Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 19 верасьня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПЕРАВАЖНА БЕЗ АПАДКАЎ…


Удзень – ад 18°С да 25°С.

ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:


У Доме правасудзьдзя ў Менску (вул. Сямашкі, 33) працягнецца слуханьне справы аб тэракце ў Менску 11 красавіка.

У менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў (пр. газэты “Правда”, 11) адбудуцца IV Форум валянтэраў (пачатак а 9.00) і VI дыспут памяці Яганэса Раў на тэму “Добраахвотная праца на карысьць грамадзянскай супольнасьці” (пачатак а 16.30).

У Осла пройдзе паседжаньне суду ў справе нарвэскага тэрарыста Андэрса Брэйвіка: будзе разглядацца пытаньне аб падаўжэньні арышту Брэйвіка.

Пячэрскі раённы суд Кіева працягне разгляд крымінальнай справы ў адносінах да экс-кіраўніка МУС Украіны Юр’я Луцэнкі.

У Вашынгтоне прэзыдэнт ЗША Барак Абама мае прадставіць плян для скарачэньня бюджэтнага дэфіцыту.

55-я сэсія Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) адкрываецца ў Вене.

У Жэнэве пачынаецца Грамадзкі форум Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (будзе доўжыцца да 21 верасьня).

Міністры энэргетыкі краінаў Эўразьвязу зьбіраюцца на нефармальнае паседжаньне ў польскім Уроцлаве.

У Міляне адновяцца судовыя слуханьні ў “справе Мілса”, у рамках якой прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі вінавацяць у карупцыі.

У Алма-Аце пачнецца Міжнародны кінафэстываль “Эўразія” (працягнецца да 24 верасьня).

У менскай кнігарні “Логвінаў” (пр. Незалежнасьці, 37а) пройдзе творчая вечарына легенды беларускай літаратуры, перакладчыка Васіля Сёмухі. Падчас вечарыны адбудзецца прэзэнтацыя Сёмухавага перакладу раману Гэрмана Гэсэ “Стэпавы воўк” і зборніка “Званы старое казкі”, у які ўвайшлі беларускія пераклады вершаў нямецкіх кампазытараў. Пачатак а 19-й гадзіне.

У Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва (Менск, пр. Незалежнасьці, 47) адбудзецца адкрыцьцё пэрсанальнай выставы францускай мастачкі Франсуазы Лімузі “Вада і скала”.

Чэмпіянат сьвету ў мастацкай гімнастыцы стартуе ў францускім Манпэлье (будзе доўжыцца да 25 верасьня).

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


19 верасьня 1883 году быў заснаваны шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы Лідзкага раёну. У тых мясьцінах людзі спрадвеку займаліся вырабам шкла і таксама спрадвеку дзеялі невялікія гуты.

19 верасьня 1935 году памёр расейскі тэарэтык космасу Канстанцін Цыялкоўскі. Беларускія гісторыкі зьвяртаюць увагу на ягонае паходжаньне з старога шляхецкага роду Цялкоўскіх, а таксама на тое, што Цыялкоўскага нельга лічыць вынаходнікам шматступеневай ракеты, чым ён і праславіўся, бо ўпершыню такі праект апублікаваў беларускі інжынэр і вайсковы тэхнік Казімір Семяновіч. Яшчэ ў XVII стагодзьдзі Семяновіч выдаў у Амстэрдаме кнігу “Вялікае мастацтва артылерыі”, дзе была сплянавана менавіта такая ракета.

19 верасьня 1943 году пачалася партызанская апэрацыя “Канцэрт”, калі па ўсёй тэрыторыі акупаванай немцамі Беларусі падрываліся цягнікі. “Канцэрт” распачынаў другі этап рэйкавай вайны. У часе “Канцэрту” партызаны падарвалі 90 тысяч рэек, 1000 эшалёнаў, 800 паравозаў і 72 чыгуначныя масты. Прапускная здольнасьць чыгункі зьменшылася на 40 адсоткаў.

19 верасьня 1982 году нарадзіўся “смайлік”: прафэсар унівэрсытэту Карнэгі-Мэлана з амэрыканскага Пітсбургу Скот Фалман упершыню запрапанаваў выкарыстоўваць тры разьмешчаныя запар сымбалі – двукроп’е, злучок і дужку, каб абазначыць “твар ва ўсьмешцы”.

19 верасьня 1991 году пазачарговая сэсія Вярхоўнага Савету БССР прыняла новую назву краіны – Рэспубліка Беларусь, а таксама зацьвердзіла ў якасьці дзяржаўных сымбаляў герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Наша школа”

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Немагчымае сёньня стане магчымым заўтра.

Канстанцін Цыялкоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG