Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха Трыпалі


Кадафі паў. Нарэшце. Калі напрыканцы сакавіка апэрацыя заходніх краін у Лібіі толькі пачалася, многія меркавалі, што справа вырашыцца за месяц. Спатрэбілася паўгода. На некаторых этапах кампаніі здавалася, што яна зайшла ў тупік, што навідавоку – палітычны пат. Але мэта дасягнутая.

Гледзячы па ўсім, ад пачатку была моцна перабольшаная сіла паўстанцаў. Лічылася, што справа толькі ў авіяцыі Кадафі, якая не давала ім падняць галаву. Аказалася, што ўсё больш складана, нават у чыста ваенным пляне. І ў неваенным таксама. Ісламісты, у тым ліку і вэтэраны вайны з амэрыканцамі ў Аўганістане, у лібійскім супраціве былі пэрсанажамі не галоўнымі, але і не апошнімі.

З пэўнага гледзішча вайна стала сьведчаньнем ваеннай дэградацыі Эўропы, упершыню за шмат гадоў амэрыканцы сьвядома былі на другіх ролях. Можа і непаліткарэктнае параўнаньне,
Ад пачатку была моцна перабольшаная сіла паўстанцаў.

але 60 гадоў таму Ромэль з дзьвюма дывізіямі плюс дапаможныя часткі ганяў па ўсім афрыканскім узьбярэжжы Міжземнамор'я магутную брытанскую армію, а мясцовыя сілы – папярэднікі войска Кадафі – былі для яго наагул нечым кшталту цяжкасьцяў ляндшафту. А тут сілы грандаў эўрапейскай палітыкі з дапамогай амэрыканцаў 6 месяцаў не маглі даць рады нейкаму афрыканскаму бандыту.

Зразумела, можна сказаць, што гэта была гэткая паўвайна, НАТО так і не перайшло да поўнамаштабнай наземнай апэрацыі. Гэта выклікала перасьцярогі падчас кампаніі, была рызыка, што Захад можа атрымаць усе хібы паразы ў вайне, вядучы яе напаўсілы.

Хаця цяпер, пасьля перамогі, што каштоўна само па сабе, ён атрымлівае хаця б тую перавагу, што ня трэба будзе браць на сябе цяжар акупацыі і плаціць ня толькі грашыма, але і кроўю.

Ужо якая там дэмакратыя ўсталюецца ў Лібіі – гэта вялікае пытаньне, гледзячы па досьведу Эгіпту і Тунісу – своеасаблівая, скажам так. Але гэта пытаньне заўтрашняга дня.

А цяпер навідавоку гармонія паміж высакароднымі мэтамі і рэчаіснасьцю: узьнялі зброю для абароны мірнага насельніцтва – атрымалі скіданьне тыраніі.

І гэтае натхненьне перамогі можа спарадзіць даволі гучнае міжнароднае рэха. Досьвед Эгіпту і
Ня выключана, што лібійскі досьвед будзе проста паўтораны ў Сірыі.

Тунісу навучыў аўтарытарных ўладароў, што за ўладу трэба трымацца да апошняга. Але досьвед Лібіі – таксама ўрок ім у тым сэнсе, што ў трыманьні трэба захоўваць пэўную памяркоўнасьць. Зь іншага боку, ня выключана, што лібійскі досьвед будзе проста паўтораны ў Сірыі. Калі гэта працуе, хаця і больш павольна, чым хацелася б, то чаму б і не?

Гэтае лібійскае рэха абяцае шмат выпрабаваньняў і афіцыйнаму Менску. Па-першае, псыхалягічна – быў Кадафі і няма яго. Па-другое – тое, што апошнія паўгода вайна ў Лібіі адцягвала ўвагу Эўропы ад падзеяў у іншых рэгіёнах, напрыклад, у Беларусі. А зараз ня будзе адцягваць. Ну і па-трэцяе – імпэт перамогі. Тут вельмі важны той чыньнік, што ў лібійскай кампаніі ключавую ролю адыгрывала менавіта Эўропа.

Ня ў тым справа, што зараз пачнуць бамбаваць Лукашэнку, як бамбавалі Кадафі. Не пачнуць. Але ціск можа ўзмацніцца і хутчэй за ўсё так і будзе. І пытаньне пра больш жорсткія эканамічныя санкцыі можа вырашацца пасьля падзеньня Трыпалі значна лягчэй, чым вырашалася да гэтага.

Зь нейкага гледзішча ў канфлікце ЭЗ з афіцыйным Менскам цяпер таксама назіраецца тупік, у нечым падобны на той, які назіраўся (ці здаваўся) апошнія месяцы ў Лібіі. Пра тое, што палітвязьні ў Беларусі – гэта непрымальна, было сказана амаль адразу пасьля 19 сьнежня. Былі зробленыя адпаведныя крокі. Прайшло 8 месяцаў, а палітвязьні застаюцца ў турме. Як 6 месяцаў пасьля пачатку кампаніі ў Лібіі Муамар Кадафі заставаўся ва ўладзе. Але ў рэшце рэшт высілкі прынесьлі плён. У гісторыі нічога не паўтараецца, але няцяжка здагадацца, якую выснову хутчэй за ўсё зробяць пераможцы Кадафі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG