Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха Варшаўскага саміту партнэрства


Эўразьвяз прадэманстраваў на саміце жорсткую пазыцыю адносна Беларусі, у чарговы раз запатрабаваў вызваленьня ўсіх палітвязьняў, беларуская афіцыйная дэлегацыя зрабіла дэмарш, сышоўшы з саміту, Лукашэнка на «Дажынках» назваў партнэрства «балбатнёй» і да таго ж абвінаваціў Польшчу ў намеры захапіць палову Беларусі.

Новы віток канфрантацыі, эскалацыя канфлікту? Ды не. Дакладней, не зусім так.

Увечары таго ж дня, калі Лукашэнка бэсьціў Эўропу і асабіста сп-ра Сікорскага, быў вызвалены яшчэ адзін палітвязень, першы з вызваленых былы кандыдат у прэзыдэнты. Пры ўсёй павазе да выключных маральных якасьцяў сп-ра Вуса заўважым, што былы кандыдат, магчыма, ня самы ўплывовы, але ўпершыню кандыдат у прэзыдэнты.

Бакі абмяняліся ўдарамі, але стасункі працягваюцца, вызваленьнем Вуса беларускі бок даў зразумець, што пра свае абяцаньні памятае і выконвае іх, з ўлікам свайго разуменьня сытуацыі. У тым ліку і меркаваньняў захаваньня твару. Міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў круціўся, як мог, тлумачучы, што Вуса вызвалілі паводле закону, а не на патрабаваньне Захаду: «У краіне прымаюцца рашэньні, якія сыходзяць з уласных патрэбаў”. Ну ў прынцыпе ўласным патрэбам могуць адпавядаць і крокі насустрач чыімсьці пажаданьням і патрабаваньням. Што да законаў, то паводле вэрсіі ўладаў менавіта на іх падставе Вуса ў турму і саджалі. А зараз на іх жа падставе вызваляюць? Ці там усё ж былі «гуманныя меркаваньні», як сказана ў афіцыйным паведамленьні аб вызваленьні? Але чаму гэтыя высакародныя меркаваньні не вызначалі лёс сп-ра Вуса раней? І чаму ў дадзены момант яны не бяруцца пад увагу адносна лёсаў сп.сп. Саньнікава і Статкевіча?

Усе ж ўсё разумеюць і сп-р Мартынаў – хіба ня лепш за ўсіх. Але ёсьць патрэба захаваць твар, таму даводзіцца ўжываць такую слоўную эквілібрыстыку.

Дарэчы, то жа міністар Мартынаў, не спасылаючыся наўпрост на шчыраваньні кіраўніка дзяржавы на «Дажынках», патлумачыў, што сыход беларускай дэлегацыі з саміту партнэрства не азначае сыходу краіны з праграмы як такой.

У той жа стылістыцы вытрыманыя і дзеяньні адносна іншага экс-кандыдата ў прэзыдэнты -- Ўладзімера Някляева. Паводле умоваў рэжыму адбываньня пакараньня яму забаронена выяжджаць за мяжу. Ён паехаў на саміт. Міліцыя кожны дзень хадзіла ў яго дом, палохала сям'ю, пагражала, па вяртаньні палітыка выклікалі і ...далі апошняе папярэджаньне.

Чаму ўсё гэта робіцца? Ды таму, што сытуацыя, патрэбы, якія былі да саміту, засталіся і пасьля яго. Ці сталі можа нават больш выразнымі. Вось кіраўнік камісіі палаты прадстаўнікоў агучыў лічбу, якую хутчэй за ўсё складзе цана на газ у наступным годзе з улікам паніжальнага каэфіцыенту, «падараванага» Масквой за посьпехі ў інтэграцыйным будаўніцтве – 288 даляраў за тысячу кубамэтраў. Але сярэдняя цана за гэты год атрымаецца 280 даляраў за тысячу кубоў. Дык гэта такое даволі ўмоўнае «паніжэньне». Не, ў параўнаньні з цаной апошняга кварталу бягучага году – сапраўды паніжэньне, ў параўнаньні з тым, якой цана магла б быць, калі б Беларусь не інтэгравалася, дык пэўна таксама паніжэньне. Але простая арыфмэтыка падказвае, што па «паніжанай» цане за газ у наступным годзе давядзецца плаціць больш, чым сёлета, што эканамічнаму аздараўленьню безумоўна не паспрыяе. Спатрэбіцца больш, чым сёлета, грошай, каб за газ плаціць. А дзе іх узяць? Ну вось таму і робяцца грозныя міны пры завуаляваных кроках насустрач тым, у каго грошы ёсьць.

У гэтым сэнсе адмова ўсіх краін-партнэраў у Варшаве падпісаць супольную дэклярацыю зразумела можа цешыць беларускія ўлады. І з палітычнага пункту гледжаньня гэта сапраўды буйны правал эўрапейскай дыпляматыі. Нават тэхналягічны – пазыцыя краін-партнэраў па гэтым пытаньні зусім не была іх вялікай дзяржаўнай таямніцай, а дыпляматыя для таго і існуе, каб не выносіць на зацьвяржэньне сустрэчаў кіраўнікоў дзяржаваў такія дакумэнты, адносна якіх ёсьць вялікая рызыка неўхваленьня.

Гэтыя супольная пазыцыя краін-партнэраў – сьведчаньне не толькі даволі моцных пазыцый афіцыйнага Менску на постсавецкай прасторы, але і пэўнай мяжы каштоўнасьцяў і стандартаў, а можа нават і цывілізацыйнай мяжы, якая нікуды не падзелася. І па адзін бок якой знаходзяцца і такія «двоешнікі» эўрапамкненьняў, як Беларусь ці Азэрбайджан, і такія «выдатнікі», як Грузія і Ўкраіна.

Але ёсьць маленькая асаблівасьць, якая псуе ўсю асалоду ад дыпляматычнай перамогі, ад дыпляматычных «Дажынак». Грошы ёсьць зусім не ў тых, хто адмовіўся асудзіць афіцыйны Менск, яны ёсьць у тых, хто з гатоўнасьцю асудзіў і нават тое асуджэньне ініцыяваў.

Праўда, што да грошай, то вось у Менск едзе місія МВФ. Прыезд місія – гэта не гарантыя, што грошы дадуць, але гэта сьведчаньне таго, што «чырвонага» сьвятла на шляху да гэтых грошай няма. Умовы Менску вядомыя, варшаўскі саміт быў месцам, дзе пра іх немагчыма было публічна не нагадаць. Зараз можна і не паўтараць, усё роўна не забудуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG