Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па факце пажару ў "Дудутках" пачалі крымінальную справу


Па факце пажару ў музэі старадаўніх народных рамёстваў і тэхналёгіяў "Дудуткі" пачалі крымінальную справу, паведамляе БелТА са спасылкай на начальніка аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Менгарвыканкаму Аляксандра Данільчанку.

Справу пачалі паводле артыкулу 219 Крымінальнага кодэксу Беларусі "Зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці па неасьцярожнасьці", які прадугледжвае да двух гадоў абмежаваньня свабоды.

Паводле міліцыі пажар зьнішчыў і пашкодзіў маёмасьць на больш чым тысячу базавых велічыняў (больш чым на 35 мільёнаў рублёў), а гэта значыць, што музэю нанесеныя страты ў асабліва буйным памеры.

Пажар у «Дудутках» адбыўся ў ноч з суботы на нядзелю. Згарэла 600 квадратных мэтраў музэйнага комплексу. Агонь зьнішчыў этнаграфічную галерэю ды іншыя экспазыцыі. Дырэктар «Дудутак» Сяргей Дзюкараў раней распавёў Свабодзе:

«На першым паверсе выгарала заля калекцыі машын аўтарэтра, сама калекцыя захавалася, выгарала хлебапякарня. На другім паверсе выгарала этнагалерэя і сталярная майстэрня. Усё астатняе засталося цэлым».

Сярод іншага, полымя зьнішчыла аўтамабіль «Horch-850» 1937 года выпуску, старое піяніна, музэйную калекцыю. У этнагалерэі згарэў і мэмарыяльны куток заснавальніка комплексу, вядомага журналіста і пісьменьніка Яўгена Будзінаса.

Перад пажарам у комплексе адзначалі вясельле. А сёмай вечара ў суботу ахоўнік выклікаў пажарнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG