаўзабытая пэрспэктыва пераходу на іншую валюту. Яшчэ за паўгода да прэзыдэнцкіх выбараў, не ставячы пад сумнеў іх вынікі, прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін распачаў рэклямаваць свой новы інтэграцыйны праект – Эўразійскі саюз. Пуцін, у прыватнасьці, хацеў бы вярнуцца да ідэі стварэньня адзінага эмісійнага цэнтра і, адпаведна, запусьціць ў абарот адзіную валюту, якой на першых часах мог бы стаць расейскі рубель. Ці можа Крэмль, карыстаючыся безвыходным становішчам Беларусі, схіліць Менску да сваёй даўняй ідэі адзінай валюты з рэгулятарам у Маскве? Вось што мяркуе кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

"Мне падаецца, што ня будзе абмяркоўвацца ўсур'ёз пытаньне аб увядзеньні расейскай валюты. Дакладна гэтак жа, як, з майго пункту гледжаньня, нічога ня будзе ўлада рабіць у напрамку таго, каб ажыцьцявіць эканамічную лібэралізацыю, таму што гэта непазьбежна справакуе і палітычную лібэралізацыю ў нашай краіне. Таму будзе, хутчэй за ўсё, вось такая агонія, якую мы назіраем цяпер. Бо ў дадзеным кантэксьце той жа Лукашэнка цудоўна разумее: калі, прыкладам, будзе ўведзена расейская валюта, то ўсё, што датычыць палітычнай незалежнасьці дзяржавы, апынецца пад велізарным пытаньнем. У тым сэнсе, ці яна ўвогуле захаваецца, і што тады ў такой сытуацыі рабіць самому Лукашэнку".

Беларускія ўлады даюць зразумець, што нават не разглядаюць варыянт адмовы ад нацыянальнай валюты, паколькі стабілізацыя рубля – справа часу. У прыватнасьці, яны не пакідаюць сумневу на атрыманьне буйных крэдытаў ад ЭўрАзЭС, МВФ і асобных расейскіх банкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG