Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяздомныя студэнты


Каля 30 працэнтаў іншагародніх студэнтаў у Беларусі ня маюць месца ў інтэрнатах. Сёньня яны ды іхныя бацькі шукаюць жытло ў гаспадароў прыватных кватэр. Валютны крызіс абцяжарыў праблему: уласьнікі жытла выстаўляюць цэны ў валюце альбо паводле курсу «чорнага рынку».

МЕНСК


На праспэкце Пераможцаў дэмантуюць інтэрнат БДУ на 600 месцаў

Якраз у гэтыя дні ў Менску на праспэкце Пераможцаў, 9 ідзе дэмантаж былога інтэрнату № 4, дзе раней жылі студэнты юрыдычнага каледжу і факультэту даўнівэрсытэцкай адукацыі. У Менгарвыканкаме вызначана, што на месцы студэнцкага інтэрнату пабудуюць буйны гандлёвы комплекс з гатэлем і сыстэмай паркінгаў.

Для ўлады лепш прадаць „залатую“ пляцоўку, чым дапамагчы студэнтам.
Кіраўнік камісіі АГП па адукацыі й навуцы, былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў патлумачыў «Свабодзе», што для ўлады ў крызіс лепш прадаць «залатую», так бы мовіць, пляцоўку, чым дапамагчы студэнтам.

«Калі рэктарам БДУ быў Аляксандар Казулін, а прарэктарам — я, то ўжо тады быў зроблены праект рэканструкцыі гэтага інтэрнату. Мы разумелі, што так званая „хрушчоўка“ дрэнна ўпісвалася ў сучаснае аблічча праспэкту. Іншая справа, што перш чым распачаць рэканструкцыю будынка, трэба было паклапаціцца аб перасяленьні студэнтаў. Аднак гэта ня зроблена і цяпер. Таму я лічу, што гэта — дрэнна.

У наш час 100% студэнтаў БДУ жылі ў інтэрнатах. Цяпер жа сытуацыя горшая. Студэнту здымаць кватэру ў крызіс вельмі дорага. Зразумела, гэта дрэнна».

Адшукаць прапановы й кошты на кватэры ў Менску можна ў аб’явах. Як высьвятляецца, зьняць аднапакаёвую кватэру ў Менску каштуе цяпер ня менш як 100 даляраў; двухпакаёвую — 250$; трохпакаёвую — 350$. Многія ўладальнікі менскай жылплошчы патрабуюць аплату менавіта ў далярах ці па курсе «чорнага рынку».

ВІЦЕБШЧЫНА


Ва ўнівэрсытэце — 5 тысяч іншагародніх студэнтаў, а ў інтэрнатах усяго 1700 месцаў

Прыватная б’ява пра здачу жыльля студэнтам на прыпынку ля Віцебскага дзяржунівэрсытэту.

У інтэрнатах віцебскіх ВНУ ніколі не хапала месцаў, каб забясьпечыць жытлом усіх прыежджых студэнтаў. Так, у Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце навучаецца 5 тысяч студэнтаў, а ў пяці інтэрнатах — усяго 1700 месцаў.

У першую чаргу месцы ў інтэрнатах даюць студэнтам-замежнікам, потым — усім, хто мае нейкія ільготы. Шараговы беларускі студэнт мусіць шукаць жытло сам, распавядае трэцякурсьнік Антон, якому гэтую праблему даводзіцца разьвязваць штогод:

«Я тэлефанаваў, каб зьняць, дык ад 100 даляраў аднапакаёўка ў сярэднім. Зь мінулага году амаль нічога не зьмянілася — вось толькі курс зьмяніўся! У мяне даляраў няма, і я пытаўся, ці возьмуць у беларускіх рублях. Казалі, што возьмуць, але па камэрцыйным курсе. „Па такім, як у валютчыкаў“, кажа мне бабка».
У мяне даляраў няма, і я пытаўся, ці возьмуць у беларускіх рублях. Казалі, што возьмуць, але па камэрцыйным курсе.

Гаспадары кватэр, здаючы іх студэнтам, ня толькі добра арыентуюцца ў зьменах валютнага курсу: паколькі рынак жытла досыць абмежаваны, яны сталі дужа пераборлівыя, кажа Антон:

«Калі пакой здымаеш, то ўжо пачынаецца: «А дзе ты вучысься? А на якія адзнакі?». Калі дзяўчына тэлефануе, часта кажуць: «Ня трэба нам дзевак, такіх-сякіх… Толькі хлопцам здамо!».

Студэнтка-першакурсьніца Тацяна падавала аб’яву, што шукае яшчэ адну дзяўчыну, каб здымаць жытло разам, бо нават за пакойчык у двухпакаёвай кватэры ёй самой плаціць задорага:

«Я ўжо зьняла за 80 даляраў. Але да мяне потым падселіцца яшчэ дзяўчына, каб таньней было здымаць. Інтэрнату няма: у мяне няма ніякіх ільготаў, я не сірата… Але па радыё чула перадачу, што студэнтам, якім не даюць інтэрнат, за кватэру палову будуць кампэнсаваць. Хочацца верыць!».

Тацяна толькі паступіла на першы курс, будзе вучыцца ў мэдычным унівэрсытэце. Ніякай грашовай кампэнсацыі за жытло там не прадугледжана:

«Гэта няпраўда! Не аплочвае ўнівэрсытэт палову кватэры. Там літаральна бывае 7 або 10 тысяч рублёў дапамогі гэтым студэнтам».

«Унівэрсытэт ніякае адказнасьці ў кватэрнай справе сваіх студэнтаў не нясе». Такі адказ давялося пачуць праз тэлефон — адмысловы нумар для ахвотных здаць жытло студэнтам мэдунівэрсытэт падае ў аб’яве, якая трансьлюецца «бягучым радком» на мясцовым тэлеканале.

«Гэта прафсаюз. Прыходзяць студэнты, якія шукаюць кватэры, і мы ім дапамагаем — даем нумары тэлефонаў. А дамаўляецеся зь імі ўжо самі: унівэрсытэт ніякае адказнасьці не нясе ні за студэнтаў, ні за нешта іншае», — распавяла супрацоўніца.

Яшчэ адзін унівэрсытэцкі горад у Віцебскай вобласьці — гэта Наваполацак, там месьціцца Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Усім першакурсьнікам там даюць месца ў інтэрнаце, а потым у пошуках жытла варта спадзявацца толькі на тое, што гэта — не сталічная ВНУ, распавядае адзін з бацькоў, які прывёз сына на вучобу:

«Усім першакурсьнікам жытло даецца без выключэньня. А ўжо з другога курсу — хто лепей займаецца. Ну, калі давядзецца шукаць кватэру, то яны тут будуць таньнейшыя — гэта ж ня Менск і ня Віцебск. Можна будзе ўладкавацца, думаю, за 20–30 даляраў нейкіх, да 50 даляраў, я лічу»…

ГОРАДНЯ


«Кошт аднапакаёвай кватэры для студэнта — $100, але ня ў цэнтры і ня самай зручнай»

У Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы студэнтам першага курсу выдзяляюць толькі дваццаць адсоткаў месцаў у інтэрнатах. «Самых неабароненых і ільготнікаў мы засяляем», — паведамілі ў студэнцкім прафкаме ўнівэрсытэту. А як астатнія, хто прыехаў вучыцца зь іншых мясьцінаў? Колькі ім давядзецца зараз плаціць за кватэру?

Спадар: «Праблема ў тым, што мы не валодаем той інфармацыяй, пра якую суму дамаўляюцца, нас не датычыць. Мы дапамагаем знайсьці людзей, якія бяруць на кватэру, але пра цану яны дамаўляюцца між сабой. Хтосьці просіць у далярах, хтосьці бярэ ў беларускіх паводле курсу, нехта — проста ў беларускіх фіксаваную суму».

Бывае, што жыць на кватэры задорага, а інтэрнат не даюць. Што тады?
Хтосьці можа сабе дазволіць кватэру наймаць, а хтосьці — не, забірае дакумэнты з ВНУ, таму што ня можа наняць кватэру.

«Хтосьці можа сабе дазволіць кватэру наймаць, а хтосьці — не, забірае дакумэнты з ВНУ, таму што ня можа наняць кватэру. Такое бывала і цяпер бывае. Часам бацькі студэнта ня могуць фізычна пацягнуць, зьняць жытло. Нехта пераходзіць на завочнае тады, калі гэта ня першы курс. Ёсьць такія, што акадэмічны бяруць адпачынак на год, каб падзарабіць. Усяляк бывае, нічога не зьмянілася, не пагоршылася ў параўнаньні зь мінулым годам, прынамсі пакуль».

Тым часам мясцовая прэса паведамляе, што ў Горадні, калі вельмі пашанцуе, можна знайсьці аднапакаёвую кватэру нават за сто даляраў, але ня самую выгодную і ня ў цэнтры. Звычайна гаспадары просяць на дваццаць-трыццаць даляраў болей. За сьвятло, газ і ваду студэнту таксама давядзецца плаціць самому. За пакой на дваіх з вас, хутчэй за ўсё, возьмуць па паўсотні, а што да камунальных плацяжоў — як дамовіцеся.

ГОМЕЛЬ


Інтэрнатаў бракуе, а за жытло на кватэры — плаці даляры

Гомельскі дзяржаўны мэдунівэрсытэт
Расстроены бацька разам з дачкой-першакурсьніцай толькі што выйшаў з галоўнага корпусу мэдунівэрсытэту:

«Забіта — няма месцаў наагул. Усё забіта! Будзем дзесьці шукаць кватэру».

Студэнты, якім не пашэнціла з інтэрнатам, часьцяком гуртуюцца ў пошуках жытла. Дапамагаюць аб’явы пра здачу жытла на прыпынках грамадзкага транспарту, у мясцовых рэклямных выданьнях.

Гаворыць трэцякурсьнік, які па аб’яве знайшоў пакой у шматпавярховым доме ў мікрараёне Сонечны:

«Я яшчэ пакуль на кватэры жыву. Даведваесься пра кошт і засяляесься на кватэру, з гаспадаром ці без гаспадара — гэта ўжо як атрымаецца. Потым афармляюцца дакумэнты, што я тут юрыдычна ня маю ніякай плошчы. Далей плачу той кошт, пра які дамовіліся. У сярэднім аднапакаёвая кватэра без гаспадара каштуе ў Гомелі 160 даляраў. Гэта апошняе, што я чуў. У мяне гаспадыня, таму за пакой я 90 даляраў плачу».

Другакурсьніца Марына знайшла сабе кватэру зь сяброўкай непадалёк ад унівэрсытэту — на вуліцы Сялянскай. За першы месяц ужо заплаціла, прычым далярамі — гаспадыня патрабуе плату менавіта ў валюце:
Наша гаспадыня патрабуе, каб плацілі далярамі.

«Мы кватэру здымаем на вуліцы Сялянскай. Плацім удваіх па 40 даляраў. Наша гаспадыня патрабуе, каб плацілі далярамі. Ужо за першы месяц заплаціла».

Валюты ў беларускіх абменьніках ня купіш. Таму выкручваюцца студэнты і іхнія бацькі, як толькі змогуць:

«Проста наш знаёмы паехаў у Расею і з Расеі даляры прывёз».

Па словах суразмоўніцы, пэрспэктыва ўладкаваньня ў інтэрнат даволі цьмяная — месцы там найперш атрымліваюць тыя студэнты, якія маюць ільготы. Хтосьці з шматдзетнай сям’і, кагосьці ўладкоўваюць з прычыны страты кармільца — бацькі, напрыклад.

Бракуе месцаў для іншагародніх студэнтаў і ў інтэрнатах дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны.

Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Апавядае студэнтка факультэту замежных моваў, якая з уласнага досьведу ведае пра кошты жытла ў абласным цэнтры:

«У сярэднім у Гомелі 50 даляраў бяруць з чалавека. Мы ў знаёмых жытло знайшлі і плацім па 35 даляраў. І камунальныя паслугі яшчэ. Беларускія рублі ніхто ня хоча браць, бо курс расьце. Шмат людзей у нас прэтэндуе на інтэрнат — чарга вялікая».

Даведка «Свабоды»

Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі, у папярэднім навучальным годзе ў беларускіх ВНУ навучаліся 125,6 тысячы іншагародніх. Зь іх 103 тысячы мелі патрэбу ў інтэрнатах. Усяго ў ВНУ краіны забясьпечана месцамі ў інтэрнатах каля 74 тысяч студэнтаў. Гэта — толькі 71,8% ад усіх, хто мае такую патрэбу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG