Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Курс рубля ня можа расьці ў дадзенай эканамічнай сытуацыі"


Ці разьвяжа дадатковая сэсія таргоў, праведзеная на Беларускай валютна-фондавай біржы, праблемы з наяўнай валютай? Наколькі адпавядае эканамічнай сытуацыі курс даляра, які ўсталяваўся на сёньняшні дзень у абменных пунктах? Ці можна спрагназаваць дынаміку курсу беларускага рубля?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы "Экспэртыза Свабоды" адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Леанід Злотнікаў.

"8600 за даляр адлюстроўвае тыя курсы, што былі на розных сэгмэнтах рынку — на "чорным" і "шэрым"

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: Сёньня ў Менску прайшлі першыя валютныя таргі на рынкавых умовах. На дадатковай сэсіі Менскай валютна-фондавай біржы зафіксаваныя наступныя курсы: даляр ЗША — 8600 беларускіх рублёў, эўра — 12 100, расейскі рубель — 305. Менавіта такі курс выставілі ў большасьці абменных пунктаў беларускіх банкаў. Але чаму ўлады так доўга марудзілі з гэтым, здавалася б, даволі простым крокам? Ці можна сказаць, што пэўная частка фінансавага крызісу, менавіта — зьвязаная з дэфіцытам наяўнай валюты, гэтым крокам зьнятая?

Барыс Жаліба
Жаліба: Уладам гэтую дадатковую сэсію трэба было зрабіць яшчэ вясной. Яны ўпусьцілі гэты момант, выпусьцілі сытуацыю з-пад кантролю — гэта былі вельмі непрафэсійныя дзеяньні. У выніку рынкавы курс адарваўся ад афіцыйнага амаль у два разы.

Вынікі дадатковай сэсіі для мяне не былі нечаканымі. Я лічу, што 8600 за даляр адлюстроўвае тыя курсы, што былі на розных сэгмэнтах рынку — на чорным і "шэрым", пазабіржавым. Мой прагноз такі, што першая сэсія не абавязкова будзе паказальнай, на іншых сэсіях курс можа пайсьці як уніз, гэтак і ўверх.

Прадстаўнікі Нацбанку кажуць, што яны разьлічваюць на зьніжэньне курсу даляра. Магчыма, часткова зь імі можна пагадзіцца, бо сёньняшні курс сапраўды ўтрымлівае так званы спэкуляцыйны чыньнік.

"У рынкавай эканоміцы не бывае такога, каб адны прадпрыемствы куплялі валюту па нізкім курсе, іншыя — па высокім"

Цыганкоў: Улады зрабілі крок у слушным кірунку. Але ці гатовыя яны да далейшай лібэралізацыі валютнага рынку?

Леанід Злотнікаў
Злотнікаў: У мяне таксама дваістае стаўленьне да гэтага кроку ўладаў. Добра, што хоць гэта зрабілі. Спрасьціліся бухгальтарскія апэрацыі прадпрыемстваў, прадпрымальнікі цяпер будуць ведаць, па якім курсе яны могуць набыць валюту. У цэнах на тавары зьменшацца надбаўкі "за рызыку", якія ўводзілі прадпрымальнікі. Таму варта чакаць, што некаторыя вольныя цэны могуць зьнізіцца.

Але нэгатыўна тое, што фактычна ўсталяваліся два розныя курсы. І гэта кепска для эканомікі. З-за гэтага нам могуць ня даць крэдытаў — як з Захаду, гэтак і з Усходу. Бо крэдытадаўцы патрабуюць, каб быў адзіны курс. У рынкавай эканоміцы не бывае такога, каб адны прадпрыемствы куплялі валюту па нізкім курсе, іншыя — па высокім. Нават не купляюць, а проста дзяржава разьмяркоўвае валюту па 5 тысяч рублёў за даляр, якую яна нібыта "прадае".

Цыганкоў: Але чыноўнікі, у тым ліку прэм'ер Мясьніковіч, заяўляюць, што дзяржава бярэ кірунак на ўсталяваньне адзінага курсу. Вы не давяраеце гэтым заявам ці пакуль няма фактаў у іхнюю падтрымку?

Злотнікаў: Пакуль няма фактаў, якія пацьвярджаюць гэтыя заявы. Калі ж гэта адбудзецца, то адзіны курс можа быць каля 7,5—8 тысяч за даляр. Дзесьці пасяродку паміж рынкавым і афіцыйным курсам.

Што тычыцца прагнозу, то ўжо відавочна, што будзе інфляцыя, таму курс даляра будзе расьці. Таму мне здаецца, што можа быць такое — спачатку на дадатковай сэсіі курс усталюецца даволі высокі, потым ён крыху зьнізіцца, але затым, стратэгічна, ён будзе расьці.

"На 1 ліпеня гэтыя даўгі банкаў і прадпрыемстваў складалі 14 мільярдаў даляраў, і яны павінны быць вернутыя цягам аднаго году!"

Цыганкоў: З аднаго боку, Лукашэнка заяўляе, што эмісіі больш ня будзе, зь іншага — статыстыка кажа, што новыя грошы друкуюцца даволі актыўна. Усім бюджэтнікам выдадуць па 500 тысяч і гэтак далей. Ці здолее ўлада ўтрымліваць курс, ці пажадае яна ўвогуле ставіць такую задачу?

Жаліба: Тут дзейнічаюць чыньнікі вельмі розных кірункаў. Прадказальнасьць, якая зьяўляецца ў выніку дадатковай сэсіі на біржы, паказвае, што існуе магчымасьць зьнізіць курс, калі браць за пункт адліку 8600. Прадпрымальнікі меней стануць закладаць у будучыя закупы тавараў фактар рызыкі.

Зь іншага боку, пакуль мы чуем толькі словы пра тое, што нібыта прыпыняецца эмісія, выдача эмісійных крэдытаў. Мы пакуль ня бачым, што пачала праводзіцца больш жорсткая грашова-крэдытная палітыка. Рублі выдаюцца самым розным катэгорыям насельніцтва, усё гэта працуе на рост курсу даляра. Маё меркаваньне, што да канца году курс ніяк ня будзе ніжэйшы за 8 тысяч рублёў.

Цыганкоў: Апошнія тэндэнцыі ў гандлёвым балянсе, паводле афіцыйнай статыстыкі, выглядаюць даволі аптымістычна. Ці сапраўды на фоне росту экспарту можна меркаваць, што і беларускі рубель будзе ўмацоўвацца?

Злотнікаў: Нават пры самых станоўчых, аптымістычных тэндэнцыях трэба, каб прайшло год-два, пакуль Беларусь выйдзе на дадатнае сальда гандлёвага балянсу. Трэба шмат зрабіць, шмат укласьці інвэстыцыяў, каб дабіцца зьмяншэньня імпартаёмістасьці нашай вытворчасьці.

Іншы чыньнік, які паправіць нельга і які будзе ўплываць на курс даляра, — гэта вялізныя даўгі нашых банкаў і прадпрыемстваў, якія яны павінны сплаціць на працягу аднаго году. Шмат хто з аналітыкаў гаворыць пра дзяржаўны доўг Беларусі, а пра гэтыя кароткатэрміновыя пазыкі забываюць. На 1 ліпеня гэтыя даўгі складалі 14 мільярдаў даляраў, і яны павінны быць вернутыя цягам аднаго году! Таму курс рубля ня можа расьці ў дадзенай сытуацыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG