Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пракаповіч” супраць Ермаковай


Новыя мэдыі і пустыня рэальнасьці

Радыё Свабода пачынае цыкль блогаў В.Марціновіча, прысьвечаны ўзаемадзеяньню мэдыяў і чалавека, грамадзтва, дзяржавы ў сучаснай Беларусі.

Гісторыя з “Фэйсбуку”: два таксісты ў правінцыйным горадзе тыдзень таму не маглі разьлічыцца адзін з адным – праз тое, што “вісеў” Ddos-атакаваны валютны сайт “Пракаповіч” і яны не маглі вызначыць, па якім курсе канвэрсаваць баксы.


Адчуваеце, наколькі тут, у Беларусі, усё мэдыявалася? Адчуваеце, якую моц набыў той самы “Пракаповіч”? Гэта адначасова і валютна-фондавая біржа, і канцэнтраваная масавая сьвядомасьць зь яе прадчуваньнямі аб тым, чаго насамрэч варты беларускі рубель.

Здаецца, нават братам Вачоўскім, якія зрабілі фільм “Матрыца”, не сасьнілася б такое: краіна, у якой літаральна ўсё – ад цэнаў на імпартныя цыгарэты ў кіёсках (бо яны ж залежаць ад суадносінаў BY-USD) да заробкаў у прыватным сэктары – завязана на адзіную крыніцу, адзіны інтэрнет-сайт. Кажуць, крызіс заўсёды падштурхоўвае навукова-тэхнічны прагрэс, вымушае хутчэй скарыстоўваць новыя тэхналёгіі. Выглядае, што крызіс у закрытым грамадзтве, дзе ўсе традыцыйныя каналы камунікацыі кантралююцца дзяржавай, а таму даўно страцілі давер – найлепшы матыватар таго, каб тэхналёгіі, якія цяпер толькі-толькі тлумачацца ў мэдыйных тэорыях, шырока ўвайшлі ў штодзённае жыцьцё амаль што кожнага чалавека.

Ці шмат беларусаў ведаюць словы WEB 2.0 ці user generated content? Нават так: ці шмат тых наведнікаў “Пракаповіча”, якія сваёй штодзённай актыўнасьцю, купляй ды продажам, вызначаюць курс беларускага рубля, разумеюць, што ўдзельнічаюць у нейкім рынкавым мэханізьме WEB 2.0, які нават пакуль не асэнсаваны нідзе ў макраэканамічнай тэорыі? Гэта ж уявіць сабе: экспарт ды імпарт, памер золатавалютных рэзэрваў, інвэстыцыі ў эканоміку, аб’ём наяўнай рублёвай масы – усё гэта заменена адным інтэрнет-сайтам, на якім у залежнасьці ад ступені дурасьці заяваў прадстаўнікоў улады сёньня курс можа быць 8000, а заўтра – 7500!


Зачарованы сайт


Асноўнай праблемай беларускай дзяржавы ў гэтых умовах робіцца зачараваньне “Пракаповіча”. Не наладжваньне дадатковай сэсіі на валютна-фондавай біржы, не валютныя інтэрвэнцыі, а менавіта скасаваньне сытуацыі, у якой курс на “Пракаповічы” будзе адрозьнівацца ад курсу ў абменных пунктах у большы бок. Бо тады – не павераць. Бо тады – усё роўна на ўзроўні кіроўцаў таксовак будуць мяняць па курсе “Пракаповіча” і шырока анансаваныя захады для выхаду на адзіны курс будуць марныя.

Валюта сама па сабе – рэч уяўная. Што такое грошы, як не фантазм, народжаны чалавечым даверам да таго, што гэтыя паперкі нечага вартыя? Дык вось, у выпадку зь беларускімі грашыма ўсё робіцца тым больш фантастычным, што ўзьнікае новы, мэдыйны, складнік. Беларускія грошы сёньня, уся іх моц і ўся ніякасьць – гэта “Пракаповіч”. Ну гэта як быццам у Брусэлі зьявіўся “партызанскі” партал, на якім нейкія незнаёмыя адзін з адным людзі супольна па мэтадах WEB 2.0 вызначалі адносіны паміж эўрам і далярам.

І – што самае цікавае – дзяржава, магутная дзяржава, якая ў Беларусі можа, здаецца, наагул усё, ня здольная зрабіць так, каб на “Пракаповічы” даляр прадавалі за 6 тысяч. Дакладней, так: яна здольная – для гэтага трэба зрабіць шмат крокаў у галіне эканомікі, якія б прывялі да таго, што рубель узмацніўся б праз пэўны час.


Тролі атакуюць


Аднак сама дзяржава, здаецца, паверыла ў тое, што “Пракаповіч” – галоўны вызначальнік вартасьці беларускага рубля. І – паралельна з арганізацыяй дадатковай сэсіі на біржы робяцца захады для
Дзяржава, здаецца, паверыла ў тое, што “Пракаповіч” – галоўны вызначальнік вартасьці беларускага рубля.

“зачароўваньня” Пракаповіча. Робяцца так, як у Беларусі працуюць з інтэрнэтам традыцыйна – па-іншаму ня здольныя. Распачынаецца ўсё з “дывановай”, шматдзённай Ddos-апрацоўкі сайту. Доступ зьнікае, аднак рубель не ўмацоўваецца. Людзі проста перастаюць прадаваць даляры. Усе чакаюць, калі “Пракаповіч” адновіцца. Калі празь некалькі дзён не аднаўляецца, пачынаюць гандляваць па тым курсе, які быў напярэдадні заблякаваньня. Мэта ня выкананая.

Ddos спыняецца і пачынаецца новы этап. Самы цікавы. Сайт запаланяюць тролі. Пра тое, хто такія “чырвона-зялёныя” тролі ў байнэце, сказаць можна шмат. Пра тое, якую ролю яны выконваюць, якой лексыкай адметныя, на якіх пляцоўках канцэнтруюцца і так далей. Аднак цікавая тая роля, якая ім была нададзеная ў выпадку з рыхтаваньнем “Пракаповіча” да “выхаду на адзіны курс” 14-га верасьня.

Яны пачынаюць спэкуляцыйна зьбіваць вартасьць даляра, масава рэгіструючы новыя фэйкавыя акаўнты з прапановамі даляра па меншым, чым ёсьць на момант “уваходу”, курсе. Нават ня так: мы ня можам канстатаваць, што курс даляра на Пракаповічы “зьбілі” менавіта тролі ці боты. Магчыма, сапраўды шмат хто з шараговых карыстальнікаў паверыў у звышмагчымасьці супэрмэнаў зь фінансавага кіраўніцтва дзяржавы ды пачаў прадаваць даляры таньней, чым прадаваў.

Што мы можам канстатаваць – гэта тое, што паралельна з выхадам на “адзіны курс” на “Пракаповічы” раптоўна стала рэгістравацца вельмі шмат новых карыстальнікаў, якія зьяўляліся менавіта для таго, каб прапанаваць даляры па зьменшаным курсе. І зь вялікай доляй імавернасьці можна дапусьціць, што гэтыя карыстальнікі працуюць на тыя самыя структуры, што запаланілі беларускія каляпалітычныя форумы тролямі. Аднак прыгажосьць гульні ды яе магчымыя пазытыўныя наступствы былі падарваная адным простым ды несяброўскім крокам з боку адміністрацыі “Пракаповіча”.


Вера як грошы


12 верасьня віртуальны абменьнік “Пракаповіч” адмяніў бясплатную рэгістрацыю новых юзэраў. Цяпер, каб зарэгістравацца на “Пракаповічы”, трэба пералічыць на дабрачынны рахунак 50 тысяч рублёў. Гэта ўскладняе рэгістрацыю ботаў, пераводзіць актыўнасьці па зьяўленьні новых карыстальнікаў у “ручны” рэжым, з магчымасьцю ўзгадненьня ды праверкі IP-адрасоў, выключэньня паўтораў і г.д.

Ці пашкодзіць гэта спэкуляцыйнаму ўмацаваньню беларускай валюты? Відавочна, так. Ці будзе каму-небудзь добра ад таго, што беларусы будуць набываць адзін у аднаго даляры па 8000 (9000, 10 000, – ніхто ня ведае, дзе столя) тысяч? Здаецца, не.

Забараняючы троляў ды ботаў, “Пракаповіч” імкнецца да нейкай “адэкватнасьці”, “суаднесенасьці з рэальнасьцю” ва ўмовах, калі адзіная рэальнасьць, у якой мы жывем – менавіта рэальнасьць самога “Пракаповіча” ды тых лічбаў, якія на ім узьнікаюць насупраць BY ды USD. Беларускі рубель вельмі проста вярнуць на ўзровень 3,5 тысяч за 1$.

Трэба ўсяго толькі зрабіць так, каб 20 тысяч чалавек, якія набываюць штодзённа валюту на “Пракаповічы”, паверылі ў тое, што такое магчыма.

І каб “Пракаповіч” ім паверыў.

Пра аўтара: Віктар Марціновіч нарадзіўся ў 1977 у Ашмянах. У 1999 скончыў журфак БДУ. У 2008г. у Вільне (Акадэмія мастацтваў) абараніў доктарскую дысэртацыю па рэпрэзэнтацыі Віцебскага авангарду ў савецкіх газэтных дыскурсах. З 1996 працаваў у БДГ, з 2000 года - у БелГазеце. З 2003 - намесьнік галоўнага рэдактара БелГазеты. З 2008 года - дацэнт ЭГУ, з 2010 - кіраўнік акадэмічнага дэпартамэнту палітычных навук. Аўтар двух раманаў: "Параноя" (2009, АСТ), "Сцюдзёны вырай" (2011, 34mag.net).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG