Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын за бацьку


Акцыя салідарнасьці зь Бяляцкім у Менску
Акцыя салідарнасьці зь Бяляцкім у Менску
23 жніўня ў Менску спэцназаўцы затрымалі праваабаронцаў, якія на Кастрычніцкай плошчы правялі акцыю «Свабоду Алесю Бяляцкаму!». Сёньня ж у Цэнтральным судзе быў аштрафаваны сын Алеся Бяляцкага Адам-Дамінік, якога затрымалі падчас акцыі «Стоп-бэнзін» 22 жніўня.

Шасьцёра праваабаронцаў і актывістаў — Зьміцер Салаўёў, Алег Мацкевіч, Вікторыя Равінская, Марына Статкевіч, Алена Лапцёнак і Алесь Абрамовіч — прыкладна а 14-й гадзіне пачалі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску раздаваць улёткі з патрабаваньнем вызваліць Алеся Бяляцкага і заклікам падпісаць за яго паручальніцтвы. На іх былі чорныя майкі з партрэтам арыштаванага праваабаронцы і надпісам: «Свабоду Алесю Бяляцкаму». Зьміцер Салаўёў з Наваполацку так патлумачыў мэты акцыі:

«Мы раздаем улёткі з заклікам падтрымаць Алеся Бяляцкага, які цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні, і падпісаць за яго паручальніцтвы. Бо мы лічым, што Алесь Бяляцкі павінен быць на волі. Ён нічога крымінальнага не рабіў. Гэта проста памылка. Гэта ціск на праваабаронцаў. Бяляцкі — вельмі паважаны чалавек у Беларусі і ў сьвеце. Ён дапамагаў палітвязьням. Ён наймаў адвакатаў, дапамагаў сем’ям палітвязьняў, дапамагаў рэпрэсаваным, каго затрымалі і прысудзілі штраф. Я лічу, што гэта вельмі няправільна, што ён знаходзіцца на «Валадарцы».

На акцыю Зьміцер Салаўёў выйшаў пасьля допыту па справе Бяляцкага ва ўпраўленьні Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю па Менскай вобласьці.

«На жаль, я няшмат магу сказаць, бо мы з адвакатам далі падпіску аб неразгалошваньні. Справа зачыненая. Магу толькі сказаць, што я быў на допыце. Мяне туды выклікала старшы лейтэнант фінансавай міліцыі спадарыня Касынкіна».

Яшчэ адзін удзельнік акцыі, Алесь Абрамовіч з Барысава, сказаў:
Гэта вельмі сумленны праваабаронца. Ніякага злачынства ён не рабіў, гэта ўсё нагаворы ўлады.

«Я патрабую ад уладаў неадкладнага вызваленьня Алеся Бяляцкага. і дзеля гэтага распаўсюджваю ўлёткі, дзе зьмяшчаецца заклік да яго вызваленьня. Бо гэта вельмі сумленны праваабаронца. Ніякага злачынства ён не рабіў, гэта ўсё нагаворы ўлады. Свабоду Алесю Бяляцкаму!».

Акцыя цягнулася некалькі хвілін. Праваабаронцы раздавалі мінакам улёткі, нават калі спэцназаўцы вялі іх у пастарунак на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Потым затрыманых адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.

Сёньня ж у Цэнтральным судзе Менску судзілі сына Алеся Бяляцкага Адама-Дамініка, якога затрымалі падчас акцыі «Стоп-бэнзін» 22 жніўня. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве — нецэнзурнай лаянцы. Адам патлумачыў, што аўтамабіль, на якім ён ехаў дахаты, заглух непадалёк ад плошчы Перамогі. Аўтамабіль забраў эвакуатар. А на кіроўцу надзелі кайданкі і адвезьлі ў пастарунак, дзе ён правёў ноч. Адвакат адзначыла працэсуальныя парушэньні, бо пратакол быў складзены толькі на другі дзень, 23 жніўня, і патрабавала спыніць справу. Хадайніцтвы аб выкліку капітана міліцыі Пахольчыка і прадстаўленьня відэазапісаў, якія вяліся падчас затрыманьня, судзьдзя не задаволіў. Ён аштрафаваў Адама Бяляцкага на 350 тысяч рублёў. Адам сваёй віны не прызнаў.
Калі нават скручвалі, не дазваляў сабе нават віскнуць, каб выпадкова не падумалі, што мацюгаюся.

«Такіх абвінавачваньняў я чакаў, бо, гледзячы на мінулыя акцыі, звычайна так і атрымлівалася, што вінавацілі ў лаянцы матам. Канечне, я гэтага не рабіў. Калі нават скручвалі, не дазваляў сабе нават віскнуць, каб выпадкова не падумалі, што мацюгаюся. Тым ня менш гэта ўсё роўна запісалі. Гэта ўсё загады зьверху».

Вядома, што затрыманы аўтамабіль належаў Алесю Бяляцкаму. Паводле праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча, затрыманьне сына — гэта псыхалягічны ціск на Алеся Бяляцкага.

«Адзіны затрыманы пасьля ўчорашняй акцыі — гэта Адам Бяляцкі. Выключна таму, што ён сын Алеся. І гэта таксама адзін з мэханізмаў для таго, каб зламаць спадара Бяляцкага, паказаць яму, што ягоная сям’я можа таксама трапіць пад рэпрэсіі ў выпадку, калі ён ня будзе схіляцца на супрацоўніцтва са сьледзтвам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG