Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дапамагчы палітвязьням?


На форуме праваабаронцаў.
На форуме праваабаронцаў.
Сёньня ў Магілёве з ініцыятывы аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» адбыўся праваабарончы форум. На ім палітыкі, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў й праваабаронцы абмяркоўвалі, як дапамагчы палітвязьням.

15 палітвязьняў, у тым ліку двое актывістаў, асуджаных па «справе анархістаў», адбываюць пакараньні ў калёніях Магілёўшчыны. Гэта палова ўсіх асуджаных палітвязьняў Беларусі. Бацькі трох зьняволеных былі на форуме. У грамадзкі цэнтар «Кола», дзе ён праходзіў, прыехалі маці й жонка Дзьмітрыя Буланава, бацька Ільлі Васілевіча ды бабуля Яўгена Васьковіча.

«Ратуйце нашых дзяцей» — гучала ў кожным звароце сваякоў да ўдзельнікаў форуму.

Маці й жонка Дзьмітрыя Буланава
Бацька Ільлі Васілевіча
Наста Палажанка й Віталь Рымашэўскі
Маці Дзьмітрыя Буланава Клаўдзія Якаўлеўна: «Што адбываецца з маім сынам, мы ня ведаем. У якія ўмовы ён трапіў, якое там мэдычнае абслугоўваньне. Галоўнае для мяне — выцягнуць сына з калёніі. Яму там ня месца. Гэта не ягонае асяродзьдзе. У яго зусім іншыя мэты й інтарэсы. Мне адзінага хочацца, каб людзі неяк арганізаваліся й маглі дапамагчы вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку й майго сына».

Дзьмітры Буланаў адбывае двухгадовае пакараньне ў пятнаццатай папраўчай калёніі Магілёва. Ільля Васілевіч — трохгадовае — у дзевятнаццатай.

Бацька Ільлі Васілевіча Леанід: «Я прапанаваў бы тым людзям, ад якіх, відаць, гэта залежыць, даць нейкую дазваляльную візу гэтаму хлопцу, на тое, каб ён напісаў хадайніцтва аб памілаваньні. Каб дазволілі яму напісаць гэта. Ён дужа патрэбны тут здаровым, а ня там хворым. Каб гэта потым не выглядала збоку неяк няправільна й неэтычна».

Зусім няма вестак пра зьняволенага ў горацкай турме № 9 лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, казала Наста Палажанка. Адміністрацыя не дазваляе адвакату сустрэцца з маладафронтаўцам:

«Я буду патрабаваць завядзеньня крымінальнай справы на кіраўніка калёніі і яго намесьніка за парушэньне правоў Дашкевіча. За рэгулярны нядопуск адваката. Я зраблю ўсё магчымае, каб гэтыя людзі адчувалі, што іх беззаконьне — пэрсанальнае. І тут абсалютна няважна, хто дае загады на зьнішчэньне людзей у турмах».

Аб дапамозе прасіла грамаду і бабуля сябра БХД Яўгена Васьковіча Тамара Віктараўна: «Унуку не дазваляюць карыстацца Бібліяй. З-за яе ўнук трапіў у карцэр. Не прымаюць у перадачах і падручнік ангельскай мовы». Сядзіць хлопец у дзевятнаццатай калёніі.

За тры гадзіны працы ўдзельнікі форуму дамовіліся стварыць праваабарончую камісію, якая зоймецца каардынацыяй працы ў рэгіёне ўсіх арганізацыяў, якія займаюцца палітвязьнямі. Паводле сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага, працаваць камісія будзе ў трох кірунках:

«Гэта будзе дапамога сваякам, палітвязьням, гэта кантроль над карнікамі, гэта інфармацыйная кампанія. Спадзяюся, што гэта будзе новы штуршок для разьвіцьця мясцовай ініцыятывы ў справе салідарнасьці. Беларусы павінны вучыцца бараніць адзін аднаго».

Канкрэтны фармат дапамогі палітвязьням калёніяў Магілёўшчыны будзе агучаны пазьней. Яго мае скласьці праваабарончая камісія. Адказнасьць за гэта ўзяла на сябе кааліцыя дэмакратычных сіл Магілёўшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG