Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Пыльчанка застанецца адвакатам


Аляксандар Пыльчанка
Аляксандар Пыльчанка
На 24 верасьня прызначаны сход Менскай калегіі адвакатаў, на якім будзе абраны новы кіраўнік калегіі замест Аляксандра Пыльчанкі, які напісаў заяву, што складае зь сябе паўнамоцтвы старшыні. Некаторыя абаронцы кажуць пра ціск на Пыльчанку ў сувязі са справамі 19 сьнежня.

Аляксандар Пыльчанка падаў заяву аб складаньні паўнамоцтваў старшыні гарадзкой калегіі на пачатку верасьня. На 24 верасьня прызначаны сход калегіі, на якім абяруць новага старшыню. Што да адвакацкай дзейнасьці, Аляксандар Пыльчанка спыняць яе не зьбіраецца:

«Зусім выходзіць з адвакатуры не зьбіраюся. Буду працаваць далей».

Аляксандар Пыльчанка адмовіўся ўголас назваць прычыны адстаўкі. Былы старшыня сказаў, што камэнтар зьявіцца пазьней на сайце гарадзкой калегіі. Пры гэтым дакладна вядома, што Міністэрства юстыцыі зрабіла ў калегію прадстаўленьне, у якім выказалася за датэрміновую адстаўку Аляксандра Пыльчанкі.

Праваабарончы сайт «Вясна» мяркуе, што Пыльчанку прымусілі сысьці з выбарнай пасады старшыні гарадзкой калегіі адвакатаў у сувязі зь ягонай пазыцыяй што да спраў 19 сьнежня. Праваабаронцы нагадваюць, што калі ў лютым Мін’юст прыпыніў ліцэнзіі адразу чатыром адвакатам, якія абаранялі палітвязьняў, прэзыдыюм Менскай калегіі адвакатаў правёў тэрміновую нараду, а старшыня калегіі Аляксандар Пыльчанка заявіў мэдыям пра пагрозу «незалежнасьці інстытуту адвакатуры».

Аднак спроба супраціву не дала выніку. Былі пазбаўленыя ліцэнзій адвакаты Алег Агееў, Тацяна Агеева, Уладзімер Тоўсьцік і Тамара Гараева, якія абаранялі экс-кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча і журналістку Ірыну Халіп. Пазьней паводле прадстаўленьня Мін’юсту быў выключаны са складу калегіі адвакат Павал Сапелка, абаронца экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Апошняй сярод адвакатаў палітвязьняў засталася безь ліцэнзіі Тамара Сідарэнка, якая абараняла экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева. Тамара Сідарэнка мяркуе, што адстаўка Пыльчанкі зьвязаная ў тым ліку і з 19 сьнежня.

Тамара Сідарэнка
Гары Паганяйла
«Ён жа выказваўся пра гэта і ў мэдыях. Магчыма, таксама нешта пасьпяшаўся сказаць ці сказаў наўпрост, а яго на слове злавілі і… І яшчэ не сакрэт, што наш кіраўнічы орган, рэспубліканская калегія адвакатаў, адразу быў настроены да Пыльчанкі нэгатыўна, адразу яго там не хацелі».

«У Менскай калегіі адвакатаў больш за 500 сяброў, гэта трэцяя частка ад Рэспубліканскай калегіі, але дагэтуль яшчэ адносна самастойная», — паведаміў «Свабодзе» былы адвакат Гары Паганяйла, які называе сябе «адным з настаўнікаў» Аляксандра Пыльчанкі. Гары Паганяйла працаваў з Аляксандрам Пыльчанкам у Савецкай раённай калегіі адвакатаў, вёў разам зь ім шмат гучных спраў. У прыватнасьці, яны абаранялі экс-прэм’ера Мікалая Чыгіра. Паводле Гары Паганяйлы, калі паўтара года таму абіралі новага старшыню Менскай калегіі адвакатаў, «зьверху настойліва прапаноўвалі» свайго чалавека, але на выбарах перамог вылучэнец «зьнізу» — Аляксандар Пыльчанка. За час свайго старшынёўства Пыльчанка як мог пашыраў магчымасьці самакіраваньня, кажа спадар Паганяйла. У прыватнасьці, гэта ён прапанаваў адвакатам раённых кансультацыяў самім абіраць сабе загадчыкаў. У тым, што Аляксандра Пыльчанку прымусілі сысьці, Гары Паганяйла не сумняваецца. Але справа ня толькі ў 19 сьнежня. Паводле праваабаронцы, улады адначасова «зачышчаюць» адвакацкую пляцоўку напярэдадні прыняцьця новага закону «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці».

«У нас Мін’юст спыняе дзейнасьць адвакатаў, заводзіць дысцыплінарныя справы супроць адвакатаў і што заўгодна робіць. А зараз яшчэ больш пашыраныя паўнамоцтвы Мін’юст спрабуе замацаваць у новай рэдакцыі закону „Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці“. І, вядома, у такіх умовах Пыльчанка, як самастойны і незалежны адвакат, старшынём калегіі працаваць ня змог. І ён падаў у адстаўку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG