Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 22 верасьня



Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР'Е:


Пераважна без ападкаў, толькі ў другой палове дня месцамі ў Гарадзенскай, Віцебскай і на паўночным захадзе Менскай абласьцей кароткачасовыя дажджы. Удзень – ад 17°С на поўначы да 24°С на поўдні краіны.

ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:


У Міністэрстве эканомікі пройдзе брыфінг на тэму: “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця РБ у студзені-жніўні 2011 году”. Пачатак а 11.00.

У офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі (Менск, вул. В.Харужай, 22-1701) адбудзецца прэс-канфэрэнцыя “Беларускія палітвязьні: погляд на праблему з Вашынгтону і Менску”. Пачатак а 11.40.

У пасольстве Палестыны (Менск, вул. Алешава, 61) пройдзе брыфінг па пытаньні звароту прэзыдэнта Палестыны да Рады бясьпекі ААН для прызнаньня дзяржавы Палестыны паўнапраўным чальцом арганізацыі. Пачатак а 12.00.

У рамках Тыдня Нямеччыны ў Беларусі ў Інстытуце ім. Гётэ (Менск, вул. Веры Харужай, 25/3) адкрыецца выстава, прысьвечаная жыцьцю і творчасьці Генрыха фон Кляйста, падрыхтаваная Музэем Генрыха фон Кляйста ў супрацоўніцтве з муніцыпалітэтам Франкфурту-на-Одэры. Пачатак а 18.00. А 19.00 тамсама ў акторскім выкананьні прагучаць пераклады твораў Генрыха фон Кляйста.

Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Жэнэве прадоўжыць абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі на сваёй 18-й сэсіі.

У Страсбуры Эўрапейскі суд у правох чалавека правядзе слуханьні аб прымальнасьці міждзяржаўнага пазову Грузіі да Расеі.

Ва Ўроцлаве адкрыецца нефармальная сустрэча міністраў абароны краінаў Эўразьвязу.

Папа рымскі Бэнэдыкт XVI пачне свой першы дзяржаўны візыт у Нямеччыну.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


22 верасьня 1939 году Чырвоная Армія заняла Беласток.

22 верасьня 1943 году фашысты расстралялі ў Менску тры тысячы мірных грамадзянаў. Гэта была карная акцыя ў адказ на зьнішчэньне мінулае ночы гаўляйтэра Вільгэльма Кубэ.

22 верасьня 1903 году нарадзіўся беларускі пісьменьнік Хвядос Шынклер.
Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 22 верасьня ў розныя гады, згадаем трох літоўцаў. Гэта мастак і кампазытар Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс, двойчы прэзыдэнт Літвы Альгірдас Бразаўскас і, нарэшце, самы знакаміты літоўскі опэрны сьпявак Віргіліюс Нарэйка.

А яшчэ 22 верасьня нарадзіліся ангельскі фізык Майкл Фарадэй, які адкрыў электрамагнітную індукцыю і прыдумаў генэратар; начальнік генэральнага штабу гітлераўскай арміі фэльдмаршал Вільгэльм Кейтэль і амэрыканскі сьпявак і актор Дын Рыд, які быў папулярны ў Беларусі за савецкім часам.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Сусьветны дзень без аўтамабіля.

МІНУС 365:


Год таму на сайце "Свабоды": “Някляеў: “Мы ня можам замарозіць працэсы інтэграцыі з Расіяй”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Мы бачым, што чым больш туманны і слабы розум у арганічным сьвеце, тым больш бліскуча і пераможна выступае ў ім грацыя..." – Генрых фон Кляйст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG