Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бжэзінскі: Народы ва ўзбуджаным стане


Зьбігнеў Бжэзінскі
Зьбігнеў Бжэзінскі
Амэрыканскі палітоляг Зьбігнеў Бжэзінскі, былы дараднік прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра ў пытаньнях бясьпекі, лічыць, што сацыяльны прагрэс і стабільнасьць у сьвеце можна забясьпечыць толькі на аснове дэмакратычных каштоўнасьцяў і шырокамаштабнага рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Бжэзінскі піша ў сёньняшнім выданьні Christian Science Monitor, што, у адрозьненьне ад ХХ стагодзьдзя, калі глябальнаму міру пагражалі «фанатычны ўтапізм» і таталітарызм, у ХІХ стагодзьдзі найбольшым выклікам для стабільнасьці зьяўляецца «глябальнае палітычнае абуджэньне».

«Народы сьвету знаходзяцца ва ўзбуджаным стане, яны ўзаемна зьвязаныя, іх абурае адносная сацыяльная няроўнасьць, і яны ў штораз большай ступені адкідаюць аўтарытарную палітычную мабілізацыю. З гэтага вынікае, што дэмакратызацыя ў даўжэйшай пэрспэктыве зьяўляецца найлепшай гарантыяй сацыяльнага прагрэсу і палітычнай стабільнасьці,» – лічыць Бжэзінскі.

Паводле амэрыканскага палітоляга, падставай росту стабільнасьці ў сьвеце ў ХХ стагодзьдзі былі працэсы паяднаньня паміж ранейшымі гістарычнымі ворагамі:

«Сёньня не было б Эўразьвязу, калі б не мэтанакіраваныя намаганьні Францыі і Нямеччыны – ня толькі на афіцыйным узроўні, але і паміж абодвума народамі – паспрыяць сапраўднаму і глыбокаму нацыянальнаму паяднаньню. Эўразьвяз не далучыў бы да сябе сярэдняй Эўропы, калі б падобнае намаганьне дзеля паяднаньня не было пазьней зробленае немцамі і палякамі,» – піша Бжэзінскі.

Падобны працэс рэгіянальнага паяднаньня і супрацоўніцтва, на думку Бжэзінскага, можа стацца падставай шырокамаштабнай палітычнай стабілізацыі ў эпосе «глябальнага палітычнага абуджэньня».

«Час зьвярнуць увагу на гэтую аптымістычную пэрспэктыву, асабліва пры цяперашняй схільнасьці аддаваць перавагу гістарычнаму пэсымізму. І час таксама падумаць канкрэтна і практычна, маючы на ўвазе геапалітыку, якім чынам мы зможам цярпліва, крок за крокам, прасоўвацца ў бок гэтай больш абяцальнай будучыні і арганізацыйна замацоўваць яе,» – заключае Бжэзінскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG