Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валюта зьявілася. Але дзе ўзяць рублі, каб яе набыць?


Валюта ў банках зьявілася, але кошт яе вырас больш як у паўтара разы. Як на гэта адрэагавалі людзі? Ці зьніклі чэргі ля банкаўскіх абменных пунктаў?

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Няма таго попыту на даляр, які быў пры яго меншым кошце»

У абменных пунктах на Гарадзеншчыне валюта ў свабодным продажы зьявілася ў сераду па абедзе. Ахвотных набыць тое, што здаюць, няшмат — людзі кажуць, што пры цяперашніх высокіх цэнах на харчы і адзеньне цяжка адкласьці грошы зь нізкіх заробкаў.

Найбольш распаўсюджаныя ў Гарадзенскай вобласьці філіялы банкаў «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк». Сёньня «Белаграпрамбанк» набывае даляры па 8400 рублёў, прадае па 8800, эўра набываюць па 11 100, прадаюць за 12 400 рублёў.

Загадчыца валютнага аддзелу ў слонімскім аддзяленьні «Белаграпрамбанку» спадарыня Ала кажа, што ажыятажу ля касаў няма. А ўчора, зь яе слоў, валюту здавалі, але не набылі ніводнага даляра. Вось як яна тлумачыць сытуацыю.

Спадарыня: «Па такіх коштах — думаю, што людзі задумваюцца: купляць ці не купляць? Пакуль, думаю, у людзей шокавы стан, чэргаў няма, усё спакойна. З другога боку, гэта ўжо вялікія грошы пры нашых цэнах на харчы, адзеньне — ня ведаю, ці будзе такі вялікі попыт на даляр, як быў пры кошце 5 тысяч рублёў…».
Пакуль вырашаецца праблема тых, хто мае вострую патрэбу ў валюце.

Загадчыца валютнага аддзелу ў лідзкім аддзяленьні «Беларусбанку» спадарыня Алеся таксама кажа, што ажыятажу няма, хоць прадаецца толькі тая валюта, якую здаюць людзі. Пакуль яна бачыць толькі, што праблема вырашаецца для тых, у каго патрэба ў валюце была найвастрэйшая.

Спадарыня: «Цяпер калі вельмі патрэбная валюта, то чалавек можа набыць яе і па гэтых коштах. Вось раней колькі людзей зьвярталася да нас з просьбамі прадаць валюту, бо яны ехалі за мяжу. Цяпер, калі патрэбна, то можна і купіць».

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі АГП Юры Істомін схільны лічыць, што сёньняшні курс валюты больш-менш адпавядае рынкаваму курсу, але называе сытуацыю палавіністай, таму што банкі не прадаюць сабраную раней валюту, а толькі тую, што здае цяпер насельніцтва.

На яго думку, ажыятажу цяпер няма зь некалькіх прычын: тыя, хто хацеў набыць валюту, яе ўжо набылі, а па-другое, людзі ня маюць свабодных грошай з-за высокіх коштаў на харчы, адзеньне і іншыя тавары. І ўсё ж Юры Істомін лічыць, што далейшая тэндэнцыя будзе зьвязаная з павышэньнем курсу даляра і эўра, бо цяперашняя валютная біржа не адлюстроўвае рэальнай сытуацыі.

Істомін: «А яшчэ нас чакаюць выплаты пазыкаў па крэдытах, а таксама — расплачвацца за нафту і газ з Расеяй. Часткова гэта пакрываецца з выручкі экспартэраў валютных, але ўсё ж гэтага ня хопіць, каб пакрыць усе нашы пазыкі. Таму курс валюты будзе расьці, попыт у самой дзяржавы вельмі вялікі на валюту».

ВІЦЕБШЧЫНА


У ніводным мясцовым філіяле «Газпрамбанку» валюта яшчэ не зьяўлялася

У віцебскім «БТА банку» ёсьць валюта і няма ніякіх чэргаў. Зрэшты, здаваць валюту няма ахвочых хаця б таму, што ў параўнаньні з учорашнім курс зьнізіўся. Учора даляры банк купляў па 8 600 рублёў, а сёньня ўжо таньней, тлумачыць супрацоўніца:

«Купляем па 8300, прадаём па 8900, і чаргі няма».

Аднак у розных банках карціна розная: у ніводным віцебскім філіяле «Газпрамбанку» валюта яшчэ так і не зьяўлялася, кажа супрацоўнік аддзяленьня, што на вуліцы Янкі Купалы:

«Не, яшчэ пакуль няма. „Сумкі“ нам сфармавалі, але даляраў учора не было і сёньня яшчэ няма. Бачу толькі курс, які нам далі: купляем па 8 200, прадаём па 8 600».

«Сумкі», тлумачыць супрацоўнік, — гэта наяўныя грошы, прызначаныя для рэалізацыі, і даляраў туды «не паклалі». Калі валюта зьявіцца ў продажы, ніхто ня ведае:

«Ну, гэтага я не магу вам сказаць. Дый начальства наша таксама ня ведае».

У аддзяленьні «Прыёрбанку» таксама паведамілі, што ніякіх сум у валюце адмыслова для рэалізацыі не паступала:

«Не, авансу на падтрыманьне нам не выдаецца. Толькі калі нехта нешта здае, тады мы можам вам прадаць. Таму трэба ўдакладняць у касах, ці нешта ёсьць у наяўнасьці».

Спадар Анатоль, які паўгода таму пазычыў у знаёмых дзьве тысячы даляраў, каб набыць аўто, разважае так:

«Стаялі тыя, хто купляў за пяць тысяч даляр, а здаваў потым за дзевяць. А цяпер — які сэнс стаяць? Усе і зматаліся. Учора, дарэчы, народ пачынаў здаваць грошы, каму тэрмінова патрэбныя былі беларускія. А сёньня ўжо людзі задумаліся: а можа, яшчэ курс падрасьце? Ці наадварот, упадзе?».

Пазыка ў дзьве тысячы даляраў прымусіла спадара Анатоля стаць хатнім фінансавым аналітыкам. Ён мяркуе, што валютны курс бліжэйшымі днямі будзе яшчэ падаць:

«Думаю, што курс стане ніжэйшы. Таму што які б ні быў у нас ненармальны ўрад, яны добра падгадалі момант. Цяпер, у 15–20-х чыслах, усе прадпрыемствы мусяць заплаціць падаткі і заробкі людзям. У беларускіх грашах. Таму ўсе экспартэры будуць вымушаныя мяняць выручку на беларускія».
Цяпер, у 15–20-х чыслах, усе прадпрыемствы мусяць заплаціць падаткі і заробкі людзям. У беларускіх грашах. Таму ўсе экспартэры будуць вымушаныя мяняць выручку на беларускія.

Такім чынам, мяркуе спадар Анатоль, банкам падвышаць курс нявыгадна. Але для простага чалавека аддаць нават па восем з паловай тысяч за адзін даляр — занадта дорага:

«Ну во, атрымаю я заробак — мне яго ў пятніцу даць абяцалі. І што, я пабягу яго адразу ў баксы пераводзіць? Сто баксаў набыць ці адразу дзьве тысячы? Мне ж беларускія грошы — якраз на жыцьцё, мне жыць трэба! За кватэру заплаціць, цыгарэты набыць, па харчы ў краму схадзіць… І ўсё, у канцы месяца ўвесь заробак — цю-цю!».

Па курсе 8600 рублёў за даляр сярэдні заробак складае 182 даляры (1 мільён 564 500 рублёў, паводле дадзеных Белстату). Сярэдняя пэнсія памерам 600 тысяч 400 рублёў складае 70 даляраў па новым курсе. Таму шараговыя беларусы ня пойдуць у абменьнік нават тады, калі валюта будзе прадавацца свабодна.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У чацьвер курс куплі даляра ў розных банках вагаецца ў сярэднім ад 8000 да 8500 рублёў за даляр, а продажу — 8000–9000 за $1.

Гэтак, абменьнік «Беларусбанку» на чыгуначным вакзале купляе даляры па 8 тысяч 400 рублёў, а прадае па 8 тысяч 800, абменьнік «Абсалютбанку» ў супэрмаркеце «Космас» купляе даляры па 8 тысяч 400 рублёў, а прадае па 8 тысяч 700. Як запэўнілі касіры, валюта ў гэтых банках ёсьць у дастатковай для продажу колькасьці.

Банкам не хапае беларускіх грошай

Аднак некаторыя банкі сутыкнуліся зь іншай праблемай — нестае беларускіх рублёў. Да прыкладу, перапыніў куплю валюты абменьнік «Белінвэстбанку» на Цэнтральным рынку. На таблё гэтага абменьніка значацца лічбы куплі даляра — 8 тысяч 200 рублёў, а продажу — 0 рублёў. А ў акне вывешаная папера з надпісам, што «беларускіх грошай няма».

Што кажуць берасьцейцы пра цяперашнія праблемы банкаў:

Спадар: «Не прымаюць, няма беларускіх рублёў, а даляр, напэўна, ёсьць. Некаторыя банкі пазачыняліся часова з 14-га…».

Спадар: «У горадзе няма даляраў сёньня…».

Спадарыня: «Вядома, няма, здаваць — здавай, а…».

Спадар: «„Дэльтабанк“ выставіў 10 тысяч, і я зайшоў — даляры ёсьць. Але, канечне, усе такой цаной шакаваныя… Купля была 8 учора, а продаж 10».

Валютчык, які стаіць каля аднаго з абменьнікаў, сказаў, што рана радавацца таму, што валюта зьявілася:

Спадар: «Гэта яшчэ не мяжа, гэта — здушэньне ўсяго прадпрымальніцтва, увогуле здохнуць усе… Я думаю, што да канца году курс падцягнецца дзесьці да 13–15 тысяч».

Пытаюся ў яго, чым скончыцца гэтая валютная праблема:

Спадар: «Увядзеньнем расейскага рубля, я так мяркую. Бо ўжо ўсё прададзена…».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Хто здаў валюту, тую й купілі. Гэта — паўмера»

Гомельскія банкі адрэагавалі сёньня на вынікі ўчорашняга гандлю на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы. Рэакцыя гэтая найперш заключалася ў зьмене курсаў валют. Амэрыканскі даляр абменьнікі «Белпрамбудбанку», «Прыёрбанку» і «Беларусбанку» куплялі па 8300–8400 беларускіх рублёў, прадавалі — па 8850–8990 рублёў. Эўра адпаведна па 11400–11500, продаж перавышаў 12 тысяч рублёў.

Вышэйшыя курсы куплі амэрыканскіх даляраў — 8600 рублёў — вызначылі «Тэхнабанк», «Франсабанк», «Банк «Масква-Менск». Эўра тут бралі па 11 750–11 780 рублёў. За расейскі рубель прапаноўвалі 270–283 беларускіх.

Кабета сярэдняга веку так рэагуе на лібэралізацыю валютных курсаў:

«Парадавалі. Хоць штосьці купіць можна. Бо неяк усё было нястала — нідзе ня купіш. Людзі нэрваваліся, перажывалі. Нават кудысьці паехаць адпачыць — валюта патрэбна ўсюды. Перажывалі. Сёлета ня езьдзілі нават нікуды адпачываць, таму што не было валюты».
Вельмі добра. Хоць валютчыкаў адагналі трохі.

Мужчына ў рабочай спэцоўцы ўсталяваньне рынкавых курсаў валюты лічыць станоўчай зьявай:

«Вельмі нармальныя курсы. Гэта добра! Хоць валютчыкаў адагналі крыху».

У банку «Масква — Менск» на вуліцы Савецкай па валюту стаяла чарга з паўтара дзясятка чалавек.

У аддзяленьні «Беларусбанку» на вуліцы Песіна апэратарка заявіла, што на продаж у іх ёсьць толькі даляры. Пакупнікоў ля касы стаяла чацьвёра.

Зьніклі вялікія чэргі ля абменьнікаў «Белпрамбудбанку» на прыгарадным вакзале, а таксама ля «Тэхнабанку» й «Франсбанку» на Прывакзальнай плошчы.

Некаторыя мінакі здаюць валюту гуртам па новым курсе. Спадар Уладзімер толькі што памяняў у «Тэхнабанку» 600 даляраў на беларускія:

«Зьбіраў на дзьверы — вось дзьверы заўтра прывязуць — і памяняў. Гэтыя даляры скачуць туды-сюды. Наагул страх, нейкі шокавы стан. Мяса вунь па 70 тысяч. Ня ведаю, што далей у краіне будзе. Лядоўня 10 мільёнаў каштуе. Ну што тут казаць і што народу рабіць?».

Малады гамяльчук Віктар лічыць, што цяперашні курс валюты часовы.

«Яшчэ будзе расьці. А чаго яму падаць, калі ў краіне няма валюты? Які быў учора абарот на біржы? Каля 60 мільёнаў! А адкладзены попыт колькі? Каля 6 мільярдаў! І які курс павінен быць? Каля 100 тысяч, каб неяк задаволіць попыт? Прайшло ж паўтара месяца. Трэба было нешта сказаць — вось і сказалі. Адказ народу дадзены, каб не пішчаў. Па сутнасьці, валюты няма — банкі не выкідваюць. Хто здаў, тую й купілі. Гэта паўмера».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG