Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Тыднях Нямеччыны» гучыць беларуская мова


22 верасьня ў восьмы раз у Менску адкрыліся «Тыдні Нямеччыны», якія праводзіць амбасада Нямеччыны ў Беларусі. Яны ўключаюць шэраг імпрэзаў у галіне культуры, мастацтва, мэдыяў і эканомікі.

Адкрываючы «Тыдні Нямеччыны», прадстаўнік нямецкай амбасады Пэтэр Дэтмар адзначыў, што такое мерапрыемства «ня можа адбыцца безь беларускіх партнэраў». МЗС Нямеччыны лічыць, што менавіта партнэрства ў сфэры культуры зьяўляецца самым доўгачасовым і аптымальным інструмэнтам для яднаньня людзей.

Сёньня ў інстытуце імя Гётэ адчынілася выстава да 200-годзьдзя са дня сьмерці нямецкага паэта Генрыха фон Кляйста. Напярэдадні быў праведзены адмысловы конкурс на лепшы пераклад на беларускую мову твора Кляйста «Землятрус у Чылі». Урывак з гэтага перакладу прачытаў на адкрыцьці актор Раман Падаляка.

У праграме тыдняў — «Сьвята нямецкай мовы», дзень нямецкай эканомікі «Транспарт і лягістыка», «Дзень маладога вучонага», «Эўрапейскі дзень моваў».

Беларуская мова прагучыць і падчас «Сьвята нямецкай мовы» на імпрэзе «Ўсё будзе, як ніхто ня хоча». Аўтар са Швайцарыі Ёнс Нільзэн і актор Віталь Краўчанка правядуць чытаньні твораў на нямецкай і беларускай мовах.

Творчы вечар Ёнса Нільзэна заплянаваны таксама ў кнігарні «Логвінаў».

Сёньня ж стала вядома, што арганізатары беларуска-нямецкай канфэрэнцыі «Менскі форум» вырашылі адмяніць сёлетнюю канфэрэнцыю з-за таго, што ў Беларусі застаюцца за кратамі палітвязьні, а ўлады выйшлі з агульнай пляцоўкі для дыялёгу.

Адзін нямецкі дыплямат патлумачыў, што гэта рашэньне грамадзкасьці і «Менскі форум» — гэта іншы фармат у адрозьненьне ад «Тыдняў Нямеччыны», якія тычацца ня сфэры палітыкі, а культуры.

На адкрыцьці «Тыдняў Нямеччыны» быў заўважаны прадстаўнік беларускага МЗС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG